viasna on patreon

Таварыства аховы помнікаў просіць падтрымкі ў журналістаў

2008 2008-08-25T16:46:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звяртаецца да журналістаў з заклікам шырока асвятляць праблему «экскаватарнай» эксгумацыі на тэрыторыі Мінскіх брацкіх (вайсковых) могілак, якая, па звестках арганізацыі, пачнецца 26 жніўня.

Па інфармацыі, якую атрымала Таварыства, менавіта заўтра будуць працягнутыя працы па пракладцы інжынернага калектара на тэрыторыі вайсковых могілак (скрыжаванне вуліцы В. Харужай і Старавіленскага тракту, пляцоўка насупраць будынку №10 на Старавіленскім тракце).

«У траўні-чэрвені 2008 г. на глебе незаконнага дазволу, падпісанага намеснікам міністра культуры Уладзімірам Грыдзюшкам, ужо быў прэцэдэнт правядзення земляных прац “па касцях” абаронцаў Айчыны – герояў Першай сусветнай вайны… Наша грамадскае аб'яднанне паведаміла пра спробы распачаць незаконныя працы на тэрыторыі дадзенай гісторыка-культурнай каштоўнасці ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінгарвыканкам, Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў звароце старшыні Таварыства Антона Астаповіча да журналістаў.

Па дапамогу прэсы ён звяртаецца «з улікам цынічнай пазіцыі шэрагу прадстаўнікоў выканаўчых і распарадчых органаў у дачыненні да гісторыка-культурнай спадчыны і, у прыватнасці, да Мінскіх брацкіх могілак».

Прычыны занепакоенасці з нагоды вядзення земляных прац на тэрыторыі могілак падрабязна выкладзеныя ў звароце, які А. Астаповіч днямі накіраваў расійскаму прэзідэнту, прэм’ер-міністру і міністру замежных спраў РФ.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства