Тыдзень выбарчай кампаніі: падзеі і абагульнені

2008 2008-08-30T14:46:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Галоўнай падзеяй тыдня стала рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Па дадзеных Цэнтрвыбаркама, зарэгістравана 276 кандыдатаў (вылучаліся 365 прэтэндэнтаў). Сярод кандыдатаў – 76 прадстаўнікоў палітычных суб’ектаў АДС.

Зафіксавана, якім чынам адбываліся праверкі акруговымі камісіямі дакументаў аб вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты і праводзілася рэгістрацыя кандыдатаў. Што ж не дазволіла незалежным і апазіцыйным прэтэндэнтам атрымаць шанец на дэпутацтва у Палаце прадстаўнікоў?

Назіральнікі сутыкнуліся з закрытасцю працы акруговых камісій па праверцы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў. “Назіральнікі не надзеленыя правам…” – асноўны лейтматыў тыдня ў іх стасунках з камісіямі.

Вылучэнцы ад улады актыўна працягвалі “працу з электаратам” -- датэрміновую агітацыю ў сродках масавай інфармацыі, сустрэчы на прадпрыемствах і установах.

Кандыдаты зарэгістраваныя, з вынікамі згодныя ня ўсе

Па дадзеных Цэнтрвыбаркама, зарэгістравана 276 кандыдатаў, 84 адмоўлена ў рэгістрацыі, 5 самі адмовіліся ад барацьбы за дэпутацкі мандат (вылучаліся 365 прэтэндэнтаў). Сярод кандыдатаў – 76 з 98 вылучаных прадстаўнікоў палітычных суб’ектаў АДС.

Акруговыя камісіі зарэгістравалі ў якасці кандыдатаў 92 прадстаўнікоў палітычных партыяў: 26 з 29 прадстаўнікоў АГП, 16 з 21 — Партыі БНФ, 13 з 18 — ПКБ, 13 з 17 — КПБ, 11 з 14 — БСДП (Г), 8 з 9 — ЛДП, 3 з 5 — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, а таксама па адным прадстаўніку Аграрнай партыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Не прайшлі рэгістрацыю па адным прадстаўніку Рэспубліканскай партыі і Патрыятычнай партыі. Сярод кандыдатаў – 38 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў трэцяга склікання.

Асноўнымі прычынамі адмоваў у рэгістрацыі кіраўнік ЦВК назвала прадстаўленне недакладных подпісаў выбаршчыкаў і недакладных звестак у дэкларацыях аб прыбытках і маёмасці.

Не ўсе прэтэндэнты, якім адмоўлена ў рэгістрацыі, пагадзіліся з пазіцыяй акруговых камісіяў. На 29 жніўня ў ЦВК паступілі скаргі ад дзевяці прэтэндэнтаў. Па ўсім відаць, гэтая лічба павялічыцца за бліжэйшыя дні.

“Памылка” Ярмошынай

29 жніўня старшыня ЦВК Лідзія  Ярмошына паведаміла журналістам, што безальтэрнатыўнымі выбары могуць быць у сямі акругах. Аднак у спісе зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты, які з’явіўся на сайце Цэнтральнай камісіі, можна пабачыць іншыя дадзеныя – на 12 акругах зарэгістраваны толькі па адным кандыдаце. Гэта наступныя акругі: Івацэвіцкая выбарчая акруга № 11; Пінская сельская выбарчая акруга № 15; Наваполацкая № 25; Рагачоўская выбарчая акруга № 45; Ваўкавыская выбарчая акруга № 48; Мастоўская выбарчая акруга № 56; Наваградская выбарчая акруга № 57; Смаргонская выбарчая акруга № 59; Шчунынская выбарчая акруга № 60; Барысаўская сельская выбарчая акруга № 63; Маладзечанская сельская выбарчая акруга № 71; Нясвіжская выбарчая акруга № 72. Як бачна, лідэрам па безальтэрнатыўных акругах з’яўляецца Гарадзеская  вобласць: “выбары без выбару” там пройдуць на 5 акругах.

