Кнігарні баяцца вымірання

2008 2008-09-26T13:28:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У беларускіх кнігарнях пераважная большасць літаратуры прадстаўлена расійскімі выданнямі. А колькасць беларускамоўнай літаратуры ідзе на адзінкі. Як распавяла "Народнай волі" дырэктар Дома кнігі "Веды" Таццяна Клімовіч, на паліцах нашых крам у чатыры разы менш літаратуры беларускай вытворчасці, чым расійскіх кніг, дапаможнікаў, альбомаў і падручнікаў. "Суадносіны кніжнай прадукцыі ў нашай краме прыкладна такія: 75% расійскіх выданняў і 25% беларускіх, — паведаміла Таццяна Клімовіч. — А літаратуры на беларускай мове добра калі набярэцца 3—4%. І так амаль ва ўсіх беларускіх крамах".

На пытанне "Чаму?" супрацоўнікі кнігарань разводзяць рукамі. Беларускія кнігарні зусім не супраць рэалізоўваць айчынныя кнігі. І попыт на беларускія кнігі ёсць. Часта просяць класіку: Быкава, Караткевіча, Шамякіна. А альбом "Спадчына Беларусі" ў "Ведах" прадалі 1000 раз. Але нават правераныя часам аўтары, папулярныя выданні выпускаюцца не больш аднаго разу ў год.

"Калі б не камерцыйныя выдавецтвы, то на нашых паліцах беларускай літаратуры было б яшчэ менш, — адзначыла Таццяна Клімовіч. — Таму што дзяржаўныя выдавецтвы не часта радуюць нас выпускам новых кніг або перавыданнем старых. Тэматычны план выдавецтва "Мастацкая літаратура", якое сёння займае першае месца па выпуску беларускай літаратуры, складае 50—60 кніг у год. Прычым трэць з іх у выніку не выходзіць, а адкладваецца на наступны год".

Праблема не толькі ў выдавецтвах, але і ў адсутнасці якаснай беларускамоўнай літаратуры.

"У нас жа ніхто не піша кніг аб Вялікай Айчыннай вайне, — расказала Клімовіч. — Большасць кніг па гісторыі ў нашай краме — ад рускіх аўтараў. Я ўжо не гавару пра спецыяльную літаратуру. У нас проста не выпускаюцца падручнікі і даведнікі па юрыспрудэнцыі, банкаўскай справе, гандлі, экалагічным праве. Калі расійскія аўтары сотнямі выпускаюць дэтэктывы, раманы, то масавай літаратуры беларускага паходжання мы можам радавацца пару раз на год".

Таму і палохае кнігарні зацверджаная ўрадам Праграма імпартазамяшчэння, якая рэкамендуе скараціць прысутнасць замежных тавараў на прылаўках да 30%. Калі кнігарні будуць пастаўленыя ў абавязковыя ўмовы існавання з продажу ў асноўным беларускіх выданняў, то яны могуць знікнуць, як маманты.

"Мы проста не выжывем у такіх умовах, — паскардзілася Таццяна Клімовіч. — І спажыўцы таксама пацерпяць. Па-першае, стане цяжка дастаць неабходную літаратуру. Большасці выданняў, якія выходзяць у Расіі і іншых краінах, у Беларусі проста няма аналагаў. Чым можна замяніць Оксфардаўскі слоўнік?.. Па-другое, кошты на расійскія кнігі ўзрастуць у паўтара раза.

Аб якой арыентацыі на беларускія выданні можа ісці размова, калі мы гандлюем расійскімі паштоўкамі і календарамі? Няўжо так складана наладзіць выхад беларускіх паштовак? Чаму расійскія выдавецтвы ўжо ў жніўні выпусцілі шмат календароў на 2009 год, а беларускі каляндар у нас сёння толькі адзін у продажы?"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international