viasna on patreon

Уладзімір Вялічкін: “Супрацоўнікі міліцыі кіруюцца “Рашэннем на забеспячэнне аховы правапарадку…”

2008 2008-09-16T15:07:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Брэсцкі праваабаронца Уладзімір Вялічкін, у якога ўчора адбыўся дома ператрус, выказаў меркаванне, што пачало актыўна рэалізоўвацца на практыцы “Рашэнне на забеспячэнне аховы правапарадку…” (гл. навіну ад 15.09.2008 “Рашэнне на забеспячэнне аховы правапарадку і дарожнай бяспекі ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення на тэрыторыі Брэсцкай вобласці выбараў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання”).

Праваабаронца Ул. Вялічкін лічыць, што затрыманьне і адміністратыўны арышт Міхася Ільіна і Яўгена Скрабца, якія мелі месца напярэдадні, носяць прэвентыўны характар і накіраваныя на нейтралізацыю так званых “дэструктыўных элементаў у грамадзтве напярэдадні выбараў”.

Практыка, па словах У. Вялічкіна, калі затрымліваюць за налепкі, а ў пастарунку прыпісваюць “дробнае хуліганства”, -- ужо добра адпрацаваная беларускай міліцыяй.

Нагадаем, 15 верасня, у Міхася Ільіна і Яўгена Скрабца, асуджаных на 5 сутак адміністрацыйнага арэшту за “дробнае хуліганства”, былі праведзеныя ператрусы. Ператрусы праводзіліся згодна санкцыяў пракурора па крымінальных справах аб крадзяжы. 

15 верасня ў 18:30 вечара на кватэру, дзе прапісаны Міхась Ільін , прыехала група супрацоўнікаў міліцыі Маскоўскага РАУС г. Брэста з пастановай на вобшук за подпісам в.а. пракурора Л.Н.Тэадаровіч. Супрацоўнікі прывезлі сваіх панятых. У кватэру міліцыянтаў не ўпускалі да прыезду гаспадара Ул. Вялічкіна. Вобыск цягнуўся амаль гадзіну. Згодна пастановы аб вобыску, Міхась Ільін падазраваўся ў крадзяжы аўтамагнітолы з аўтамашыны “Форд”. Вобыск праводзіўся з мэтай “адшукаць і забраць рэчы, выкрадзеныя з аўтамашыны Д.Юхімука, а таксама іншыя рэчы, каштоўнасці і прадметы, якія маюць значэнне для крымінальнай справы”.  

Па словах Ул. Вялічкіна, пад час вобыску супрацоўнікі адчынялі ўсе тэчкі, ўскрывалі нават неадчыненыя лісты, пераглядалі газеты і кнігі, пералістваючы кожную. На пытанне, чаму яны пераглядаюць кнігі, адказалі, што шукаюць дакумент на аўтамагнітолу. У выніку вобыску па крымінальнай справе аб крадзяжы магнітолы, былі канфіскаваныя 313 накладаў газеты “Драбніца”, улёткі з надпісам “Байкот” і некалькі асобнікаў розных інфармацыйных матэрыялаў.  

У той жа час ператрус праводзіўся на кватэры Яўгена Скрабца. Як паведамілі ягоныя сваякі, шукалі рэчы з абкрадзенага белага мерсэдэса і наркотыкі. У выніку вобшуку сканфіскавалі ўлёткі, разабралі кампутар і забралі вінчэсцер і сістэмны блок. Хацелі забраць здымач, але родныя не аддалі. 

Разам з тым, актывісты былі затрыманыя ўначы з 15 на 16 верасьня за распаўсюд налепак “Байкот!”, а асуджаныя на 5 сутак па артыкулу 17.1 КоАП РБ (дробнае хуліганства). Вобшукі праводзіліся па крымінальным справам аб крадзяжы.

Праваабаронца гаворыць, што ў Брэсце ўжо вядзецца прафілактычная праца з шэрагам моладзевых актывістаў і лідэрамі апазіцыйных партый. Жыхары гораду неаднаразова затрымліваліся за распаўсюд незалежнай прэсы і за зьяўленьне ў публічным месцы ў вопратцы з надпісам “Байкот!”. Пачынаючы з 7 верасьня, па позвах у міліцыю былі выкліканыя вядомыя праваабаронцы і моладзевыя актывісты нібыта па справе аб выбуху 3-4 ліпеня ў Менску. 8 верасня невядомыя вялі паляванне на актывіста моладзі АГП, якое скончылася пагрозамі ў бок ягоных родных і збіццём маладзёна.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства