viasna on patreon

Менск: «Усё немагчымае магчыма» - для агітацыі за ўладных кандыдатаў

2008 2008-09-24T17:14:29+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Выступы на радыё і тэлебачанні, публікацыя перадвыбарчых праграмаў у афіцыйнай прэсе – ці ні адзінае, у чым апазіцыйныя і незалежныя кандыдаты змаглі адчуць сябе на роўных з прадстаўнікамі ад улады падчас агітацыйнай кампаніі. Як высвятляецца, магчымасці першых і пры арганізацыі сустрэчаў з выбаршчыкамі, і пры распаўсюдзе агітацыйных матэрыялаў дастаткова абмежаваныя. Іх "афіцыйныя" канкурэнты, партрэты якіх у большасці сваёй вельмі вылучаюцца на агульным фоне агітстэндаў памерамі і якасцю, нібыта нагадваюць, "хто ў палаце гаспадар".   

Пры наведванні выбарчых участкаў назіраецца прыблізна тая ж карціна. Напрыклад, на участках Паўднёва-Заходняй выбарчай акругі №99 паўсюдна на сталах ці сценах дэманструецца агульны плакат кандыдатаў па акрузе і – вялікі каляровы партрэт С.Д. Шылавай з яе праграмай. Пры гэтым сябры участковых камісіяў актыўна агітуюць за гэтую кандыдатку, распавядаюць, якой цудоўнай і разумнай з'яўляецца галоўная акушэр-гінеколаг краіны. У размове з выбаршчыкамі яны дадаюць, што з іншымі кандыдатамі не знаёмыя і свае праграмы тыя ў камісію не прадаставілі.

У агітацыі кандыдатам ад улады дапамагаюць не толькі сябры участковых камісіяў. Тым жа займаюцца і педагагічныя калектывы ў пары з раённым кіраўніцтвам. Напрыклад, у школах  Партызанскага раёна праводзяцца бацькоўскія сходы, на якіх прысутнічаюць прадстаўнікі адміністрацыі, што агітуюць за кандыдата ў дэпутаты па 110-ай акрузе, дырэктара прафтэхвучылішча Т.Г. Шчэрбацэвіч. Іншыя кандыдаты не маюць магчымасцяў трапіць на такія сходы.

Ніяк не можа сустрэцца з выбаршчыкамі кандыдат па Каліноўскай акрузе №108 Віктар Янчурэвіч. Нягледзячы на дазвол адміністрацыі на правядзенне сустрэчы ў ЖЭС №35, маладому кандыдату Янчурэвічу прыйшла адмова ад ЖЭСа - нібыта ў сувязі з рамонтам. Рамонта на самой справе не было. Кандыдат звярнуўся ў акруговую камісію, дзе абяцалі дапамагчы, але ж... Безвыніковымі засталіся і спробы гэтага кандыдата сустрэцца з выбаршчыкамі ў памяшканні раённай адміністрацыі. У той час яго канкурэнту па акрузе М.С. Казаку адміністрацыя такую магчымасць прадаставіла. Не прамінуў галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі скарыстаць і свае службовыя магчымасці з уласнай мэтай. Так, сваю сустрэчу з супрацоўнікамі Акадэміі навук ён праводзіў 16 верасня ў працоўны час – з 10.00 да 11.00.

У кандыдата па Кастрычніцкай акрузе №97 А.В. Бакуліна таксама ўзніклі цяжкасці з арганізацыяй сустрэчы з выбаршчыкамі. Ён звярнуўся да дырэктара ДК "Інтэграл" за дазволам правесці сустрэчу ў яго памяшканні.  Гэтым дырэктарам аказаўся ягоны канкурэнт – А.М. Казлоў, які, зразумела, адмовіў у прадастаўленні памяшкання. Бакулін паспрабаваў таксама правесці сустрэчы ў інтэрнатах НВА "Інтэграл", але яму ізноў адмовілі, а ў інтэрнат на Казінца, 89/2 нават не пусцілі, паведамілі, што ўвесь інтэрнат будзе галасаваць за Казлова.

Па словах кандыдатаў, сустрэчы, якія атрымалася наладзіць  у ЖЭСах, нельга назваць шматлюднымі. Работнікі ЖЭСаў на запытанні грамадзянаў адказваюць, што не ведаюць ні пра якія сустрэчы. Пра гэта, напрыклад, паведамілі выбаршчыкі са 109-ай Уручскай акругі. На сустрэчы ў ЖЭСе з кандыдатамі па Ясенінскай акрузе В.А. Свяцкай і І.В. Карпенка, якую  арганізавала 100-ая акруговая камісія, прысутнічала каля 70 чалавек. Але, як заўважылі многія прысутныя, сярод іх было шмат прадстаўнікоў кіраўніцтва ўчастковых выбарчых камісіяў, якія паводзілі сябе некарэктна, нават па-хамску.

Кандыдатаў ад улады актыўна рэкламуе гарадская прэса. Афіцыйныя выданні вельмі ўпадабалі В.С. Леоненка, кандыдата ў дэпутаты па Купалаўскай акрузе №95, якая з'яўляецца дацэнтам кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі БДТУ. У "Мінскім кур'еры" за мінулы тыдзень выйшлі публікацыі пра двух "выбітных кандыдатаў" - А.М. Казлова і М.С. Казака.

Працягваюць працу на карысць уладных кандыдатаў і выданні мясцовых адміністрацыяў. Так, на мінулым тыдні ў буйнейшых крамах Савецкага раёна бясплатна распаўсюджваўся "Вестник Советского района" з публікацыямі перадвыбарчых матэрыялаў двух уладных кандыдатаў – Палянскай (106-ая Коласаўская акруга) і Бусько (107-ая Усходняя акруга). Гэты нумар газеты  выгодна адрозніваецца ад "звычайных" яе нумароў. Ён выглядае вельмі прэзентабельна, бо выйшаў каляровым, а галоўнае –  накладам у 15 000 асобнікаў. Трэба адзначыць, што  гэты наклад ў 15 разоў перавышае наклад папярэдняга нумару "Вестника Советского района", дзе публікавалася інфармацыя пра склад участковых камісіяў. Супрацоўніца ідэалагічнага аддзела адміністрацыі раёна С. Дрэбезава патлумачыла факт выдання такога нумару просьбай кандыдатаў. Але пры гэтым яна не звярнула ўвагі на фактычную няроўнасць: каб азнаёміцца з праграмамі іншых кандыдатаў, апублікаванымі ў іншых выданнях, выбаршчыку трэба набываць іх за грошы.  

“Правабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства