На недзяржаўную прэсу «пасыпаліся» скаргі, зыскі і папярэджанні

2008 2008-09-16T15:20:47+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Зыск да недзяржаўнага рэгіянальнага выдання «Газета Слонімская» накіравала ў суд старшыня мясцовай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» Алена Новікава. Зыскоўца, пакрыўджаная на публікацыю ў жнів­еньскім нумары «ГС», патрабуе ад­ газеты грашовай кампенсацыі за маральны ўрон у памеры 5 мільёнаў 800 тысяч рублёў. Акрамя гэтага, жанчына напісала скаргі ў Слонімскую пракуратуру і Міністэрства інфармацыі.

Абурэнне спн. Новікавай выклікаў артыкул намесніка галоўнага рэдактара «ГС» Сяргея Чыгрына пад загалоўкам «Не рабі дабра — не атрымаеш зла».

Журналіст распавядаў пра тое, як слонімскія інваліды, вымушаныя адстойваць права на ўласнае памяшканне ў горадзе, звярнуліся па дапамогу да кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Івана Шэгі. Паводле публікацыі, кандыдат адгукнуўся на просьбу і сустрэўся з кіраўнікамі арганізацыі. Але праз пэўны час сп. Шэга атрымаў ад старшыні выбарчай камісіі Слонімскай выбарчай акругі № 58 (па якой ён балатуецца) ліст з папярэджаннем — за тое, што нібыта падчас сустрэчы з інвалідамі абяцаў матэрыяльна падтрымаць іх ў абмен на подпісы і галасаванне за яго на выбарах.

Гэтая сітуацыя і была апісаная ў артыкуле Сяргея Чыгрына. Журналіст напісаў, што таксама сустракаўся з прадстаўнікамі арганізацыі слонімскіх інвалідаў: «Выслухаў іх скаргі і праблемы. Гутарка была запісана на дыктафон».

Пасля выхаду газеты Алена Новікава напісала скаргі ў Слонімскую пракуратуру, Міністэрства інфармацыі, а таксама і падала зыск у суд. Яна лічыць, што выкладзеныя ў артыкуле факты не адпавядаюць рэчаіснасці, а сп. Чыгрын падчас сустрэчы з інвалідамі рабіў «незаконны запіс». У сваёй скарзе спн. Новікава даводзіць таксама, што на яе «аказваўся ціск і шантаж» з боку кіраўніцтва «Газеты Слонімскай». Маўляў, журналісты патрабавалі, каб яна адмовілася ад абароны сваіх правоў, «пагражаючы ў адваротным выпадку кампраметуючымі публікацыямі і непрыемнасцямі».

Кіраўніцтва «Газеты Слонімскай» лічыць такую рэакцыю на артыкул абсалютна нечаканай і неабгрунтаванай. «За ўсю сваю журналісцкую практыку я ўпершыню сутыкаюся з такой сітуацыяй: каб журналіста запрасілі на размову, адкрыта расказвалі пра ўсе свае праблемы, а потым яго ж і звінавацілі, — зазначыў у гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ” галоўны рэдактар выдання Віктар Валадашчук. – Карэспандэнт каля 40 хвілін адкрыта запісваў усіх на дыктафон з адлегласці ў паўметра і абсалютна не хаваючы яго».

Пакуль што рэдактар устрымліваецца ад высноваў адносна таго, наколькі самастойна арганізацыя інвалідаў прымала рашэнне пачаць «наступ» на недзяржаўнае выданне. «У любым выпадку, я цвёрда лічу, што нашай віны тут няма. І рэакцыя людзей, якім журналісты хацелі дапамагчы, выглядае абсалютна неадэкватнай», — лічыць В. Валадашчук.

Нагадаем, што днямі яшчэ адно недзяржаўнае выданне – «Брестский курьер» – атрымала папярэджанне ад Мінінфармацыі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international