viasna on patreon

Бабруйск: Адказ на скаргу – папрок у «неэтычнасці»

2008 2008-09-05T15:18:30+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кандыдат у дэпутаты па Бабруйскай-Першамайскай выбарчай акрузе № 79 Міхаіл Кавалькоў атрымаў адказ на сваю скаргу ў ЦВК за подпісам Лідзіі Ярмошынай.

У скарзе Міхаіл Кавалькоў паведаміў, што іншы кандыдат у дэпутаты па гэтай жа акрузе Уладзімір Карпяк расклеіў на тэрыторыі ААТ «Белшына», дзе ён працуе галоўным інжынерам, агітацыйныя ўлёткі без выходных дадзеных, што не дазваляецца заканадаўствам.

Адказ Ярмошынай быў такім: «Згодна з патрабаваннямі артыкула 49 Выбарчага кодэкса РБ, права на складанне Акта аб парушэнні заканадаўства маюць назіральнікі. Выбаршчыкам дадзенае права не прадастаўлена, тым больш, этычна непрыгожа, калі гэтым інстументам карыстаюцца для пазбаўлення ад канкурэнтаў». 

Далей у афіцыйнай паперы паведамляецца, што распаўсюд падобнай друкаванай прадукцыі можа з'явіцца падставай для папярэджання кандыдату, калі ён ці ягоныя давераныя асобы будуць прызнаны вінаватымі, але «адмену рэгістрацыі ці адмову ў ёй за падобныя дзеянні закон не прадугледжвае».

- Я ўпэўнены, што калі б падобныя ўлёткі з'явіліся з маім тварам, мяне б без пытанняў знялі, - абураецца Міхаіл Кавалькоў. – У выніку мне прыйшлося звярнуцца да назіральнікаў, каб яны прадублявалі гэтую скаргу для Цэнтрвыбаркама.

Атрымала адказы на скаргі, адрасаваныя ў Цэнтрвыбаркам і пракуратуру Ленінскага раёна горада Бабруйска і кандыдатка ў дэпутаты Алена Мядзведзева (Бабруйская-Ленінская выбарчая акруга № 78). Яна прасіла звярнуць увагу на надрукаваныя ў перыяд збору подпісаў інтэрв'ю з прэтэндэнткай ў ППНС Аленай Шамаль у газетах «Бабруйскае жыццё» і «Вечерний Бобруйск».

З Цэнтрвыбаркама прыйшоў адказ, у якім тлумачылася, што «апублікаваныя інтэрв'ю А. Шамаль у газетах «Бабруйскае жыццё» і «Вечерний Бобруйск» тычыліся яе службовай дзейнасці і асабістага жыцця, і не утрымліваюць перадвыбарчай агітацыі». У адказе з пракуратуры паведамляецца, што ў матэрыялах няма заклікаў і элементаў перадвыбарчай праграмы, таму і парушэнняў заканадаўства няма. 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства