viasna on patreon

Гомельшчына: сябры АГП выходзяць з акруговых камісій

2008 2008-09-11T15:33:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі выходзяць з акруговых выбарчых камісій у Гомельскай вобласці. Заявы аб гэтым яны накіравалі ў прэзідыюм абласнога Савета дэпутатаў і ў абласны выканаўчы камітэт (органы, якія фарміравалі камісіі).

 

У склад акруговых выбарчых камісій па вобласці ўключана толькі 12 прадстаўнікоў Аб'яднаных дэмакратычных сіл (АДС) з 18 вылучаных, у склад участковых камісій – толькі 7 з 225. Такія прычыны назвалі сябры партыі ў сваіх заявах аб выхадзе з камісій. У заявах таксама адзначана, што з 17 прэтэндэнтаў у кандыдаты ад АДС зарэгістравана толькі 12, і з боку ўладаў маецца ціск на актывістаў гэтых кандыдатаў. Нагадаем, што ўлады не разглядаюць АДС як суб’ект палітычнай дзейнасці – такімі суб’ектамі лічацца толькі партыі паасобку.

 

“Рэкамендацыйнае рашэнне аб выхадзе з выбарчых камісій было прынятае на нарадзе шэрагу суб’ектаў абласной кааліцыі АДС”, – паведаміў старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў. Пры гэтым ён не выключае, што ва ўчастковых камісіях прадстаўнікі АДС могуць застацца, асабліва калі яны былі вылучаныя туды не ад партый, а ад грамадзян.

 

“Думаю, што рашэнне накіраваць заявы было правільнае. Таму што нашыя прадстаўнікі не ўключаныя ва ўчастковыя камісіі па вобласці”, – гаворыць сябра Хойніцкай акруговай камісіі Уладзімір Церамецкі.

 

Але ці не будзе гэта нагодай для ўладаў казаць, што прадстаўнікоў партый няма сэнсу ўключаць у камісіі, бо яны могуць у любы час сыйсці?

 

“Так, я таксама не зусім згодны з тым, што трэба было выходзіць – разважае Ул. Церамецкі. – Трэба было застацца. У камісіях мы можам больш бачыць, як ідуць выбары. Мне пакуль не паведамлялі, што я выключаны з камісіі, таму працягваю ўдзельнічаць.”

 

Сябра партыі Леанід Судаленка з Гомеля падкрэсліў, што выхад з камісій не азначае адмову ад назірання за выбарамі: “Назіраць будзем актыўна, у тым ліку і на папярэднім галасаванні”, – адзначыў ён.

 

У пачатку верасня В. Палякоў і Л. Судаленка, якія былі кандыдатамі ў дэпутаты, зняліся з выбараў. Прычыны яны назвалі такія ж, што і ў заявах членаў акруговых камісій.

 

“Правабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства