На кватэру Лябедзькі накладзены арышт

2008 2008-09-04T14:47:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька 3 верасня атрымаў паведамленне, што суд Цэнтральнага раёна Менска 6 жніўня наклаў арышт на ягонае жыллё.

У судовым вызначэнні паведамляецца, што палітыку забаронена 'здзяйсняць якія-небудзь дзеянні, звязаныя з дадзенай кватэрай', якая належыць яму на праве ўласнасці. Выкананне гэтага рашэння даручана РУП  'Менскае гарадское агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру', УП ЖЭС-97 УП ЖРЭО Цэнтральнага раёна Менска, Дзяржаўнай натарыяльнай канторы Цэнтральнага раёна Менска.

Суд Цэнтральнага раёна Менска пастанавіў, што Анатоль Лябедзька абавязаны выплаціць сумы пазыкі на карысць юрыдычных асобаў і дзяржавы, што, згодна з заявай суду, ён не зрабіў у добраахвотным парадку.

'Усё гэта мае прыкметы арганізаванай і мэтанакіраванай кампаніі', - лічыць палітык. Тры тыдні назад ён атрымаў паведамленне, што 6 жніўня суд Цэнтральнага раёна прыняў рашэнне і аб накладанні ў дачыненні да яго забароны на выезд з Беларусі. 'Я ні секунды не сумняваюся, што суддзя Алена Ілліна выконвае замову, бо дастаткова было зрабіць адзін званок у суд Савецкага раёна, каб удакладніць, што ўсе штрафы заяўнікамі Еўрапейскага марша пагашаныя, - сказаў Анатоль Лябедзька. -  Той жа вынік даў бы і званок ісцам, якія звярталіся ў суд'.

Пастанова аб забароне на выезд з краіны і накладанні арышту прынята толькі ў дачыненні да кіраўніка АГП. Нагадаем, што заяўнікамі Еўрапейскага марша 14 кастрычніка 2007 года выступілі таксама Аляксандр Мілінкевіч, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Яўген Афнагель і Зміцер Федарук.

'Адразу пасля атрымання рашэння суду аб забароне на выезд я паспрабаваў атрымаць зразумелую інфармацыю ад судовага выканаўцы Т. Каховіч. Аказваецца, яна звольнілася, і канцы ў ваду. І раптам новая неспадзеўка ў паштовай скрыні', - гаворыць Анатоль Лябедзька. Ён заўважае, што хоць пастанова і аб забароне на выезд, і аб накладанні арышту на кватэру суддзя Цэнтральнага раённага суду Алена Ілліна прыняла ў адзін дзень, 6 жніўня, але адпраўленыя яны яму з разбежкай у тры тыдні.

Лідэр АГП адзначыў таксама той факт, што па Старавіленскай выбарчай акрузе № 105 у Менску, дзе ён балатуецца, яго канкурэнт - старшыня суду Цэнтральнага раёна Мікалай Самасейка.   

'Зараз замест таго, каб займацца выбарчай кампаніяй, я павінен марнаваць час на тое, каб не пазбавіцца ўласнага жылля. Гэта і ёсць выбары па-беларуску', - сказаў Анатоль Лябедзька.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international