viasna on patreon

Журналісты імкнуцца выйсці на палітычную арэну

2008 2008-09-07T13:51:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Журналістыку н­ярэдка называюць чацвёртай уладай, маючы на ўвазе, што ад працы журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі шмат што залежыць як ў жыцці краіны, так і ў дзяржаўных установах, а таксама іншых галінах улады. Чаму ўсё ж журналісты вырашылі змяніць сваю працу ва ўладзе чацвёртай на працу ва ўладзе заканадаўчай?

«Я удзельнічаю ў выбарах з 1995 года, з таго часу, калі бліжэй пазнаёміўся з праблемамі людзей, што прыходзілі да нас у рэдакцыю. Менавіта тады я зразумеў, што гэтыя праблемы могуць вырашыць толькі прадстаўнікі заканадаўчай улады, якія ствараюць законы, што павінныя абараняць інтарэсы г­рамадзян. З таго часу спрабую стаць спачатку дэпутатам Вярхоўнага Савету, а потым – Палаты прадстаўнікоў», — тлумачыць сваё імкненне заснавальнік і рэдактар газеты «Борисовские новости» Анатоль Букас.

А рэдактар газеты «Товарищ» Сяргей Вазняк у адказ на гэтае пытанне напаўжартам адказвае: «Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў імкнецца стаць не журналіст і рэдактар Сяргей Вазняк, а сябра Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Вазняк. А гэта дзве прынцыповыя розніцы, як разумееце!».

Але, якая б з «частак» грамадзяніна не выстаўляла сваю кандыдатуру на дэпутацкую пасаду, правесці рысу паміж дзвюма сваімі іпастасямі абодвум журналістам няпроста. Таму мяжу паміж журналістыкай і палі­тычнай дзейнасцю суразмоўцы прэс-службы БАЖ бачаць па-рознаму.

«Безумоўна, правесці гэтую мяжу цяжка, але для мяне відавочна, што журналістыка заканчваецца ў той момант, калі пачынаецца прапаганда, — тлумачыць сваю пазіцыю Сяргей Вазняк. — І хаця мне асабіста даводзіцца працаваць у партыйнай газете, і таму час ад часу карыстацца прапагандысцкімі інструментамі, усё ж партыйная прапаганда, на мой погляд, не мае ніякага дачынення да прафесійнай журналістыкі».

Для Анатоля Букаса мяжа паміж журналістыкай і палітыкай палягае значна бліжэй — у краме, куды звычайна журналіст ходзіць па закупы.

«Я адчуваю гэтую мяжу, калі не магу купіць смятану, якую люблю, бо хтосьці вырашыў за мяне, што ў Барысаве яе не трэба прадаваць, таму што вырабляюць гэтую смятану ў іншай вобласці. Ці калі мяне прымушаюць купляць барысаўскія макароны, якія макаронамі назваць цяжка. Адчуваю яе і тады, калі прыходжу ў мясцовы выканкам, ка­б атрымаць інфармацыю, якую мне гарантаваў закон і Канстытуцыя, і не атрымліваю яе».

Ступіўшы на шлях удзелу ў выбарчай кампаніі і атрымаўшы афіцыйныя пасведчанні кандыдатаў у дэпутаты, Анатоль Букас і Сяргей Вазняк здалі свае паўнамоцтвы рэдактараў і сышлі ў адпачынак, як таго патрабуе беларускае заканадаўства. Зразумела, што ні пра які адпачынак і гаворкі быць не можа, бо зараз пачынаецца самая гарачая пара выбарчага працэсу – агітацыя. Прэс-служба БАЖ не пыталася ў кандыдатаў, што яны абяцаюць сваім выбаршчыкам, але ад пытання, што будуць рабіць дэпутаты Букас і Вазняк у выпадку перамогі, усё ж такі не ўстрымалася.

Анатоль Букас запэўніў, што ў любым выпадку застанецца заснавальнікам газеты «Борисовские новости», а таксама ўнітарнага прадпрыемства «Букас медыя-цэнтр».

«А што тычыцца пасады рэдактара, то яе, канешне, давядзецца пакінуць», — дадаў барысаўскі журналіст.

А вось Сяргей Вазняк з журналістыкай развітвацца не жадае: «Магчыма, буду працаваць у рэдакцыі на грамадскіх пачатках, бо зусім сыйсці з журналістыкі не змагу. Мне падабаецца гэтая праца». Але ж, паколькі беларускае заканадаўства прадугледжвае сталую працу дэпутатам, рэдактар «Товарища» паабяцаў быць перш за ўсё «прафесійным дэпутатам».

Што тычыцца планаў адносна працы ў дэпутацкім корпусе, то абодва сябры БАЖ запэўнілі: на праблемы журналістаў не забудуцца!

«У маёй асобе недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі атрымаюць свайго прадстаўніка ў заканадаўчай уладзе. І гэтым усё сказана. Паверце, я буду даступным для ўсіх медыя — як беларускіх, так і замежных. Буду даваць інфармацыю ўсім, хто пажадае», — шчодра паабяцаў Анатоль Букас.

«А я, калі стану дэпутатам, пайду працаваць у Камісію па сродках масавай інфармацыі, каб удасканаліць заканадаўства ў галіне СМІ, якое ў нашай краіне нейкае непаўнавартаснае. І яшчэ — каб сачыць за тым, каб нават гэтае непаўнавартаснае заканадаўства працавала», — падзяліўся сваімі планамі Сяргей Вазняк.

Рэдактар газеты «Товариш», сябра Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Вазняк вылучаны кандыдатам ў дэпутаты па Сенненскай выбарчай акрузе. Заснавальнік і выдавец газеты «Борисовские новости» Анатоль Букас, якому за права звац­ца кандыдатам давялося пазмагацца, вылучаны кандыдатам у дэпутаты па Барысаўскай выбарчай акрузе.

Дарэчы, у спісе зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты ёсць яшчэ адзін журналіст — кіраўнік карэспандэнцкага пункту расійскага журнала «Лицейское и гимназическое образование» ў Беларусі Ю­рый Гуртавенка. На жаль, са спадаром Гуртавенкам прэс-службе БАЖ паразмаўляць не ўдалося.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства