viasna on patreon

Незадаволеных кандыдатаў ЦВК накіроўвае ў суд

2008 2008-09-08T11:49:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці ёсць яшчэ шанцы ў прадстаўнікоў апазіцыі, у спісах на вылучэнне якіх кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Цэнтравыбаркам знайшоў “несапраўдныя” подпісы, вярнуцца на дыстанцыю перадвыбарнага марафона.
20-ці з 98-мі прадстаўнікоў АДС акруговыя выбарчыя камісіі, а следам і Цэнтравыбаркам па розных прычынах адмовілі ў рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Самая распаўсюджаная прэтэнзія да дэмакратычных кандыдатаў – шмат несапраўдных подпісаў у спісах за іх вылучэнне. Еўрарадыё вырашыла даведацца, якім чынам прэтэндэнты могуць даказаць, што подпісы насамрэч ставілі людзі ўласнаручна, і ці збіраюцца незарэгістраваныя гэтым займацца.

Як сябе паводзіць прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат, у спісах якіх графолагі з выбарчых камісій знайшлі несапраўдныя подпісы, Еўрарадыё патлумачыў сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік.

Мікалай Лазавік: “Калі Цэнтральная камісія прыняла рашэнне адмовіць у рэгістрацыі з-за подпісаў, дакладней, пагадзілася з рашэннем акруговай камісіі, то наступная інстанцыя – гэта Вярхоўны суд. Як будзе Вярхоўны суд высвятляць ісціну, я дакладна сказаць не магу, але ў кожнага суду ёсць свая працэдура, якая выконваецца ў адпаведнасці з заканадаўствам – адміністрацыйна-працэсуальным кодэксам, крымінальна-працэсуальным кодэксам... Ёсць у нас цэлы шэраг законаў, па якіх праводзіцца высвятленне ісціны ў судзе”.

Спрабаваць што-небудзь даказаць Цэнтравыбаркаму, па яго словах, бессэнсоўна. Нават калі прынесці вынікі графалагічнай экспертызы з доказам, што ўсе прызнаныя несапраўднымі подпісы – сапраўдныя.

Мікалай Лазавік: “Нам ужо прыносіць нейкія доказы не мае ніякага сэнсу, бо нашае першапачатковае рашэнне застаецца нязменным да таго часу, пакуль яго не зменіць Вярхоўны суд”.

Чыноўнік Цэнтравыбаркаму выдатна ведае, што працэдура звароту ў Вярхоўны суд зацягвае час. І, нават атрымаўшы станоўчае рашэнне суду, кандыдат проста не паспее ўзяць удзел у выбарчай кампаніі. Але, кажа Лазавік, іншага шляху ў прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат няма.

Гэтым шляхам пайшоў сябра Партыі БНФ Юрась Карэтнікаў, у спісах якога частку подпісаў абласная выбарчая акруга прызнала несапраўднымі. Спачатку ён абскардзіў яе рашэнне ў Цэнтравыбаркаме. І хаця выбарцы пацвердзілі сапраўднасць сваіх подпісаў, Цэнтравыбаркам адмовіў апазіцыянеру ў рэгістрацыі.

Юрась Карэтнікаў: “У суботу я падаў заяву ў апошнюю інстанцыю, дзе можна абскардзіць гэтае рашэнне – у Вярхоўны суд. Каб дамагчыся сваёй рэгістрацыі. Сёння а 15 гадзіне ў ВС будзе разглядацца мая справа. Я запрасіў людзей, чые подпісы былі прызнаныя несапраўднымі, прыйсці і пацвердзіць у судзе, што яны ставілі сваёй рукой і дату подпісу, і подпіс”.

Спадзяванняў на тое, што рашэнне суду будзе на яго карысць, у дэмакратычнага кандыдата няма. Але калі раптам такое здарыцца, то паўдзельнічаць у перадвыбарнай барацьбе палітык яшчэ паспее.

Юрась Карэтнікаў: “На маёй акрузе, дзе я жыву і вылучаюся, нейкіх агітацыйных матэрыялаў і дзейнасці маіх канкурэнтаў пакуль не заўважна. Калі дасць Бог і Вярхоўны суд адменіць рашэнне аб рэгістрацыі, то я, у прынцыпе, паспяваю нармальна разгарнуць сваю кампанію, праагітаваць выбарцаў. Часу дастаткова – дваццаці дзён хопіць”.

Яшчэ адзін сябра партыі БНФ Сяржук Салаш, у якога таксама нібыта знайшлі шмат несапраўдных подпісаў, і рады быў бы звярнуцца са скаргай у суд, але не мае такой магчымасці.

Сяржук Салаш: “Я збіраўся падаваць скаргу ў Вярхоўны суд, і тэрміны ўжо праходзяць, а афіцыйнага ліста з ЦВК з адмовай у рэгістрацыі ў мяне на руках няма, паводле якога я мог бы фармаваць свае прэтэнзіі ў Вярхоўны суд. Зараз я буду тэлефанаваць у ЦВК, пайду на пошту нашу Барысаўскую, каб даведацца – прыходзіў мне ліст ці не. Гэта ненармальная сітуацыя – мне не далі магчымасці звярнуцца ў суд. Гэта робіцца наўмысна”.

На думку палітыка, гэта не больш, чым помста Цэнтравыбаркаму за тое, што ён злавіў яго старшыню Лідзію Ярмошыну на хлусні ў яго адрас і патрабаваў публічнага абвяржэння сказанага ёй.

У адрозненні ад сваіх аднапартыйцаў, намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка звяртацца ў Вярхоўны суд са скаргай не збіраецца.

Вінцук Вячорка:
“Я не буду гэта абскарджваць, бо ўсе разумеюць, што рашэнні ў нас прымаюцца палітычныя. Калі прынята палітычнае рашэнне мяне не прапускаць далей за этап збору подпісаў, значыць, гэта будзе марнаванне для мяне сілаў”.

Як стала вядома Еўрарадыё, за ўсю найноўшую гісторыю Беларусі не было ніводнага выпадку, каб Вярхоўны суд адмяніў рашэнне Цэнтравыбаркама аб адмове ў рэгістрацыі. Таму нават тыя дэмакратычныя кандыдаты, якія вырашылі звярнуцца туды са скаргай, не вераць у верагоднасць станоўчага рашэння.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства