Праваабаронцы: Умовы ўтрымання пад вартай у Беларусі скрайне незадавальняючыя

2008 2008-09-02T15:45:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/9e0682a3-16d8-4db9-8bcb-589800243b5f_w397_s.gif

Умовы ўтрымання пад вартай у Беларусі скрайне незадавальняючыя і ўяўляюць з сябе формы нечалавечых адносінаў, - да такой высновы прыйшла група даследчыкаў з Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека. Як зазначыў віце-прэзідэнт гэтай арганізацыі Алесь Бяляцкі падобнае даследаванне ў Беларусі правесці досыць цяжка, бо доступ да інфармацыі пра ўтрыманне зняволеных закрыты. Але праабаронцы здолелі сабраць звесткі праз былых супрацоўнікаў судовых органаў ды тых, хто адбываў пакаранне ў месцах пазбаўлення волі.

Падчас прэзентацыі дакладу аб умовах утрымання пад вартай у Беларусі генеральны сакратар Міжнароднай федерацыі за правы чалавека Луіс Перас павітаў рашэнне беларускіх уладаў, якія вызвалілі апошніх палітвязняў, але канстатаваў, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі па-ранейшаму выклікае занепакоенасць у міжнароднай грамадскасці.

- Мы можам вылучыць асноўныя парушэнні. Найперш у Беларусі парушаюцца асновы прававой дзяржавы ды індывідуальныя гарантыі чалавека на яго абарону. З жалем мусім канстатаваць, што ў Беларусі не існуе незалежных судоў і вельмі слабыя механізмы абароны асобы.

Луіс Перас заклікаў беларускія ўлады да дыялогу ў пытанні рэформы Крымінальнага кодексу. У прыватнасці кіраўнік міжнароднай праваабарончай арганізацыі зазначыў, што артыкул, датычны дзейнасці незарэгістраваных арганізацый з’яўляецца відавочным парушэннем правоў чалавека.

Спадар Перас падкрэсліў, што яго арганізацыя не ёсць ворагам для беларускай улады і выказаў спадзяванні, што рекамендацыі даследчай групы чыноўнікі возьмуць да ўвагі.

- Летась прадстаўнікі нашай арганізацыі ўжо наведалі Беларусі, але тады іх не пажадалі прымаць. Хацелі бы прапаваць беларускім ўладам дыялог ды абмеркаваць пытанні правоў чалавека.

Кіраўнік ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі зазначыў, што няма чаго казаць пра ўмовы ўтрымання, бо ва ўсіх на вачах развальваюцца самі будынкі следчых ізалятараў. Што да ўласна ўмоваў, то тут нараканняў у даследчай групы хапае.

Праваабаронца прывёў прыклад з асуджанымі на смяротнае пакаранне.

- Вылучу толькі два моманты: зняволеных утрымліваюць у памяшканнях, дзе цалкам адсутнічаюць вокны, а на прагулкі выводзяць толькі раз на тыдзень.

Юрыст Валянцін Стэфановіч звярнуў увагу на яшчэ адну праблему, звязаную з утрыманнем пад вартай – наяўнасць такіх устаноў, як ЛТП. Ён выказаў думку, што ўтрыманне людзей у гэтых установах – незаконнае.

- Гэтая працэдура называецца “ўтрыманне асобаў, што хварэюць на алкагалізм і сістэматычна парушаюць грамадскі парадак, у мэтах іх працоўнай рэадаптацыі”. Садзіць чалавека на паўтары гады фактычна ў калонію за такія незначныя правапарушэнні – гэта несумяшчальна з законам. Я яшчэ не бяру такія аспекты, як іх прымусовае прыцягненне да працы ды жорсткая эксплуатацыя за капейкі, якая ажыццяўляецца ў ЛТП. Калі мы лічам іх хворымі, то лячэнне ў нашай краіне пакуль мае добраахвотны характар.

Валянцін Стэфановіч паведаміў, што юрысты “Вясны” плануюць ушчыльную заняцца пытаннем утрымання людзей у ЛТП ды звярнуцца ў Канстытуцыйны суд Беларусі ды Камітэт па правах чалавека ААН. Усяго ж даследчая група распрацавала некалькі дзесяткаў рекамендацыяў адносна ўмоваў утрымання пад вартай у Беларусі. У прыватнасці, праваабаронцы раяць беларускім уладам тэрмінова прыняць мараторый на прымяненне смяротнага пакарання, як першы крок да яе адмены.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international