Цікава, чаму спадарыня Ярмошына назвала журналістам недакладныя лічбы: ці яна проста не валодала інфармацыяй, ці ўсё ж некаторых прэтэндэнтаў, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі акруговымі камісіямі, ЦВК збіраецца абавязаць зарэгістраваць?

“Цікавыя” метады працы акруговых камісій

Сябры акруговых камісій пры праверцы сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў прадэманстравалі “цікавыя” метады працы. Не саромеючыся, яны тэлефанавалі ці прыходзілі да грамадзянаў, якія паставілі свае подпісы за незалежных прэтэндэнтаў і прасілі “адазваць” подпісы, напісаўшы заяву аб іх несапраўнасці. Такія выпадкі мелі месца ў Баранавічах, Менску, Барысаве і іншых гарадах.  

У Менску адазваць свае подпісы, аддадзеныя ў падтрымку Юрыя Карэтнікава, заклікалі выбаршчыкаў сябры акруговай камісіі 99-ай Паўднёва-Заходняй выбарчай акругі. Яны тэлефанавалі дадому да выбаршчыкаў і ў выпадку згоды былі гатовыя прыехаць да іх. Відаць, знайшліся тыя, хто паддаўся на “пераконванні” сяброў камісіі, бо Карэтнікаў не атрымаў рэгістрацыю менавіта з-за праблем з подпісамі.

Сумняваецца ў дабрасумленнасці працы сяброў выбарчай камісіі Барысаўскай сельскай выбарчай акругі №63 і незарэгістраваны сябра Партыі БНФ Сяргей Салаш, якому адмовілі ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата нібы з-за вялікай колькасці фальшывых подпісаў. Ён запатрабаваў камісію азнаёміць яго з усімі матэрыяламі праверкі, прадставіць поўны спіс імёнаў і прозвішчаў грамадзян, подпісы, якіх прызнаныя несапраўднымі, а таксама спіс імёнаў і прозвішчаў тых грамадзян, якія нібыта напісалі заявы аб адмове ад сваіх подпісаў. Сяргей Салаш настойвае таксама на прадстаўленні прозвішчаў сяброў акруговай камісіі, якія займаліся зборам такіх заяваў. У 2003 годзе, калі Салаш балатаваўся ў Барысаўскі гарадскі Савет дэпутатаў, яго таксама абвінавачвалі ў тым, што сярод подпісаў, сабраных у яго падтрымку, былі несапраўдныя. Аднак ужо на наступны дзень ён здолеў заручыцца распіскамі-пацверджаннямі грамадзян у тым, што яны паставілі свае подпісы за Салаша і ад сваіх подпісаў не адмаўляюцца. Магчыма, сітуацыя паўторыцца.

Праверка сапраўднасці подпісаў – без назіральнікаў

Праверка сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў па ўсёй краіне адбывалася ў адсутнасці назіральнікаў. На паседжаннях камісіяў абвяшчаліся толькі вынікі такіх “праверак”, але як яны праходзілі – засталося таямніцай, як і сапраўднасць названых дадзеных...

Так, назіральнікі з Магілёву Аляксандр Каралёў і Зміцер Салаўёў выказалі жаданне прысутнічаць падчас працы акруговай камісіі па праверцы подпісаў па акрузе №85, накіраваўшы спецыяльную заяву. Праз дзень яны атрымалі адказ, што назіральнікі маюць права прысутнічаць толькі на паседжаннях камісіі. Праца па праверцы дакументаў прайшла без іх удзелу. Старшыня акруговай камісіі Клеменковай заявіла, што праверка подпісаў праводзілася “рабочымі групамі” і не на паседжанні, таму ў назіральнікаў не было права ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве.

Не дазволілі прысутнічаць падчас праверкі подпісаў і назіральніку ад БХК Мікалаю Чыжыкаву. Старшыня акруговай камісіі Баранавіцкай сельскай акругі № 7 Пётр Дубоўскі напісаў назіральніку, што “Ваша прысутнасць падчас праверкі подпісаў у падпісных лістах не прадугледжана”. Пры гэтым спадар Дубоўскі спаслаўся на арт.13 ВК, але па ўсім відаць, што змест гэтага арыткула застаўся ім незасвоеным, а менавіта : “Падрыхтоўка і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца адкрыта і галосна. Адпаведныя камісіі інфармуюць грамадзянаў пра сваю працу па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў”. З прававога пункту гледжання, любыя калегіяльныя мерапрыемствы камісіі (у тым ліку – праца па праверцы сапраўднасці подпісаў) з’яўляюцца паседжаннем, а права прысутнічаць на паседжаннях адпаведных камісій запісана першым у раздзеле арт. 13 “Назіральнік мае права”.

“Назіральнікі не надзеленыя правам…”

Увогуле ўвесь тыдзень для назіральнікаў прайшоў пад умоўным лозунгам “Назіральнікі не надзеленыя правам…”. Яны не маглі атрымаць інфармацыю па розных аспектах выбарчага працэсу.

Ліст старшыні ЦВК Ярмошынай да праваабаронцы Паўла Левінава яскрава раскрывае разуменне прынцыпаў адкрытасці і галоснасці Цэнтральнай камісіяй. На скаргу ў ЦВК адносна адмовы сакратара акруговай камісіі Віцебскай сельскай выбарчай акругі №21 Марыны Здольнікавай прадставіць інфармацыю (прозвішчы, імёны і імёны па бацьку) аб асобах, якія падалі ў камісію дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў, праваабаронца атрымаў адказ: "Назіральнікі не надзеленыя правам азнаямленні з інфармацыяй аб асобах, якія прадставілі ў камісію дакументы, неабходныя для рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў". Што ўжо казаць пра іншую інфармацыю, калі назіральніку немагчыма нават даведацца, хто вылучаецца кандыдатам у дэпутаты?

У Віцебску не хацелі бачыць назіральнікаў нават на паседжаннях акруговых камісіяў падчас рэгістрацыі кандыдатаў ад улады. Пачатак паседжанняў акруговых камісіяў Віцебскай-Горкаўскай (№17) і Віцебскай-Чкалаўскай (№18) выбарчых акруг быў запланаваны 28 жніўня на 10 гадзін. Усе зацікаўленыя асобы былі напярэдадні апавешчаныя пра час, дату і месца паседжанняў камісій. Аднак у аўральным рэжыме, без тлумачэння якія-небудзь прычын, паседжанні пачаліся ў 9 гадзін. Назіральнікаў "забылі" праінфармаваць пра змены ў часе паседжання камісіяў, але не забылі праінфармаваць пра гэта ідэолага адміністрацыі Першамайскага раёна Мікалая Шлюпакова і намесніка аддзела адміністрацыі Першамайскага раёна Уладзіміра Цярэнцьева.

Правакацыі і ціск: грамадзка-палітычны фон кампаніі  

Прэтэндэнта ў кандыдаты па Барысаўскай сельскай акрузе №63, сябра Партыі БНФ Сяргея Салаша абвінавацілі ў “паклёпе” (артыкул 9.2 КаАП РБ) на намесніка старшыні Барысаўскага райвыканкама Валянціну Шутко і бібліятэкара сярэдняй школы №11 г. Барысава Таццяну Стасаву: нібыта ён назваў жанчын "фальсіфікатарамі выбараў". Пры гэтым Сяргей Салаш мае сведкаў, што ён не абвінавачваў Шутко і Стасаву ў фальсіфікацыі выбараў.  

Адразу пасля рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты па Бабруйскай сельскай выбарчай акрузе № 80 Аляксандра Чыгіра, ад ягонай жонкі запатрабавалі падаць дэкларацыю ў Бабруйскі міжраённы аддзел упраўлення Дэпартамента фінансавых расследванняў Камітэта дзяржаўнага кантроля.

