Віцебск: Кандыдат Левінаў у судзе абскарджвае адмову ў правядзенні сустрэч з выбаршчыкамі

2008 2008-09-18T08:51:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кандыдат у дэпутаты па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19 Андрэй Левінаў падаў скаргу ў суд Кастрычніцкага раёна г. Віцебска на рашэнне намесніка старшыні Віцебскага гарвыканкама П.І. Лосіча аб адмове ў правядзенні сустрэч з выбаршчыкамі.

Кандыдат Левінаў, у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам і Законам "Аб масавых мерапрыемствах", падаў у Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт заявы аб правядзенні сходаў 15, 16, 17 і 18 верасня 2008 года, мэтай якіх вызначыў як сустрэчу з выбаршчыкамі. Да пададзеных заяў прыклаў абавязацельствы па арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства.

Пададзеныя заявы былі разгледжаныя намеснікам старшыні Віцебскага гарвыканкама П.І.Лосічам, які забараніў правядзенне заяўленых сходаў. Сваю забарону чыноўнік выканкама матываваў тым, што кандыдат у дэпутаты не зрабіў аплату выдаткаў, звязаных з аховай грамадскага парадку, а таксама тым, што заяўленыя месцы правядзення сходаў не вызначаныя рашэннем Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 24.10.2003г. №820 "Аб парадку арганізацыі і правядзенні масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску".

У сваім адказе Лосіч давёў да кандыдата, што "для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання і іх давераных асобаў па Віцебскай-Чыгуначнай  выбарчай акрузе №19 на падставе арт.45 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з акруговымі камісіямі распараджэннем адміністрацыі Чыгуначнага раёна г.Віцебска ад 04.08.2008г. №163р устаноўлены месцы: актавая зала УА "Віцебская дзяржаўная прафесійна-тэхнічная вучэльня №19 бытавога абслугоўвання", каб. №6 УА "ГАСШ №15". Рашэннем адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г.Віцебска ад 05.09.2008г. №442 -- актавая зала УА "Віцебская дзяржаўная музычная вучэльня ім. І.І.Салерцінскага". І ўказаў, што кандыдат мае права выкарыстаць указаныя месцы для правядзення ініцыяваных сходаў.

Пры гэтым Лосіч накіраваў кандыдата праводзіць сустрэчы са сваімі выбаршчыкамі на … тэрыторыю іншай (Віцебскай сельскай №21) акругі (каб. №6 УА "ГАСШ №15")?! 

Кандыдат Левінаў папрасіў суд прызначыць разгляд справы да завяршэння выбарчай кампаніі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international