Тыдзень выбарчай кампаніі: падзеі і абагульненні

2008 2008-09-20T17:21:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Галоўнай інтрыгай тыдня заставалася пытанне: будуць ці не будуць удзельнічаць у выбарах кандыдаты ад апазіцыі? Адзінага падыходу так і не ўдалося выпрацаваць, хаця некаторыя з кандыдатаў знялі свае кандыдатуры. Па шляху найбольшага кампамісу пайшла Партыя БНФ, якая прадставіла сваім вылучэнцам прыняць самастойныя рашэнні.

Безальтэрнатыўных акругаў за тыдзень паболела: зараз іх 14, што складае 15% ад агульнай колькасці. “Рэкардсмен” у гэтым пытанні – Гарадзенская вобласць: тут выбіраць з аднаго кандыдата будуць на 6 з 13 акругаў.

Абсалютна безальтэрнатыўна пройдуць выбары ў верхнюю палату парламента -- Савет Рэспублікі. ЦВК зарэгістравала кандыдатаў.

Грамадзянаў па максімуму не ўключаюць у спісы выбаршчыкаў. Назіральная місія БДІПЧ АБСЕ таксама выказвае хваляванні па пытанні фармавання гэтых спісаў.

Праваабаронцы высветлілі, якім чынам сілавыя структуры “падрыхтаваліся” да выбарчай кампаніі. На тыдні грамадскасці прадстаўлены афіцыйны дакумент па Брэсцкай вобласці. Пэўныя катэгорыі грамадзян, перш за ўсё моладзь, будуць “нейтралізоўваць”. Што гэта такое – добра вядома з папярэдніх выбарчых кампаніяў.

Ці трэба гаварыць пра выключную важнасць этапа агітацыі кандыдатаў у дэпутаты, на якім адбываецца знаёмства выбаршчыкаў з будучымі народнымі абраннікамі, азнаямленне з іх праграмай?.. Ці трэба гаварыць пра тое, як важна для кандыдатаў рэалізаваць забяспечаныя выбарчым закандаўствам правы на правядзенне сустрэчаў з выбарчыкамі, размяшчэнне друкаваных агітацыйных матэрыялаў?.. Між тым, даводзіцца з жалем канстатаваць, што і ў перыяд бягучай выбарчай кампаніі праўладным кандыдатам забеспячаны не толькі мінімальныя гарантыі па агітацыі, але і звыш таго, а незалежныя кандыдаты вымушаныя сутыкацца з перашкодамі, ціск аказваецца і на саміх кандыдатаў, і на кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, якім вымушаны адмаўляць у прадастаўленні памяшканняў для правядзення сустрэчаў, забараняць вывешваць агітацыйныя матэрыялы ці проста здымаць іх...

А прыхільнікам байкоту, які, дарэчы, дазволены выбарчым заканадаўствам, ужо падрыхтаваны месцы ў ізалятарах.

На гамлетаўскае пытанне кожны адкажа сам

На працягу тыдня так і не ўдалося як АДС уцэлым, так і асобным апазіцыйным партыям выпрацаваць адзінага падыходу да пытання ўдзелу ці няўдзелу ў выбарах. Разам з тым, 19 верасня адмовіліся ад далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі пяцёра сяброў Аб’яднанай грамадзянскай партыі -- Станіслаў Багданкевіч, Аляксандр Дабровольскі, Валянціна Палевікова, Кацярына Маласаева і Ганна Ягорава. Прычынай гэтага рашэння стаў зрыў уладамі публікацыі іх агітацыйных матэрыялаў. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька, які апынуўся ў тых жа ўмовах, з выбарчай гонкі не сышоў: ён абвясціў сваю акругу “палігонам для доказу фальсіфікацыяў”.

У гэты ж дзень заявіў аб зняцці сваёй кандыдатуры вылучэнец ад Партыі БНФ у Менску Аляксей Янукевіч. Рашэнне аб зняцці сваёй кандыдатуры з выбарчай гонкі 17 верасня прыняў сябра гэтай жа партыі Станіслаў Суднік з Ліды. Яны матывавалі сваю адмову ад далейшага ўдзелу ў выбарах рашэннем Сойму Партыі БНФ, якое прадугледжвала зняццё ўсіх кандыдатаў ад партыі да першага дня датэрміновага галасавання (да 23 верасня). Аднак, магчыма, кандыдаты паспяшаліся, бо ўжо 20 верасня Сойм партыі перафармуляваў сваё папярэдняе рашэнне аб зняцці з выбараў: зараз кандыдаты самі могуць вырашыць, здымацца ім ці не здымацца.

Выбіраць з аднаго кандыдата будуць на 14 акругах

Пасля зняцця Станіславам Суднікам сваёй кандыдатуры з выбараў у Гарадзенскай вобласці павялічылася колькасць безальтэрнатыўных акругаў: зараз іх 6 з 13. Гэта сваеасаблівы “рэкорд” -- па іншых абласцях карціна не настолькі брутальная.

Па краіне ўсяго 14 безальтэрнатыўных акругаў, і гэта складае 15 % ад іх агульнай колькасці. Ніколі за найноўшую гісторыю Беларусі падобнага не было.

Нагадаем, на тыдні зняўся з выбараў кандыдат у дэпутаты па Вілейскай выбарчай акрузе № 64 Віктар Анікеенка, у выніку чаго на акрузе застаўся толькі адзін кандыдат - вылучэнец ад улады Спільнічэнка Ігар — галоўны лекар Вілейскага ТМА.

Выбары ў Савет Рэспублікі – на 100% безальтэрнатыўныя

18 верасня Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў зарэгістравала на сваім паседжанні 55 кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Першапачаткова планавалася зарэгістраваць 56 чалавек, але протаіерэй Фёдар Папоўны адмовіўся вылучацца ад Менска: ён аргументаваў рашэнне тым, што палітыка ў жыцці святара павінна быць другасная і ён мае намер працягваць духоўную дзейнасць.

Савет Рэспублікі фармуецца ў складзе 64 чалавек: па васьмі ад кожнай вобласці і Менска, яшчэ восем прызначае прэзідэнт. Такім чынам, выбары ў Савет Рэспублікі будуць праходзіць на безальтэрнатыўнай аснове. Выбары членаў Савета Рэспублікі будуць праходзіць з 21 верасня па 10 кастрычніка на паседжаннях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўня ў кожнай вобласці і дэпутатаў Менскага гарадскога Савета дэпутатаў.

“Спіскавыя” клопаты

Улады вельмі заклапочаныя, каб выбары адбыліся. Сябры ўчастковых камісіяў падыходзяць да вырашэння праблемы яўкі проста: па максімуму выкрэсліваюць прозвішчы за спісаў выбаршчыкаў. Логіка зразумелая: такім чынам можна завысіць працэнт выбаршчыкаў, якія прагаласавалі. Адзін з сяброў участковай выбарчай камісіі ў Светлагорску распавёў: “На кожным выбарчым участку ёсць людзі, якія звычайна не ходзяць на выбары. Сябры ўчастковых камісій, якія працуюць не першы раз, ведаюць пра гэтых людзей. Старшыня камісіі сказаў, што іх у спіс уключаць не трэба”.

Заклапочанасць спісамі выбаршчыкаў выказала і назіральная місія БДІПЧ АБСЕ. Міжнародныя назіральнікі ў сваім дакладзе падкрэслілі: “У Беларусі спісы выбаршчыкаў складаюць по кожным выбарчым участку, пры гэтым нейкага цэнтралізаванага або зводнага спісу на любым з узроўняў вышэй асобна ўзятага ўчастка не існуе. Адсутнасць цэнтралізаваных дадзеных уліку выбаршчыкаў на агульнанацыянальным або акруговым узроўні азначае фактычную немагчымасць перакрыжаванай праверкі на прадмет выяўлення паўтараючыхся імёнаў". Місію гэтая праблема хвалюе зпункту гледжання магчымасці шматразовага галасавання адных і тых жа грамадзянаў.

Сілавыя структуры да выбараў “падрыхтаваліся”

У Праваабарончы цэнтр “Вясна” быў перададзены дакумент пад назвай “Рашэнне на забеспячэнне аховы правапарадку і дарожнай бяспекі ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення на тэрыторыі Брэсцкай вобласці выбараў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання, зацверджаны начальнікам УУС Брэсцкага аблвыканкама палкоўнікам міліцыі В.Л. Красніченкам і ўзгоднены з начальнікам УКДБ па Брэсцкай вобласці палкоўнікам Л.Н. Дзядковым і пракурорам Брэсцкай вобласці, старэйшым дарадцам юстыцыі С.К. Хмаруком. З гэтага дакумента, датаванага 7 жніўня 2008 года , стала вядома аб стварэнні на тэрыторыі Брэсцкай вобласці Сітуатыўна-аператыўнага штаба (САШ) УУС “у мэтах каардынацыі дзеянняў сіл і сродкаў, задзейнічаных на ахову правапарадку ў перыяд правядзення выбарчай кампаніі 2008 года”. У гэты штаб увайшлі прадстаўнікі розных структурных падраздзяленняў абласнога УУС. Паводле дадзенага дакумента, розным структурным падраздзяленням і іх кіраўнікам ставіцца задача на правядзенне наступных мерапрыемстваў:

прыняць:

прывентыўныя меры па папярэджанні магчымых правакацыйных дзеянняў, нейтралізацыі грамадзян, які выношваюць замыслы сарваць, дэзарганізаваць падрыхтоўку і правядзенне выбараў ці ажыццявіць акцыі па дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў, у тым ліку з боку нефармальных моладзевых груповак;

арганізаваць:

працу са спецапаратам, арыентаваўшы яго на выяўленне асобаў, схільных да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў, у тым ліку правядзення несанкцыянаваных мерапрыемстваў;

арганізаваць:

сваечасовае інфармаванне САШ УУС аб перасоўванні деструктыўна настроеных грамадзян чыгуначным транспартам;

правесці:

працоўныя сустрэчы са старшынямі судоў па пытаннях скарачэння колькасці прымянення да асобаў, якія здзейснілі правапарушэнні, спагнанняў у выглядзе адміністратыўных арыштаў на час правядзення выбараў;

паставіць:

ў абавязкі падраздзяленням дарожна-патрульнай службы ДАІ адсочванне на маршрутах патрулявання фактаў расклейвання ўлётак, перавозкі друкаваных выданняў, вырабленых з парушэннем устаноўленага заканадаўства, вывешвання сцягоў неўстаноўленай сімволікі і недапушчэнне надпісаў на фасадах будынкаў і збудаванняў, правядзення несанкцыянаваных мерапрыемстваў;

арганізаваць кантроль за правядзеннем:

прафілактычных размоваў з паштальёнамі аддзяленняў сувязі, старастамі сельскіх саветаў аб недапушчальнасці правядзення з іх боку незаконнай агітацыі і распаўсюду друкаваных матэрыялаў антыдзяржаўнага зместу, сваечасовага інфармавання праваахоўных органаў пры выяўленні грамадзян, якія займаюцца антыдзяржаўнай агітацыяй і заклікаюць да байкоту выбараў;

арганізаваць узаемадзеянне

з УКДБ Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці і тэрытарыяльнымі аддзеламі на перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў – па пытаннях кантролю за перамяшчэннем і знаходжаннем замежных грамадзян, аператыўнага кантролю за лідэрамі дэструктыўных сіл, асобамі, які задумваюць тэрарыстычныя акты;

забяспечыць:

сваечасовае адсочванне і прадстаўленне па факсу ў САШ УУС негатыўнай інфармацыі, надрукаванай у сродках масавай інфармацыі, якая датычыцца падрыхтоўкі і правядзення выбараў.

У праваабаронцаў ёсць усе падставы меркаваць, што падобныя штабы створаны ва ўсіх абласцях краіны.

Няроўныя ўмовы для кандыдатаў

У той час, як для праўладных кандыдатаў “адчыненыя ўсе дзверы”, незалежным кандыдатам акруговыя выбарчыя камісіі раяць “самастойна дамаўляцца з кіраўнікамі прадпрыемстваў і ўстаноў для правядзення сустрэч з працоўнымі калектывамі”. Натуральна, кіраўнікі прадпрыемстваў не хочуць “падстаўляцца” з дапамогай у арганізацыі такіх сустрэч і катэгарычна адмаўляюцца.

Так, кандыдату ў дэпутаты па Гарадзенскай паўночнай акрузе № 51 Яраславу Раманчуку адмовілі ў мажлівасці правесці сустрэчу з выбаршчыкамі кіраўніцтва гарадзенскага крытага рынка “Карона” (ІТАА “Карона”), мясцовага мясакамбіната.

Не можа сустрэцца са скідзельскімі выбаршчыкамі выбаршчыкамі кандыдат у дэпутаты па Гарадзенскай сельскай акрузе №52 Віктар Падчыненкаў. Пасля папярэдняй згоды яму раптам адмовілі ў арганізацыі сустрэчы ў Скідзельскім ліцэі.

Некалькі сустрэчаў з выбаршчыкамі кандыдата ў дэпутаты Мікалая Чарнавуса былі сарваныя з “дапагамой” кіраўніцтва гарадской паліклінікі, якое адмяніла “пяціхвілінку”, дзе павінен быў выступіць незалежны кандыдат. “Не атрымалася сабраць людзей” – сказалі М.Чарнавусу ў медустанове. Была сарваная сустрэча з выбаршчыкамі і ў баранавіцкай філіі Бярозаўскага мясакамбіната – людзям пра сустрэчу не паведамілі. У гэты ж дзень чыноўнікі Сарвалі сустрэчу незалежнага кандыдата і на заводзе аўтаматычных ліній. “Никто не пришёл”, – сказала Чарнавусу кіраўніцтва БЗАЛ.

У мястэчку Уварвічы Буда-Кашалёўскага раёна (38-я выбарчая акруга) адбылася сустрэча кандыдата ў дэпутаты Кастуся Жукоўскага з выбаршчыкамі. На сустрэчу прыйшло каля 25 жыхароў Уваравіч – мястэчка з амаль 5-тысячным насельніцтвам. Большасць пайшлі на бацькоўскі сход, прызначаны адміністрацыяй школы на той жа час, што і сустрэча з кандыдатам. Відавочна, што супадзенне даты і часу сустрэчы і агульнага бацькоўскага сходу – не выпадковасць.

У Мазыры Палеская акруговая выбарчая камісія №43 не склала аніякага плану сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі. На запыт кандыдата М. Гаўрыленкі сакратар акруговай выбарчай камісіі №43 - Валянціна Аўраменка адказала: “ Дамаўляйцеся самі з кіраўнікамі прадпрыемстваў і ўстаноў для правядзення сустрэч з працоўнымі калектывамі”. Кандыдату застаецца спадзявацца толькі на сустрэчы з людзьмі на вуліцах.

Для плакатаў некакторых кандыдатаў месца няма

Шмат праблемаў узнікла ў незалежных кандыдатаў з размяшчэннем друкаваных агітацыйных матэрыялаў.

Так, у Мазыры да гэтага часу не вызначаны месцы для размяшчэння агітацыйных матэрыалаў. Старшыня акруговай каміссіі Пашынскі М.М. аргументуе становішча адсутнасцю сродкаў на ўсталяванне вулічных стэндаў.

У Віцебску кандыдату у дэпутаты па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19 Андрэю Левінаву не дазваляюць размяшчаць агітацыйныя плакаты. Кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый або адмаўляюць у размяшчэнні плакатаў, або дазваляюць, але на наступны дзень, выбачаючыся, паведамляюць, што па ўказанні раённых адміністрацый вымушаныя іх зняць. З 112 зваротаў у 109 выпадках атрыманыя адмовы, у 3 выпадках дазволілі вывесіць плакат, з іх у адным затым адмянілі сваё рашэнне.

Не лепшая сітуацыя склалася ў Барысаве. Адміністрацыя некаторых сярэдніх вучэбных устаноў, атрымаўшы агітацыйныя плакаты кандыдата у дэпутаты па Барысаўскай гарадской выбарчай акрузе №62 Віктара Гарбачова, не вывешвала іх у агульнадаступных месцах, альбо вывесіла на адзін дзень, а потом зняла. Такія факты зафіксаваныя, у прыватнасці, у гімназіі №1, сярэдніх школах №№15 і 20, у якіх размяшчаюцца выбарчыя ўчасткі для галасавання.

Разам з тым, праграмамі праўладных кандыдатаў дадзены загад забяспечыць... кожны пад’езд. Работнікам Полацкага ЖКГ загадана расклеіць па пад’ездах дамоў і дошках аб’яў агітацыйныя матэрыялы праўладнага кандыдата па Полацкай гарадской выбарчай акрузе №28 Пятра Южыка. Займацца гэтай пачэснай і неаплачваемай дадаткова справай яны павінны ў працоўны час незалежна ад уласных палітычных поглядаў і меркаванняў. На іх жа ўскладаецца абавязак сачыць за тым, каб агітацыйныя плакаты працягвалі вісець увесь перадвыбарчы перыяд, і пры пашкоджанні замяняць падраны плакат на новы.

Паказальны прыклад па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18, дзе кандыдатам ад улады выстаўлены галоўны доктар абласной лякарні Віктар Аўчыннікаў. Увесь першы паверх лякарні абчэплены перадвыбарнымі плакатамі з яго здымкам. Плакаты іншых прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат па гэтай акрузе неадкладна здымаюцца медперсаналам лякарні.

