Сяргей Антусевіч: “Нават пенсіянеры стаміліся чакаць падарункаў ад гэтай улады”

2008 2008-09-09T11:43:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У інтэрв’ю “Салідарнасці” старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў ААТ “Гродна Азот”, член Сойма Партыі БНФ Сяргей Антусевіч расказаў, навошта выставіў сваю кандыдатуру на выбары, як рэальна патрапіць у парламент і чаму ён збіраецца праігнараваць рашэнне партыі байкатаваць выбары. 

— Якія ўражанні ў вас ад гэтай выбарчай кампаніі?

— У прынцыпе, пакуль усе тое, што мы планавалі зрабіць, у нас атрымліваецца. І атрымліваецца, лічу, някепска. Самыя станоўчыя ўражанні склаліся ад сустрэчаў з выбаршчыкамі. Сапраўды ёсць вельмі шмат людзей, якія чакаюць, калі мы прыйдзем у парламент і пачнем працаваць.

— А як увогуле людзі ўспрымаюць сённяшніх кандыдатаў ад апазіцыі?

— У параўнанні з тымі выбарамі, якія я праходзіў у 2004—2005 годзе, колькасць тых, хто станоўча да нас ставіцца, істотна павялічылася. Але, трэба заўважыць, што павялічылася і колькасць людзей, якія абсалютна не вераць нікому — ні ўладзе, ні нам. І гэта самая галоўная задача: даказаць гэтым людзям, што мы не проста ідзем у парламент, каб пасядзець, а ідзем для таго, каб працаваць і паляпшаць гэтае жыццё.

Упершыню за ўсе гады фактычна разбурана тая сацыяльная база, якая стваралася ў 1994 годзе ўжо пры Лукашэнку. На ўсіх пікетах, што мы правялі па зборы подпісаў, я сустрэў толькі двух чалавек, якія адкрыта выказаліся ў падтрымку прэзідэнта.

Самае цікавае, што пенсіянеры, якія, здавалася б, з’яўляюцца кансерватыўнай часткай нашага грамадства і якім нялёгка даюцца перамены, ужо стаміліся чакаць падарункаў ад гэтай улады, яны проста не вераць ёй. Яны самі кажуць нам, што трэба мяняць гэтую сітуацыю, кажуць: “Дайце ўладу маладым”, бо не бачаць перспектывы. Не для сябе — для сваіх дзяцей і ўнукаў. І яны гатовыя прыйсці на выбары дзеля таго, каб гэтыя перамены адбыліся.

— Для вас гэта ўжо не першыя выбары: у 2003 годзе вы нават здолелі патрапіць у гарсавет. Ці ёсць істотныя адрозненні гэтай кампаніі ад мінулых?

— Сапраўды, антураж і ўсе дэкарацыі іншыя. Ёсць іншае стаўленне камісій да дэпутатаў, якога раней не было. У прыватнасці, у адносінах да мяне пакуль усё робіцца вельмі карэктна і я не адчуваю перашкодаў у правядзенні маёй кампаніі. Прынамсі, я прысутнічаў ужо на двух пасяджэннях камісій — пры рэгастрацыі ініцыятыўнай группы і пры рэгістрацыі мяне як кандыдата. Усе пасяджэнні і ўсе дакументы робяцца вельмі аператыўна.

Але, думаю, ва ўладаў ёсць вельмі шмат сцэнараў, як праводзіць гэтую кампанію. Асноўная перашкода — тое, што нашыя прадстаўнікі не ўключаны ў акруговыя і участковыя камісіі. І ўжо гэта з’яўляецца галоўным чыннікам, што сёлетняя кампанія, як і папярэдняя, не можа быць расцэнена, як свабодная, дэмакратычная. Мы не маем непасрэднага кантролю, а значыць, не можам дакладна сказаць, якім будзе падлік галасоў.

— Якія рэальныя мэты вы ставіце перад гэтай кампаніяй?

— Патрапіць у парламент.

— Вы лічыце гэта рэальным?

— Калі б не адчуваў, што здолею гэта зрабіць, наўрад ці распачынаў бы кампанію. Я ведаю, што рэальна туды патрапіць. Канешне, як і ў 2004 годзе, так і цяпер ёсць велізарныя праблемы з тым, як працуе наша выбарчае заканадаўства. Асабліва ў частцы фарміравання камісій. Але мы таксама расцём, таксама набіраемся вопыту.

Мы лепш сталі рыхтавацца да кампані менавіта такого кшталту. Тое, што сёння я маю нармальную дастаткова рэалістычную праграму (такой праграмы, па шчырасці, у 2004 годзе ў мяне не было) дазваляе мне спадзявацца на лепшае. І мы гатовыя да таго, каб прыйсці ў парламент. І мы павінны ісці, для таго каб паказваць выбаршчыкам, паказваць народу альтэрнатыўныя погляды на працэсы, якія адбываюцца ў нашай краіне.

— Але ж Партыя БНФ, членам якой вы з’яўляецеся, абвясціла пра свой намер байкатаваць выбары...

— Гэта самае складанае для нас пытанне. Рашэнне Сойма партыі крыху выбіла з каляіны не толькі мяне, але і ўсіх тых кандыдатаў, якія таксама даволі моцна пачуваюць сябе ў гэтай кампаніі.

У нас, на Гарадзеншчыне збіраліся і партыйная арганізацыя, і абласная кааліцыя АДС, і практычна адзінагалосна ўсе выказаліся за тое, каб ісці да канца. Таму што, па-першае, калі мы сыдзем з дыстанцыі, то не ўбачым, якія былі парушэнні пры тым жа падліку галасоў.

Па-другое, у шмат якіх акругах на Гарадзеншчыне ў выпадку нашага зняцця выбаршчыкі застануцца сам насам з прадстаўнікамі ад улады, і казаць пра непразрыстасць і фальшаванне выбараў нестае. Гэта сёння галоўны аргумент для таго, каб працягваць барацьбу. Трэба на свае вочы паглядзець, як будзе праходзіць і гэтая кампанія, і назіранне, і падлік галасоў.

— Іншымі словамі вы збіраецеся ігнараваць рашэнне Сойма партыі?

— Канешне, Сойм — гэта вельмі важная структура ў нашай партыі, але ёсць людзі, якія чакаюць, што нашыя кандыдаты будуць на выбарах. Яны гатовыя за нас галасаваць. Падмануць гэтых людзей больш страшна, чым парушыць рашэнне Сойма. Тым больш што яно яшчэ не такое адназначнае і не выключана, што канчатковае рашэнне будзе прымацца 20 верасня.

Сёння я лічу неабходным працягваць гэтую барацьбу з тым прыцэлам, што мы ідзем да канца.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international