Разглядаецца пытанне аб прыцягненні былога капітана міліцыі, кандыдата ў дэпутаты па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19 Андрэя Левінава да адміністратыўнай адказнасці па артыкуле 9.1. КаАП РБ. Нагадаем, яго абвінавачвалі ў тым, што ён прычыніў лёгкія цялесныя пашкоджанні калегу. Пракуратура праводзіла праверку па гэтым факце, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена, але калі кандыдат атрымае адміністратыўны арышт, то не выключаная сітуацыя, што агітацыю ён будзе вымушаны праводзіць у месцах пазбаўлення волі.   

Ціск аказваўся і на сяброў ініцыятыўных групаў апазіцыйных прэтэндэнтаў у кандыдаты. 26 жніўня ад жыхаркі Салігорску Яны Паляковай, якая збірала подпісы ў падртымку Вольгі Казулінай, супрацоўнікі КДБ запатрабавалі тлумачэнні наконт яе ўдзелу ў выбарчай кампаніі.

“Дафарміроўваць” участковыя камісіі не будуць, а вось перагляд складу некаторых з іх прыйдзецца правесці

Старшыня ЦВК Л. Ярмошына заявіла, што ЦВК не намераны дафарміроўваць участковыя выбарчыя камісіі (такая прапанова паступіла да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта ад палітычных суб’ектаў АДС у сувязі з мінімальным уключэннем у іх склад апазіцыйных вылучэнцаў).

Але пераглад складу некаторых участковых камісій усё ж прыйдзецца правесці. Так, пракуратура Капыльскага раёну прызнала незаконнасць фармавання некаторых з іх на тэрыторыі раёну. “Па кожным прыведзеным вамі (назіральніка Віктара Дашкевіча) факце запатрабаваныя і правераныя адпаведныя дакументы, якія паслужылі падставай для вылучэння таго або іншага кандыдата ў сябры ўчастковых камісій”, - паведаміў у адказе пракурор Капыльскага раёна Уладзімір Паляшчук. Восем прадстаўнікоў выбарчых камісій “былі вылучаны ад працоўных калектываў, сябрамі якіх яны не з'яўляюцца”.

Магчыма, такіх праверак аказалася б болей, але інфармацыя пра склад, шляхі вылучэння і месцы працы сяброў камісіў шмат дзе хаваюцца ледзь не як “дзяржаўная таямніца”. Большасць СМІ надрукавалі только прозвішчы сябраў камісіяў, а некаторыя не зрабілі нават і гэтага. Шмат дзе нумары са складам УВК дастаць было вельмі цяжка: адны газеты ў той дзень распаўсюджаваліся толькі па падпісцы, другіх не было ў свабодным продажы. Спісы ж камісіяў, выдадзеныя асобнай брашурай з невядомым накладам некаторымі гарадскімі і раённымі адміністрацыямі (напрыклад, Маскоўскага раёна г. Мінска), атрымаць было немагчыма.

Пры гэтым органы, якія ўтваралі камісіі, лічаць неправамерным прадстаўленне назіральнікам інфармацыі па вылучэнні прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі. У афіцыйным адказе, які атрымала назіральніца Святлана Рудкоўская, адміністрацыя Ленінскага раёну Гародні ўказала, што у патрабуемых назіральнікам дакументах змяшчаюцца асабістыя дадзеныя пра вылучэнцаў і таму, яны, як дзяржаўная ўстанова не маюць права даваць такія матэрыялы для азнаямлення. Такі ж афіцыйны адказ атрымаў з адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Гародні назіральнік Раман Юргель. І яшчэ канкрэтызавалася, што ў адпаведнасці з п. 69 артыкула 11 Рэгламента работы адміністрацыі раёна, ад 29.12.07 г., такія дакументы “прадстаўляюцца для азнаямлення супрацоўнікам апарата, кіраўнікам структурных падраздзяленняў адміністрацыі”. Цікава, якія “асабістыя дадзеныя” ўтрымліваюцца ў дакументах на вылучэнне ў склад камісіяў, якія несумяшчальныя з адкрытасцю выбарчага працэсу?

