Незарэгістраваныя прэтэндэнты чакаюць рашэння Вярхоўнага суда

2008 2008-09-09T01:52:33+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

8 верасня ў Вярхоўным судзе пачаўся разгляд дзевяці з чатырнаццаці пададзеных скаргаў прэтэндэнтаў у кандыдаты, якія атрымалі адмовы ў задавальненні сваіх скарг у ЦВК: Васіля Чыжонка (Гомельская-Навабеліцкая акруга №36), Станіслава Беркуса (Лідская выбарчая акруга № 54), Уладзіміра Маркава (Шабаноўская выбарчая акруга №91), Яўгенія Гуца (Бяразоўская выбарчая акруга № 9), Сапелкіна Яўгенія (Вілейская выбарчая акруга № 64), Карэтнікава Юрыя (Паўднёва-Заходняя выбарчая акруга № 99), Лагвінца Аляксандра (Сухараўская выбарчая акруга № 102), Туровіча Аляксея (Сухараўская выбарчая акруга № 102), Статкевіча Мікалая (Коласаўская выбарчая акруга № 106).

На паседжаннях прысутнічалі назіральнікі БХК, праваабаронцы, а таксама міжнародныя назіральнікі місіі АБСЕ і краін-удзельніц СНД.

У прыватнасці, Вярхоўны суд разглядаў скаргу Станіслава Беркуса, які вылучаўся па Лідскай выбарчай акрузе № 54. Акруговая камісія праверыла першыя 25% сабраных яго ініцыятыўнай групай подпісаў і прызнала большую іх частку несапраўднымі, таму што яны былі сабраныя раней устаноўленага Выбарчым кодэксам тэрміна. Паводле артыкула 60 ВК, вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты пачынаецца за 70 дзён і заканчваецца за 40 дзён да выбараў. А ініцыятыўная група Станіслава Беркуса пачала збіраць подпісы за 72 дні да выбараў - 18, а не 20 ліпеня. Беркус лічыць адмову ў рэгістрацыі неправамернай, таму што ягоная ініцыятыўная група была зарэгістраваная 18 ліпеня, акруговая камісія ў той жа дзень выдала яму падпісныя лісты і не папярэдзіла аб тым, што збор подпісаў пачынаецца 20 ліпеня. Станіслаў Беркус мяркуе, што камісія паставілася да яго прадузята, адабраўшы для праверкі менавіта тыя подпісы, якія былі сабраныя з парушэннем тэрмінаў.

Рашэнне Вярхоўнага суда будзе абвешчана 9 верасня ў 10:45.

 

Таксама Вярхоўны суд разглядаў скаргу Ўладзіміра Маркава, які вылучаўся па Шабаноўскай выбарчай акрузе №91. Акруговая камісія адмовіла Маркаву ў рэгістрацыі кандыдатам на падставе таго, што ў дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці ён указаў не адпавядаючыя рэчаіснасці звесткі. Гаворка ідзе аб "Запарожцы" 1983 г.в., які прэтэндэнт не ўказаў у сваёй дэкларацыі, і які, аднак, знаходзіцца на ўліку ў ДАІ. Па словах Уладзіміра Маркава, аўтамабіль ён перадаў па генеральнай даверанасці іншай асобе яшчэ ў 1992 г. Даверанасць прадугледжвала, што асоба у т.л. можа і прадаць аўтамабіль. За ўвесь гэты час супрацоўнікі аўтаінспекцыі ні разу не прапанавалі прэтэндэнту прайсці тэхагляд. Маркаў сцвярджае, што на момант падачы дэкларацыі ён не валодаў неабходнымі дакументамі на гэты аўтамабіль (тэхпашпарт і інш.) і проста не ведаў аб тым, што аўтамабіль па рэгістрацыйных уліках ДАІ усё яшчэ лічыцца за ім. Разгляд скаргі адкладзены да поўдня 9 верасня.

 

Яшчэ адну скаргу, разгледжаную ў судзе, падаў прадстаўнік КПБ Васіль Чыжонак. Гэты прэтэндэнт у кандыдаты па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе №36 таксама не ўказаў пэўных звестак у дэкларацыі. Яму належаць акцыі ААТ "Малочныя прадукты" (Гомель). Першапачаткова іх было 10, але падчас рэарганізацый статутнага фонду прадпрыемства ў 2003-2004 гг. іх колькасць узрасла да 983 шт. Васіль Чыжонак гаворыць, што яму не паведамілі пра гэтыя акалічнасці, а атрымаць самастойна такія звесткі вельмі цяжка. Рашэнне суда будзе абвешчана 9 верасня ў 10.30.

У другой палове дня ў Вярхоўным судзе Беларусі слухалася справа па скарзе Юрыя Карэтнікава. Судовы працэс разглядаўся пад старшынствам суддзі Валянціны Кулік з удзелам пракурора. Інтарэсы Цэнтральнай камісіі прадстаўлялі старшыня і сакратар акруговай камісіі Паўднёва-Заходняй выбарчай акругі № 99, якая і прыняла першаснае рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі маладому палітыку ў сувязі з перавышэннем 15% недакладных подпісаў выбарўчыкаў. Падчас судовага паседжання Юрый Карэтнікаў прадставіў пісьмовыя заявы выбаршчыкаў, якія пацвярджалі факт таго, што даты і подпісы ў падпісных лістах пастаўленыя імі ўласнаручна. Таксама па хадайніцтве Юрыя Карэтнікава былі дапытаныя сведкі - выбаршчыкі, якія непасрэдна ў судовым паседжанні пацвердзілі, што яны і іх родныя самі ўласнаручна падпісаліся за вылучэнне Ю. Карэтнікава. Прадстаўнікі Цэнтральнай камісіі даказвалі ў сваю чаргу, што прымалі рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі, абапіраючыся на свае візуальныя назіранні і вынікі экспертызы, якую правялі органы ўнутраных спраў па іх запыце. Таксама яны прадставілі іншыя акты апытання выбаршчыкаў, дзе сцвярджалася, што яны не падпісваліся за вылучэнне Карэтнікава. У судовым паседжанні абвешчаны перапынак да 14.30 9 верасня.

9 верасня Вярхоўны суд абвесціць рашэнне па скарзе Аляксандра Лагвінца аб адмове ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты па Сухараўскай выбарчай акрузе № 102. У адпаведнасці з рашэннямі акруговай і Цэнтральнай камісій, А. Лагвінцу было адмоўлена ў рэгістрацыі на падставе ўказання недакладных звестак у дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці: ён не ўказаў суму ў памеры 251 еўра 72 цэнтаў. Справу разглядаў суддзя Самалюк пры ўдзеле пракурора Федарынчык. У працэсе ўдзельнічаў сам А. Лагвинец і яго адвакат Вера Страмкоўская. Цэнтральную камісію прадстаўляў старшыня акруговай камісіі № 102 Аляксандр Буглак, які меў даверанасць ад ЦВК. У сваім выступе А. Лагвінец заявіў, што ён прадставіў дакладную інфармацыю аб сукупным гадавым прыбытку за 2007 г. у суме 8 390 576 рублёў, у якую ўвайшла ў тым ліку і спрэчная сума. Ён таксама прызнаў, што не ўказаў гэтую лічбу ў адпаведным раздзеле дэкларацыі па чыста тэхнічных прычынах і, адпаведна, не меў намеру ўводзіць у зман камісію і тым больш сваіх выбаршчыкаў. Па ягоных словах, Цэнтральная камісія прыняла рашэнне пад уплывам эмоцый пасля яго выступу падчас разгляду скаргі. У якасці доказу ён прыводзіў аргумент, што юрысты ЦВК Мкртчан і Кісялёва, якія праводзілі юрыдычнае заключэнне па ягонай скарзе, прыйшлі да высновы, што рэгістрацыя яго як кандыдата магчымая. Адвакат звярнула ўвагу суда на той факт, што ў двух афіцыйных дакументах камісій утрымліваюцца розныя дадзеныя. Прадстаўнік пракуратуры выказала меркаванне, што скарга не павінна падлягаць задавальненню. Пры гэтым у адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам, павінна ўказвацца сума сукупнага гадавога прыбытку, а не частак, з якіх ён складаецца.

Падставы для адмовы ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты Мікалая Статкевіча (Коласаўская выбарчая акруга № 106) сталі прадметам гутаркі старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы і кіраўніка місіі БДІПЧ АБСЕ Герта-Хінрыха Арэнса. Кіраўнік місіі звярнуў увагу на тое, што "у Канстытуцыі адзначана, што не павінна быць ніякіх перашкод для грамадзян для ўдзелу ў выбарчым працэсе". Ён таксама дадаў, што ў Канстытуцыі "не ўказваецца такое абмежаванне, як непагашаная судзімасць". Пры гэтым Г.-Х.Арэнс адзначыў, што "такія абмежаванні ёсць у выбарчым кодэксе". Старшыня суда сказаў, што "на гэтай стадыі я не магу выказацца з гэтай нагоды, каб на суд не аказваўся ціск". Па ягоных словах, "у сваім рашэнні суд павінен адказаць на ўсе пытанні". Пры гэтым старшыня ВС не выключыў, што дадзенае пытанне можа быць прадметам абмеркавання ў Канстытуцыйным судзе. Акрамя таго, В.Сукала звярнуў увагу на тое, што "довады Статкевіча - гэта ягоныя каментары да Канстытуцыі. Вярхоўны суд дасць сваю ацэнку і выкажацца па сутнасці", - заявіў старшыня Вярхоўнага суда Беларусі.

Старшыня суда адзначыў, што колькасць скарг у параўнанні з мінулымі выбарамі ў парламент скарацілася прыкладна ў сем раз. "Падчас мінулай выбарчай кампаніі гэтая лічба даходзіла да 100", - сказаў ён.

Нагадаем, Вярхоўны суд з'яўляецца апошняй інстанцыяй, якая разглядае скаргі на рашэнне Цэнтрвыбаркама. Разгляд скаргаў ва ўстаноўленыя законам тэрміны павінен завяршыцца 11 верасня.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international