Сьвята было адно, а саюзаў палякаў – два

2008 2008-09-08T16:41:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

20-годзьдзе польскага руху адзначылі паасобку арганізацыі, якія не кантактуюць паміж сабой.

Заля на дзьвесьце чалавек гарадзкога Дому культуры была поўнай. Тут адзначалася 20-годзьдзе дзейнасьці Саюзу палякаў, кіраўніком якога зьяўляецца Юзаф Лучнік або, як яго назвалі прадстаўнікі ўлады, Іосіф Іванавіч. Ён сказаў без паперкі прамову са сцэны, зрабіўшы экскурс ў гісторыю грамадзкага аб’яднаньня. Прамова атрымалася даволі сумбурнай, але ахвотныя маглі пачытаць больш падрабязныя зьвесткі з гутаркі спадара Лучніка на тую ж тэму ў газэце "Glos znad Niemna", якая разам з часопісам "Magazyn Polski" бясплатна ляжала на кожным крэсьле.

Сытуацыя ў польскім руху ўжо тры гады нагадвае падваеньне ў вачах: два саюзы адзначаюць сёньня менавіта 20-годзьдзе, існуюць два "Магазыны польскія" і дзьве газэты "Глос з-над Немна". Толькі першых улады беларускія падтрымліваюць, другіх — не. Першыя маюць рэгістрацыю, другія — не. Праўда, папера афіцыйных выданьняў горшая ад тых, якія выдаюць прыхільнікі Анжалікі Борыс, каторую беларускае начальства не прызнае. Затое яе падтрымліваюць улады Польшчы. Афіцыйны "Глос" — накшталт мясцовай гарадзенскай прэсы: пра палітыку ў ім ня пішуць. А вось выданьні прыхільнікаў Борыс пішуць пра ўсё, як і газэты ў Польшчы, таму іх цікава чытаць.

Юзаф Лучнік са сваімі людзьмі адзначыў 20-ю гадавіну 5 верасьня, Анжаліка Борыс з паплечнікамі — 6-га. Ну й правільна, каб не перашкаджаць адны адным. Людзей Борыс улада, ці хай скажам — міліцыянты, даволі даўно не чапалі. А тут раптам, перад самым сьвятам арганізацыі, затрымалі Мечыслава Яскевіча — намесьніка Борыс. Ён меў у машыне экзэмпляры якраз непадцэнзурнага "Глоса" і "Магазына" – выданьні сканфіскавалі, а ў самога яго хацелі зрабіць на кватэры ператрус. Аднак не атрымалася: пракурор подпіс свой не паставіў.

Хай гэта чыстае супадзеньне, але ў той час, калі міліцыянты трымалі Яскевіча, кіраўнік гарадзенскага камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Ігар Папоў у студыі абласнога тэлебачаньня расказваў гледачам, як цудоўна у вобласьці ўсё, што датычыць нацыянальных суполак. Пра тое, як тры гады таму ўлады зьдзейсьнілі сваімі ўпартымі дзеяньнямі раскол у саюзе палякаў, чыноўнік, канешне, не ўспамінаў. На сходзе ў Доме культуры ён потым уручыў Ю.Лучніку букет гладыёлусаў, а з А.Борыс, зразумела, у іх кантактаў няма. Вось такая "ідылія".

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international