“Праца з электаратам” набірае моц

Працягвалася шырокая датэрміновая агітацыя праўладных прэтэндэнтаў (гэта зараз яны ўжо кандыдаты і могуць прыступаць да агітацыі). Такія факты мелі месцы у Гародні, Смаргоні, Бабруйску і іншых гарадах.  

Так, дзеючы дэпутат Таццяна Голубева за два тыдні да рэгістрацыі пачала “сустрэчы з выбаршчыкамі” на прадпрыемствах выбарчай акругі пад выглядам "дэпутацкіх справаздачаў”. На гэтых сустрэчах яна распавядае пра новыя законы, прынятыя з яе удзелам, і даводзіць, што яна зможа зрабіць для Смаргоні, калі зноў пераможа на выбарах. У жніўні Таццяна Голубева ўжо двойчы выступіла на Смаргонскім мясцовым кабельным тэлебачанні. 

22 жніўня адбыўся міні-канцэрт на дваровай тэрыторыі жылых дамоў каля Чарнаморскага рынка, які адносіцца да 35 выбарчай акругі, па якім вылучаецца Таццяна Філімончык. Арганізатарам і аўтарам ідэі такога мерапрыемства стала адміністрацыя Савецкага раёна, якую і ўзначальвае цяпер ужо кандыдатка. Яна падрабязна распавяла грамадзянам пра дасягненні сваёй адміністрацыі, дзякуючы чаму жыццё ў Савецкім раёне стала неапісальна добрае.

Начальнік галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Сінякоў, выкарыстоўваючы службовае становішча, праводзіў прыём грамадзян у Маладзечанскім і Валожынскім раёнах, матэрыялы з фатаграфіямі аб яго дзейнасці займалі ад адной да двух старонак у мясцовых газетах: 13.08.2008г. і 23.08.2008г. "Молодечненская газета"; 15.08.2008г. валожынская "Працоўная слава". У "Молодечненской газете" артыкула рыхтаваў сам рэдактар Хазянін А. і ў газеце ад 23.08.2008г. людзей Маладзечаншчыны ўжо наўпрост называе "маладзечанскім электаратам".

Старшыня Гарадзенскага гарвыканкаму Аляксандр Антоненка, які балатуецца па Гарадзенскай занёманскай акрузе № 49, вырашыў наладзіць сустрэчы “з жыхарамі гораду” ў ЖЭСе № 20, які знаходзіцца на тэрыторыі акругі. Пры гэтым жыхары не памятаюць, каб за ўвесь час знаходжання старшыні гарвыканкаму на сваёй пасадзе той выказваў такое жаданне.

Працягваўся “піяр” за вылучэнцаў ад улады і ў дзяржаўных СМІ

Такія публікацыі зафіксаваныя па ўсёй краіне. Прывядзем толькі некаторыя прыклады.

У газеце “Заря”, заснавальнікам якой з’яўляецца Брэсцкі аблвыканкам і абласны Савет, 21 жніўня з’явілася чарговая публікацыя пра Уладзіміра Майсюка, дзеючага дэпутата ПП НС РБ, які зноў рупіцца ў народныя абраннікі па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе № 7. На гэты раз у артыкуле карэспандэнта Алены Юркевіч “Дороги Владимира Майсюка”адзначаецца, што жыхары Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў чатыры гады таму аддалі за Майсюка 75 адсоткаў галасоў і што генеральны дырэктар “Брэстаўтадора” спраўдзіў іх надзеі, як дэпутат.

Не адстае і газета Віцебскага гарвыканкама "Витьбичи", дзе за 21 жніўня пад рубрыкай "Прамая лінія" апублікаваны на цэлую старонку матэрыял пра старшыню Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Генадзя Грыцкевіча, які вылучаецца па Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе №17. Публікацыя ўтрымлівае яго фатаграфію і перадвыбарчыя абяцанні: "Адвага патрабуецца, калі неабходна прадстаўляць і адстойваць нечыя інтэрасы. У нашым выпадку - гэта інтэрасы выбаршчыкаў. І паверце гэта нялёгка. Будзем працаваць і дамагацца рашэння нашых агульных задач".

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства