Канфлікт на факультэце журналістыкі БДУ працягваецца

2005 2005-06-09T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па звестках Радыё Свабода, студэнты просяць рэктара БДУ і міністра адукацыі “праэкзамэнаваць” дэкана факультэта журналістыкі: 8 чэрвеня студэнткі завочнага аддзяленьня журфаку БДУ Алена Андрэева і Ганна Кавалёва перадалі рэктару гэтай навучальнай установы Васілю Стражаву і міністру адукацыі Аляксандру Радзькову скаргу на дзеяньні дэкана журфаку Сяргея Дубовіка. Тыдзень таму дэкан адмовіўся прымаць у навучэнак залік на той падставе, што, маўляў, яны “маральна не гатовыя” здаваць прадмет. Самі студэнткі перакананыя, што такім чынам ён адпомсьціў за ініцыяваную імі кампанію збору подпісаў у справе аднаўленьня на факультэце іхнай аднакурсьніцы і журналісткі “Народнай волі” Вольгі Класкоўскай. За супрацьстаяньнем сочыць карэспандэнт Свабоды.

У заяве на імя рэктара БДУ Васіля Стражава і міністра адукацыі Аляксандра Радзькова студэнткі пішуць, што дзеяньні дэкана факультэта журналістыкі Сяргея Дубовіка “неправамоцныя, парушаюць правы студэнтаў і пагражаюць стратаю магчымасьці атрымаць вышэйшую адукацыю”. Абедзьве падпісанткі лічаць, што іхная грамадзкая актыўнасьць не павінна стаць падставай да дыскрымінацыйных захадаў з боку кіраўніцтва факультэта.

У Алены Андрэевай раней ужо былі некалькі размоваў з дэканам і ягонымі намесьніцамі, і студэнтка перакананая: у кіраўніцтва журфаку ёсьць вялікае жаданьне ад такіх “актывістаў” у далейшым пазбаўляцца: “Яны сказалі, што я прыношу на факультэт толькі палітыку: учора была ў кашулі “Украіна”, сёньня з выявай Марыніча. Гэта, маўляў, палітызацыя, якой ва ўнівэрсытэце не павінна быць. Пасля дадалі, што я навяла паклёп на факультэт, і за любую хлусьню магу быць адлічаная – хлусьню ва ўнівэрсытэце не вітаюць”.

Вось як камэнтуе канфліктную сытуацыю сам дэкан журфаку Сяргей Дубовік: “Што тычыцца Андрэевай, то мы зь ёй дзесьці гадзіну сядзелі, размаўлялі. Але гляджу, ёй хоць кол на галаве тачы, яна нічога не разумее. Толькі адно на языку: у гэтай краіне нельга вучыцца, тут нельга працаваць, у нас няма ніякіх СМІ, ёсьць толькі прапаганда і контарпрапаганда. Вось уся пазыцыя гэтай студэнткі. Я разумею, што ёй нічога і не застаецца рабіць, бо ўсе гэтыя падпісанты, якія падпісаліся пад заявай, зараз кажуць, што яна іх падманула. Яны ж ня ў курсе справаў, перш за ўсё, па Класкоўскай. А Класкоўская ў гэтай гісторыі толькі “нагода”.

Як апавяла Алена Андрэева, ініцыятарка збору подпісаў за аднаўленьне на журфаку Вольгі Класкоўскай, пасьля выклікаў у дэканат сапраўды шасцёра з 13 студэнтаў адклікалі свае подпісы. Якія мэтады “ушчуваньня” студэнтаў ужываў кіраўнік факультэту, як кажа Андрэева, можна толькі здагадвацца.

Між тым, у сваёй заяве міністру адукацыі Аляксандру Радзькову і рэктару БДУ Васілю Стражаву студэнткі-трэцякурсьніцы Алена Андрэева і Ганна Кавалёва просяць дасканала праверыць усе спрэчныя факты і зрабіць адпаведныя захады на аднаўленьне правоў студэнтаў дзеля атрыманьня вышэйшай адукацыі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international