Алег Гулак: "Пераважная большасць адмоваў у рэгістрацыі кандыдатаў -- па фармальных падставах"

2008 2008-09-05T11:10:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў разглядала 3 і 4 верасня скаргі грамадзян, якія не прайшлі ў акруговых камісіях рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Усяго ў ЦВК паступілі 52 скаргі: сем з Магілёўскай вобласці, восем з Гарадзенскай, па пяць з Гомельскай і Менскай, чатыры з Брэсцкай, тры з Віцебскай вобласці і 20 скаргаў з Менску.

Па выніках паседжанняў 3-4 верасня ЦВК прыняла рашэнні зарэгістраваць восем кандыдатаў у дэпутаты: Ірыну Яскевіч (Віцебская-Чкалаўская акруга № 18), Міхаіла Сілівонца (Жыткавіцкая акруга № 32), Юрыя Рубцова (Гомельская-Савецкая акруга № 34), Івана Шчарбакова (Гомельская-Савецкая акруга № 34), Аляксандра Букаса (Барысаўская акруга № 62), Вольгу Шаханаву (Аўтазавадская акруга № 92 г. Менска), Уладзіміра Навасяда (Свіслацкая акруга № 94 г. Менска), Васіля Каранкевіча (Гомельская-Савецкая акруга № 34).

 

Кандыдаты Ірына Яскевіч, Аляксандр Букас і Міхаіл Селівонец уваходзяць у адзіны спіс АДС, Міхаіл Селівонец з'яўляецца сябрам Партыі камуністаў Беларускай.

 

Такім чынам, зараз зарэгістравана 284 кандыдаты ў дэпутаты з 365 прэтэндэнтаў, якія падавалі заявы (пяць забралі дакументы). Сярод кандыдатаў 79 прадстаўнікоў АДС.

 

Найбольш тыповымі прычынамі адмоў у рэгістрацыі кандыдатаў былі недакладныя звесткі ў дэкларацыі аб прыбытках або прызнанне подпісаў несапраўднымі. Напрыклад, у дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці не паказаны старэнькі аўтамабіль, матацыкл або прычэп, перададзены 10 гадоў назад каму-небудзь па даверанасці, але які дагэтуль знаходзіцца на ўліку ў ДАІ. Подпісы часцей за ўсё прызнаваліся несапраўднымі таму, што ў адным падпісным лісце былі сабраныя подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі розных адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак, або падпісныя лісты завераныя не тым выканкамам, на тэрыторыі якога збіраліся подпісы.

 

Старшыня РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" Алег Гулак, які назіраў за працэсам разгляду скаргаў у ЦВК, адзначыў, што падчас разглядаў скарг выявілася недасканаласць выбарчага заканадаўства: "Пераважная большасць адмоў у рэгістрацыі кандыдатаў была праведзена па фармальных падставах. Відавочна, што шматлікія працэдуры, неабходныя для рэгістрацыі кандыдатаў, уяўляюць сабою фармальныя перашкоды, ніяк не звязаныя з забеспячэннем права грамадзян абіраць і быць абранымі".

 

Алег Гулак адзначае, што да пытання разгляду скаргаў у гэты раз ЦВК падыйшла больш ліберальна, чым у папярэднія кампаніі, і гэтая працэдура была досыць празрыстай і дэмакратычнай. ЦВК заняла такую пазіцыю, што асобы, якія прэтэндавалі на ўдзел у выбарах, маюць права знаёміцца з матэрыяламі аб адмове ім у рэгістрацыі ў кандыдаты. Гэта дазволіла ўжо на стадыі падрыхтоўкі разгляду ў ЦВК падаць дадатковыя матэрыялы, якія пацвярджаюць іх пазіцыі, і гэта спрыяла аб'ектыўнаму разгляду. Затое прэтэндэнты скардзіліся на акруговыя камісіі, якія, дзейнічаючы па старой звычцы, не дазвалялі ім азнаёміцца з матэрыяламі. Праца камісій у закрытым рэжыме прывяла да таго, што ўжо на паседжанні ЦВК былі выяўленыя відавочна неабгрунтаваныя адмовы, а таксама выпадкі, калі кандыдаты звярталіся ў ЦВК таму, што не давяралі акруговым камісіям.

Нават Лідзія Ярмошына падкрэсліла: "Калі бы яны {акруговыя камісіі} паказвалі прэтэндэнтам падпісаныя лісты з несапраўднымі подпісамі, грамадзянам не трэба было б марнаваць час, выпрабоўваць ілюзіі і скардзіцца ў ЦВК".

 

Таксама на паседжанні сябрамі ЦВК з дарадчым голасам І.Н. Лабачовым, У.І. Раманоўскім, Г.Г. Сямдзянавай і А.Н. Скрыган была вынесена прапанова аб уключэнні ў павестку дня Цэнтральнай камісіі для разгляду і прыняцця рашэнняў па пытаннях "Аб выкананні патрабаванняў Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь пры стварэнні выбарчых камісій (акруговых, участковых) па правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання" і "Аб дапаўненні Пастановы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў № 12 ад 24 красавіка 2008 г. (Аб парадку прымянення часткі трэцяй артыкула 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання) і адпаведных метадычных рэкамендацый па працы ўчастковых выбарчых камісій, палажэннямі, вызначанымі пунктам 3 артыкула 14 ("Статус і паўнамоцтвы нацыянальных назіральнікаў") Канвенцыі "Аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабодаў у дзяржавах - удзельніках Садружнасці Незалежных Дзяржаў"". ЦВК не ўключыла пытанні ў павестку дня, вырашыўшы, што разгледзіць іх падчас наступных паседжанняў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international