Праваабаронцы заяўляюць аб "тыповых парушэннях" у ходзе датэрміновага галасавання

2008 2008-09-24T15:58:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праходзіць з тыповымі парушэннямі. Аб гэтым паведаміў БелаПАН адзін з каардынатараў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Валянцін Стэфановіч.

Нагадаем, датэрміновае галасаванне пачалося 23 верасня. Паводле даных Цэнтральнай выбарчай камісіі, у першы дзень выбарчыя ўчасткі наведалі 2,7% беларускіх выбаршчыкаў. У Брэсцкай вобласці прагаласавала 2,2% выбаршчыкаў, Віцебскай — 3,1%, Гомельскай — 3,1%, Гродзенскай — 2,5%, Мінскай — 3%, Магілёўскай — 2,6% і ў Мінску — 2,3%.

У ліку парушэнняў В.Стэфановіч адзначыў немагчымасць атрымання назіральнікамі якой-небудзь інфармацыі ад членаў участковых выбарчых камісій. "Нашым назіральнікам не паведамляюць, колькі бюлетэняў было дастаўлена на выбарчыя ўчасткі, колькі чалавек уключана ў спісы для галасавання, колькі прагаласавала ў першы дзень датэрміновага галасавання. Здаралася, калі скрыні для датэрміновага галасавання былі апячатаны "ўсляпую" — скрыня перад апячатваннем не была адчынена і прад'яўлена для агляду членам участковай выбарчай камісіі", — паведаміў Стэфановіч. Паводле яго слоў, інфармацыю аб колькасці грамадзян, якія прагаласавалі датэрмінова, праваабаронцы могуць атрымліваць толькі з афіцыйных паведамленняў ЦВК.

Апрача таго, назіральнікі фіксуюць факты прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, паведаміў В.Стэфановіч. "Шмат сігналаў аб тым, што студэнтаў "добраахвотна-прымусова" просяць прагаласаваць датэрмінова. Такія настойлівыя "просьбы" матывуюць рознымі падставамі: маўляў, жыльцам інтэрнатаў, якія прагаласуюць датэрмінова, у суботу, 27 верасня, будзе прадастаўлены выхадны дзень для таго, каб з'ездзіць дадому. Гаворку вядуць аб "гонары факультэтаў", аб тым, што ў выніку датэрміновага галасавання факультэтам будзе лепш. Чыстай вады папулізм", — пракаментаваў В.Стэфановіч.

Ён зазначыў, што аналагічная сітуацыя назіралася ў ходзе парламенцкіх выбараў 2004 года і прэзідэнцкіх — 2006-га.

Цяпер рыхтуецца чарговы прамежкавы даклад аб выяўленых парушэннях. Канчатковую выснову наконт сумленнасці і празрыстасці выбарчай кампаніі праваабаронцы абнародуюць пасля асноўнага дня галасавання (28 верасня), паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international