Капыль: Суд не стаў разглядаць скаргу аб парушэннях пры фармаванні камісій

2008 2008-09-23T00:33:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

22 верасня Судовая калегія па грамадзянскіх справах Менскага абласнога суда разгледзела скаргу назіральніка БХК Віктара Дашкевіча на вызначэнне суда Капыльскага раёна аб адмове ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы аб незаконнасці рашэнняў Капыльскага райвыканкама па фармаванні ўчастковых камісій.

Нагадаем, назіральнік БХК Віктар Дашкевіч выявіў, што некаторыя ўчастковыя выбарчыя камісіі былі сфармаваныя з парушэннем парадку, устаноўленага артыкулам 35 Выбарчага кодэкса, а менавіта: у камісіі ад працоўных калектываў былі ўключаныя асобы, не якія маюць да гэтых працоўных калектываў ніякага дачынення.

Органы пракуратуры, куды была накіраваная першасная скарга, пацвердзілі яе абгрунтаванасць і накіравалі ў райвыканкам прадстаўленне аб выпраўленні дапушчаных парушэнняў. Аднак выканкам, у парушэнне патрабаванняў арт. 36 ВК, спачатку вывеў са складу камісій асобаў, якія незаконна былі туды ўведзеныя, а затым сваім рашэннем гэтых жа самых асобаў, але ўжо выкарыстоўваючы іншыя спосабы вылучэння, увёў у склады гэтых жа камісій. Між тым, закон дапускае ўвядзенне ўжо новых сяброў камісій, але не тых, хто сябе скампраметаваў фактам парушэння дзеючага заканадаўства.

Гэтыя акалічнасці і паслужылі падставай для звароту ў суд. Адмаўляючы ва ўзбуджэнні справы, суд спаслаўся на тое, што Выбарчым кодэксам не прадугледжаны судовы парадак абскарджання рашэнняў выканаўчых органаў, якія фармавалі камісіі. Сапраўды, Выбарчы кодэкс такі парадак не ўстанавіў. Але ў такім разе павінны дзейнічаць Канстытуцыя, Закон "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні", нормы Грамадзянскага кодэкса (артыкулы 11, 12), а таксама артыкулы 6, 335, 353-358 ГПК Беларусі.

Заяўнік Віктар Дашкевіч і прадстаўнік БХК Гары Паганяйла таксама звярнулі ўвагу суддзяў абласнога суда на тое, што ў сваіх рашэннях і штогадовых пасланнях Канстытуцыйны суд неаднаразова пацвярджаў, што грамадзяне, чые правы парушаныя, маюць права звяртацца ў суды і разлічваць на судовую абарону правоў і свабодаў, гарантаваных Канстытуцыяй. Відавочна, што незаконным фармаваннем участковых камісій закранаюцца правы як выбаршчыкаў, так і непасрэдных суб'ектаў выбарчага працэсу: кандыдатаў у дэпутаты, іх давераных асобаў, назіральнікаў і г.д. Ясна і тое, што адзіным механізмам для абароны правоў і свабодаў з'яўляецца суд. Аднак, насуперак відавочнаму, судовая калегія пакінула загадзя неправасуднае азначэнне суда Капыльскага раёна ў сіле, а скаргу Дашкевіча - без задавальнення.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international