Горкі: Для кандыдата ад улады закона не існуе

2008 2008-09-19T01:44:03+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Давераныя асобы кандыдата ў дэпутаты Андрэя Юркова патрабуюць зняць з выбарчай гонкі праўладнага кандыдата Таццяну Асмалоўскую. Неабходныя заявы яны ўжо накіраваны ў акруговую выбарчую камісію №81. Нагодай для такога рашэння стала сустрэча з кандыдатам у дэпутаты Таццянай Асмалоўскай у нявызначаным мясцовым выканаўчым органам улады месцы.

“17 верасня, вечарам, у памяшканні інтэрната №6 Беларускай дзяржаўнай сельска-гаспадарчай акадэміі адбылася сустрэча з кандыдатам у дэпутаты Тацянай Асмалоўскай, - гаворыць давераная асоба Андрэя Юркова Ілля Заранок, - Сустрэча была арганізавана прарэктарам па выхаваўчай працы акадэміі спадаром Чачоткіным і праводзілася без прадстаўнікоў акруговай выбарчай камісіі. Ніякай папярэдняй інфармацыі аб правядзенні сустрэчы не было”.

На сустрэчу давялося патрапіць назіральніку Эдуарду Брокараву. Ён паспрабаваў зрабіць фотаздымкі, на што кандыдат у дэпутаты спадарыня Асмалоўская запатрабавала забараніць фотаграфаванне, а прарэктар па выхаваўчай працы Чачоткін с загадчыкам інтэрната, незаконна, з прымяненнем фізічнай сілы вывялі спадара Брокарава з памяшкання дзе праходзіла сустрэча.

“З гэтай нагоды, - працягвае Ілля, - мы ўжо падалі дзве скаргі: першаю – ад назіральніка ў мясцовую камісію (спадар Брокараў, дарэчы, напісаў заяву ў РАЎС за тое, што яго хуліганскі выгналі з інтэрнату), а другую ад кандыдата ў дэпутаты Андрэя Юркова. Мы патрабуем зняць з рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты спадарыню Асмалоўскую”.

Ілля таксама адзначае, што да сустрэчы ў інтэрнаце ў той жа самы дзень, у 15-00, у палацы культуры горада ўжо праходзіла падобная сустрэча спадарыні Асмалаўскай з выбаршчыкамі.

“У сваіх скаргах мы спасылаемся на тое, - адзначае Ілля Заранок, - што быў выкарыстаны адміністрацыйны рэсурс і парушаны артыкул 73 Выбарчага Кодэкса. Ускосна факт супрацьпраўнасці такога мерапрыемства пацвярджае і тое, што яго арганізатары пасля з’яўлення назіральніка неадкладна спынілі сустрэчу, і як толькі прыехаў кандыдат у дэпутаты Андрэй Юркоў ужо ні дэпутата, ні тых, хто арганізоўваў сустрэчу, ужо не было на месцы. Гэтая сустрэча таксама з’яўляецца парушэннем распараджэння Горацкага райвыканкама №415 Р ад 13.08.08 “Аб вызначэнні памяшканняў для правядзення сустрэч кандыдатаў у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу чацвёртага склікання”. Паводле гэтага распараджэння, інтэрнат не з’яўляецца тым месцам дзе можна праводзіць сустрэчу”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”  

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства