Суды адмовіліся разглядаць скаргу з нагоды фармавання ўчастковых камісій

2008 2008-09-25T19:34:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

25 верасня судовая калегія па грамадзянскіх справах Менскага гарадскога суда ў складзе старшынствуючай Будоўскай О.З., суддзяў Лазавіковай І.У. і Леанавіч Е.У. разгледзела прыватную скаргу палітрады АГП, праваабаронцы Гары Паганяйлы ў якасці назіральніка па Старавіленскай выбарчай акрузе №105, Аксаны Крышчановіч і Аляксандра Сяргеенкі - сяброў АГП, вылучаных у склады ўчастковых выбарчых камісій.

У прыватнай скарзе заяўнікі аспрэчвалі законнасць азначэння суда Цэнтральнага раёна г. Менска аб адмове ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы (суддзя Ясеновіч Л.З.). У суд Цэнтральнага раёна яны раней накіроўвалі скаргу аб незаконнасці фармавання ўчастковых выбарчых камісій Адміністрацыяй Цэнтральнага раёна Менска. У скарзе было адзначана, што ва ўчастковыя выбарчыя камісіі прадстаўнікі АГП не былі ўключаныя, прычым не толькі ў Цэнтральным раёне. У іх склад па Менску не ўвайшоў ні адзін з 151 дэлегаванага прадстаўніка АГП, а ад палітычных партый уключаныя толькі 4 прадстаўнікі (1 - БНФ, 3 - ПКБ), што складае 0,04% ад агульнага ліку асобаў, якія ўвайшлі ў склады ўчастковых камісій.

У скарзе заяўнікі спасылаліся на тое, што дадзенае рашэнне прынята насуперак патрабаванням Канстытуцыі, іншага заканадаўства, якія гарантуюць права на судовую абарону. Акрамя таго, у якасці аргументаў заяўнікі спаслаліся на пэўныя рашэнні Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь і яго штогадовыя пасланні, у якіх права на судовую абарону вызначаецца як адно з асноватворных канстытуцыйных правоў грамадзян прававой і дэмакратычнай дзяржавы. Гэтыя прадпісанні Канстытуцыйнага суда наўпрост адрасуюцца да суддзяў Беларусі, якія нярэдка ў сваёй практыцы дадзеныя правы ігнаруюць. Прадстаўнікі АГП і праваабаронцы практыку адмоваў суддзяў у правасуддзі расцэньваюць як палітычна матываваную, якая парушае прынцып незалежнасці суддзяў, а самі рашэнні - загадзя неправасуднымі. Аднак вышэйстаячая судовая інстанцыя пацвердзіла законнасць падобнай практыкі, а скаргу заяўнікоў пакінула без задавальнення.

Судовая калегія пагадзілася з довадамі, прыведзенымі ў азначэнні суда Цэнтральнага раёна аб тым, што Выбарчы кодэкс Беларусі не прадугледжвае судовы парадак абскарджання рашэнняў мясцовых органаў улады і самакіравання па фармаванні выбарчых камісій. "Між тым, артыкул 2 ІЧ наўпрост указвае на тое, што прававую аснову выбарчай сістэмы Рэспублікі Беларусь складаюць. найперш, Канстытуцыя, Выбарчы кодэкс, а таксама іншыя акты заканадаўства, пастановы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Указаныя вышэй судовыя пастановы, якія праігнаравалі прадпісанні законаў, лягуць у аснову высноваў назіральнікаў аб недэмакратычнасці выбараў у Беларусі", - заявіў Гары Паганяйла.

Улічваючы важнасць судовых працэдур сярод механізмаў кантролю за законнасцю выбарчага працэсу, заяўнікі маюць намер працягнуць абскарджанне дадзенай сітуацыі ў судах нагляднай інстанцыі. Не выключана, што адмова ў правасуддзі, якая парушае абавязальніцтвы Беларусі па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, будзе прадстаўлены ў выглядзе індывідуальных скарг грамадзян супраць Рэспублікі Беларусь у Камітэце па правах чалавека ААН.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international