Віцебск: Кандыдату Левінаву прапанавалі паўтарыць яго выступ

2008 2008-09-10T10:51:42+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 верасня акруговая камісія Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19 на паседжанні разглядала скаргу кандыдата ў дэпутаты Андрэя Левінава на збоі з гукам падчас яго тэлевыступу. Нагадаем, што тая частка выступу, у якой кандыдат заклікаў выбаршчыкаў прыйсці на ўчастак 28 верасня і ні ў якім разе не галасаваць датэрмінова, прайшла ў тэлеэфіры бязгучна. А навыкамі чытання па вуснах абсалютная большасць выбаршчыкаў не валодае.

 

Старшыня камісіі Іван Рыцько (вылучаны ў склад выбарчай камісіі прапрэзідэнцкай "Белай Руссю") абвясціў, што теле-радыёкампанія і Міністэрства сувязі праводзяць унутраведамасную праверку па ўстанаўлені прычын збою. Тым не менш, дадзеныя структуры вусна выявілі гатоўнасць прадубляваць выступ 12 верасня.

Кандыдат Левінаў з гэтай датай не пагадзіўся па прычыне парушэння прынцыпу роўных магчымасцяў. Астатнія кандыдаты мелі пяць сутак для апавяшчэння выбаршчыкаў аб трансляцыі выступу, а яму на гэта даецца толькі двое.

Канчатковае рашэнне пра час паўторнай трансляцыі тэлевыступу на гэтым паседжанні камісіяй не прынята.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства