viasna on patreon

Горкі: Дэмакратычнаму кандыдату вынесена папярэджанне

2008 2008-09-12T09:24:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Акруговая выбарчая камісія Горацкай выбарчай акругі №81 вынесла папярэджанне кандыдату ў дэпутаты Андрэю Юркову. Нагодай для такога рашэння сталі некалькі агітацыйных плакатаў, якія былі вывешаны прыхільнікамі кандыдата па-за вызначанымі месцамі ў Мсціслаўлі і Горках.

 

У той жа самы час рашэнне райвыканкаму, у якім вызначаны месцы, дзе дазваляецца вывешваць агітацыйныя матэрыялы, застаецца “пад сукном” і не даведзена да кіраўнікоў арганізацыяў, на чыёй тэрыторыі існуюць такія месцы. Так, напрыклад, выконваючы абавязкі рэктара Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі спадар Валеры Сяргееў некалькі дзён таму назад даў загад зняць плакаты кандыдата ў дэпутаты Андрэя Юркова з дошак аб’яваў у навучальных карпусах акадэміі. Калі ж кандыдат звярнуўся да яго па тлумачэнні з нагоды ягонага рашэння, то высветлілася, што спадар Сяргееў не ведае пра рашэнне райвыканкаму.

 

Трэба адзначыць, што райвыканкамамі Горак і Мсціслава працягваецца агітацыя за праўладных кандыдатаў Т.Асмалоўскую і А.Караед. Адмысловыя “агітбрыгады”, якія створаны з супрацоўнікаў райвыканкамаў, у працоўны час ездзяць па вёсках і арганізацыях гарадоў і вядуць мэтанакіраваную агітацыю. Каардынацыяй працы займаюцца аддзелы ідэялогіі, якія выдаюць разнарадкі па іншых аддзелах на выдзяленне супрацоўнікаў у склады “агітбрыгад”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства