Андрэя Бастунца апыталі па справе аб выбуху

2008 2008-09-09T09:41:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Намесніка старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», юрыста Андрэя Бастунца апыталі па справе аб выбуху 4 ліпеня ў Мінску. Як паведаміў А. Бастунец прэс-службе БАЖ, 7 верасня, у нядзелю, яму патэлефанавалі на хатні нумар з Ленінскага РУУС Мінска і запрасілі прыйсці адказаць на пытанні, датычныя справы аб выбуху 4 ліпеня ў Мінску. Па словах юрыста, ён не стаў настойваць на павестцы і пагадзіўся з’явіцца ў міліцыю ў прызначаны час 8 верасня.

 

­«Наша размова была непрацяглай — я адказаў, дзе знаходзіўся ў дзень выбуху, міліцыянты запоўнілі апытальны ліст паводле маіх адказаў,– распавёў Андрэй Бастунец. – Дарэчы, калі я папрасіў паказаць гэтую анкету, аказалася, што яна называецца “Апытальнік асобаў, якія прыцягваліся да крымінальнай адказнасці ці маюць ваенную спецыялізацыю ці знаходзяцца на наркалагічным уліку”. Я зазначыў, што не належу ні да адной з гэтых катэгорый, і пасля невялікай спрэчкі міліцыянты выкраслілі гэтую частку з назвы апытальніка».

Прайсці дактыласкапічную экспертызу А. Бастунец адмовіўся, патлумачыўшы супрацоўнікам міліцыі, што, паводле крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, адбіткі пальцаў сведкі могуць здаваць па асабістым жаданні.

Раней прадстаўнікі сілавых службаў ужо дапытвалі па справе аб выбуху журналістаў недзяржаўнай маланакладнай газеты «Вольны горад» (Крычаў) Сяргея Няроўнага, Мікалая Гердзія і заснавальніка выдання Уладзіміра Кудраўцава. Ператрусы ладзіліся ў кватэры сябры ГА «БАЖ» Ніны Шыдлоўскай, а таксама па месцы прапіскі Міхаіла Шарамета — мужа сябры Праўлення БАЖ Алёны Шарамет (М. Шарамета трымалі ў ізалятары КДБ 3 дні). Па інфармацыі «Радыё Рацыя», у ліпені супрацоўнікі праваахоўных органаў дапыталі таксама журналістаў з Чэрыкава і Клімавічаў Сямёна Панізоўцава і Сяргея Аржанцава. Паводле «Народнай волі», у рэдактара газеты «Антенна» Сяргея Маліноўскага падчас такога апытання ўзялі адбіткі пальцаў і сліну на аналіз ДНК.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international