У Гародні вызначаныя месцы, дзе кандыдаты ў дэпутаты могуць расклейваць сваю плакатную прадукцыю. Але чамусьці менавіта плакаты апазіцыйных кандыдатаў сталі заклейвацца іншымі, не маючымі дачынення да выбараў, плакатамі. Так, плакаты кандыдата ў дэпутаты па Гарадзенскай занёманскай акрузе № 49 заклейваюць плакатамі з запрашэннем на канцэрт Ухцінскага.

PR: за адных – белы, за другіх – чорны

На выбарчых участках няма ідэялагічных хістанняў “за каго галасаваць?”. Так, плакатамі кандыдата ад улады Генадзя Грыцкевіча - старшыні Віцебскага гарсавета – завешаныя выбарчыя ўчасткі №15, №16 і №17 Віцебскай-Горкаўскай акругі №17. Зразумела, гэта акрамя агульных плакатаў кандыдатаў у дэпутаты, якія балатуюцца па дадзенай выбарчай акрузе.

А вось гарвыканскамаўская газета “Бабруйскае жыццё” працягвае “анціпіар” у бок незалежных кандыдатаў. Пасля публікацыі з “абмываннем костак” Аляксандра Чыгіра за подпісам Ал. Паліндрома з’явіўся яшчэ адзін артыкул. Матэрыял пад рубрыкай “Выбары-2008” і назвай “На ровном месте создаст ухабы” распавядае пра кандыдата ў дэпутаты па Бабруйскай-Ленінскай акрузе № 78 Уладзімера Сямашку, фермера і сябра АГП.

Кандыдатка Алена Мядзведзева, якая балатуецца па Бабруйскай-Ленінскай акрузе № 78, стала ахвярай гарвыканкамаўскіх “пісак”. Пад выглядам добрай мэты – “распавесці праўду аб кандыдаце”, аўтар артыкула пад назвай “Не тот пример для подражания” Сямён Пятроўскі распавёў выбаршчыкам пра яе сямейныя праблемы. У надрукаваным у газеце гарвыканкама “Бабруйскае жыццё” матэрыяле ўзгадваецца асабістае жыццё не толькі Алены Мядзведзевай, але і яе дачкі, і ўнучкі – з указаннем усіх імёнаў і прозвішчаў. Сямён Пятроўскі “прайшоўся” па сям’і кандыдаткі як вопытны пляткар. А напрыканцы нагадаў чытачам пра “палітычную актыўнасць” прэтэндэнткі ў ППНС і яе “ўдзел у несанкцыянаваных акцыях”, і штрафы.

Пасыпаліся папярэджанні кандыдатам

Акруговыя камісіі прадпрымаюць спробы калі не зняць незалежных кандыдатаў, то хаця б ускладніць іх жыццё. Па розных, часам незразумелых для здаровага сэнсу нагодах, кандыдатам Менску, Магілёву, Бабруйску і іншых гарадоў ужо вынесеныя папярэджанні.

Так, два папярэджанні атрымаў кандыдат у дэпутаты па Менскай Масюкоўшчынскай выбарчай акрузе №103 Дзяніс Садоўскі - за заклік на сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам і за распаўсюд газеты “Народная Воля”.

Акруговая камісія Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акругі №84 вынесла папярэджанне кандыдату Ігару Каваленку. Нагодай для такога рашэння сталі недакладна пададзеныя аўтабіяграфічныя звесткі кандыдатам у дэпутаты. “У сваіх аўтабіяграфічных дадзеных я пазнычыў, што ў 1997 годзе скончыў Магілёўскі політэхнічны тэхнікум, а павінен быў напісаць, што я скончыў курсы пры Магілёўскім політэхнічным тэхнікуме”, - гаворыць Ігар Каваленка.

Вынесена папярэджанне і кандыдату ў дэпутаты па па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85 Сяргею Гваю – за змест улёткі кандыдата ў дэпутаты, у якім камісія ўгледзела паклёп і абразу дзеючых дэпутатаў. Другі незалежны кандыдат па гэтай жа акрузе Алесь Сілкоў атрымаў папярэджанне за тое, что нібыта вывесіў агітацыйны матэрыял ў нявызначаным для гэтага месцы.

У Бабруйску вынесены папярэджанні двум дэмакратычным кандыдатам, што ідуць па Бабруйскай-Ленінскай выбарчай акрузе № 78 - Фёдару Варонічу і Уладзіміру Сямешку. Першаму – за накіраванне перадвыбарчай праграмы адразу ў некалькі выданняў (прытым, што ў выніку праграму надрукавала толькі адна газета), другі – за... выказаныя кандыдатам ўласныя меркаванні падчас тэлевізійнага выступа.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international