viasna on patreon

Апазіцыя лічыць адмову ў рэгістрацыі кандыдатаў палітычным рашэннем

2008 2008-08-28T17:27:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У апошні дзень рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў акружныя выбаркамы не зарэгістравалі цэлы шэраг дэмакратычных кандыдатаў. Прычыны адмовы ў рэгістрацыі стандартныя: частка подпісаў за іх прызнана несапраўднай, альбо выяўленая незадэклараваная маёмасць. Прадстаўнікі ўладаў кажуць, што іх экспэрты працавалі адказна і сумленна. Апазыцыянеры гавораць, пра палітычную матывацыю адмовы ў рэгістрацыі.

Сярод тых каму адмолена ў рэгістрацыі, намеснікі старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка і Віктар Івашкевіч, барысаўскія дэмакратычныя актывісты Сяргей Салаш і Анатоль Букас, лідэр блоку прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў і шэсць ягоных калегаў, Сяргей Чыслаў ды іншыя.

Сёння іх, альбо іх прадстаўнікоў выклікалі ў акружныя выбаркамы і паведамлялі, што ім адмоўлена ў рэгістрацыі з той, альбо іншай прычыны. Праведзеныя камісіямі экспертызы, маўляў, выявілі парушэнні. Што гэта за экспертызы і як яны праходзяць радыё Рацыя пацікавілася ў сакратара Цэнтрвыбаркаму Беларусі Мікалая Лазавіка:
- Праверку ўсіх без выключэння дакументаў праводзяць акружныя выбарчыя камісіі. Натуральна, што яны могуць задзейнічаць розныя дзяржаўныя органы. Грашовыя даходы правяраюцца пры дапамозе структураў міністэрства па падатках і зборах. Транспартныя сродкі, пры дапамозе Дзяржаўтаніспэкцыі, наяўнасць зямельных участкаў, кватэраў і дачаў пры дапамозе Міністэрства па маёмасці. Пры праверцы правільнасці збору подпісаў правяраецца працэдура самога збору і ці сапраўды грамадзяне ставілі подпісы ў падтрымку таго, ці іншага вылучэнца. Гэта звычайна робяць члены акружных выбаркамаў.

Вінцук Вячорка, у якога была выяўленая частка нібыта не сапраўдных подпісаў, лічыць, што прычына адмовы ў рэгістрацыі зусім у іншым:

- Падстава адна – палітычная. Ніякія рашэнні, ніякія акруговыя камісіі не прымаюць у справе рэгістрацыі таго, альбо іншага кандыдата. А потым ужо шукаюць зачэпкі. Ніякай веры камісіям, у складзе якіх няма нашых прадстаўнікоў, быць не можа.

Прадпрымальніку Аляксандру Макаеву адмовілі ў рэгістрацыі, бо ён нібыта задэклараваў не ўсе акцыі беларускіх прадпрыемстваў, якімі валодае:

- Прадузяты падыход выбарчых камісіяў ў справе рэгістрацыі кандыдатаў. На сёння Незалежны прадпрымальніцкі блок уладам не патрэбны. Таму яны і не рэгіструюць нашых кандыдатаў.

Усе прэтэндэнты, якім адмовілі ў рэгістрацыі, зьбіраюцца абскарджваць рашэнні выбаркамаў у судзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства