Менск: Скандальныя "вести" з Маскоўскага раёна

2008 2008-09-12T15:40:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У жніўні «Вести Московского района» - афіцыйнае выданне Адміністрацыі Маскоўскага раёна Менску - двойчы выйшлі пад адным нумарам. Але размова ідзе не пра дадатковы наклад. Звесткі "август 2008 г. №5 (109)"  і "тираж 10 000"– адзінае, чым гэтыя выпускі падобныя паміж сабой. Прытым, нягледзячы на "падвоены" наклад, пераважная большасць выбаршчыкаў так і не пабачыла гэтых жнівеньскіх нумароў, у адным з якіх падавалася інфармацыя пра ўчастковыя камісіі па трох выбарчых акругах раёна.

 Першы выпуск "Вестей..." за "август 2008 г. №5 (109)" падпісаны ў друк 11.08.2008 , другі – 26.08.2008. Адрозніваюць іх і нумары заказаў: №1330 у першым і №1331 у другім. У абодвух выпусках апублікаваныя агітацыйныя матэрыялы ў падтрымку праўладных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але таксама розныя. У выпуску, падпісаным у друк 11 жніўня, - "традыцыйная" справаздача цяперашняга дэпутата ПП НС Карпенкі І.В. (балатуецца па Ясенінскай выбарчай акрузе № 100) і "звычайнае" інтэрв'ю з Шылавай С.Д. (балатуецца па Паўднёва-Заходняй выбарчай акрузе № 99). У выпуску, падпісаным у друк 26 жніўня, - матэрыял пра перспектывы Менскага вагонарамонтнага завода, які ўзначальвае Таўкачоў В.І. (балатуецца па Грушаўскай выбарчай акрузе № 98). Пра прычыны, па якіх два розныя па змесце выпускі газеты выйшлі пад адным нумарам, можна толькі здагадвацца.

Да другога выпуску прыкладаецца ўкладыш са спісам участковых выбарчых камісіяў па Грушаўскай акрузе № 98, Паўднёва-Заходняй акрузе № 99 і Ясенінскай акрузе № 100. Цікава, што на ім не пазначаны ніякія выходныя звесткі і адсутнічае нумарацыя старонак, якія маюць месца ў выданнях іншых раённых адміністрацыяў. Складаецца ўражанне, што дадатак гэты выйшаў увогуле асобна і "для службовага карыстання", як і брашура, пра з'яўленне якой мы паведамлялі раней. Бо, па інфармацыі выбаршчыкаў, газета амаль нідзе не распаўсюджвалася (жыхары асобных дамоў (!) атрымалі ў свае паштовыя скрыні толькі першы са жнівеньскіх выпускаў). Немагчыма было адшукаць яе і ў Адміністрацыі Маскоўскага раёна. Таму заяўлены наклад выклікае недавер. Тым больш, што выданне не мае інфармацыі пра цану альбо бясплатны распаўсюд.    

Што тычыцца парушэнняў выбарчага заканадаўства, іх таксама дастаткова.

Па-першае, ёсць падставы казаць пра датэрміновую перадвыбарчую агітацыю за кандыдатаў ад улады.

Па-другое, парушаны тэрміны публікацыі рашэння мясцовай адміністрацыі аб утварэнні ўчастковых камісіяў. Выпуск з укладышам падпісаны ў друк 26 жніўня. Апошні тэрмін публікацыі спісаў участковых камісіяў паводле Выбарчага кодэксу – 20 жніўня. То бок інфармацыя з'явілася ў друку значна пазней за патрабуемы законам сямідзённы тэрмін.

Па-трэцяе, з урэзкі, якая папярэднічае спісу участковых камісіяў на першай старонцы ўкладыша, вынікае пацверджанне характэрнага ўцэлым парушэння.  Там напісана, што 99 участковых выбарчых камісіяў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў утворана рашэннем адміністрацыі Маскоўскага раёна Менску № 1276 ад 22.07.2008 г. Пры гэтым у дужках даецца спасылка на пункт 1 рашэння адміністрацыі Маскоўскага раёна Менску ад 12.08.2008 г. № 1416. З гэтага вынікае, што ўчасткі і ўчастковыя камісіі ў сталіцы ўтвараліся адначасова. Гэта ёсць парушэнне Выбарчага кодэксу.

 

Па выяўленых парушэннях грамадзяне накіравалі заявы ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Пракуратуру Рэспублікі Беларусь з просьбай разгледзець выкладзеныя факты і прыняць неабходныя меры.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international