viasna on patreon

Дэбатаў на дзяржаўных радыёхвалях не будзе

2008 2008-08-29T16:41:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Дзяржаўнае беларускае радыё адмовіла Аб’яднаным дэмакратычным сілам у правядзенні дэбатаў у часе кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе радыё.

 

Адмова матываваная, апроч іншага, і тым, што кандыдаты ў дэпутаты і так будуць мець магчымасць бясплатна выступіць па радыё з выкладаннем сваіх праграм. Прапанова правесці перадвыбарчыя дэбаты яшчэ 13 жніўня была накіраваная таксама і ў тры беларускія тэлеканалы.

 

На думку старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, і тэлеканалы скажуць сваё "не". "Гэта ўкладваецца ў стратэгію выбарчае кампаніі, якую прапаноўвае ўлада. Яна зацікаўленая, каб у Беларусі ішла як мага больш ціхая выбарчая кампанія, каб людзі не змаглі зрабіць асэнсаваны свядомы выбар. Так што ўсё тут адпавядае той стратэгіі, якая прынята".

 

"Мы прапаноўвалі пайсці насустрач велізарнай колькасці выбарчыкаў, якія ставяць гэтае пытанне, прычым даволі жорстка. Магу гэта сказаць і сам і спаслацца на пазіцыю маіх калег, якія прайшлі сотні тысяч кватэр, у якіх ім задавалі пытанне: мы нічога не ведаем пра кандыдатаў, мала ведаем пра іх праграмы, чаму няма на радыё, на тэлевізіі шырокае дыскусіі, каб мы маглі паслухаць адных, другіх і зрабіць выбар?" – распавёў палітык.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства