viasna on patreon

Дзяржаўная газета практыкуе прысягі на вернасць

2008 2008-08-29T16:33:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У рэдакцыі газеты «Гомельская праўда» (друкаваны орган Гомельскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў) працягваецца практыка прынясення журналістамі клятвы вернасці.

У выпуску газеты №134 за 28 жніўня ў нататцы «Высокая ацэнка журналісцкай працы» паведамляецца, што на рэдакцыйным сходзе малады журналіст Дзмітрый Радзівон, выпускнік факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, прынёс клятву на вернасць прафесіі і «Гомельскай праўдзе». «На фоне рэдакцыйнага сцяга ён даў слова сваёй працай памнажаць добрую славу газеты, трымаць у чысціні пяро журналіста, падаваць прыклад заўсёды і паўсюль».

Прысяга на вернасць выданню практыкуецца ў рэдакцыі з мінулага года.

Нагадаем, што «Гомельская праўда» не раз выступала адказчыцай у судах аб абароне гонару і годнасці па зысках мясцовых дэмакратычных актывістаў. У сакавіку 2007 г. суд абавязаў выданне апублікаваць абвяржэнне звестак, што зневажалі старшыню Гомельскай гарадской арганізацыі АГП Андрэя Толчына.

У мінулым кастрычніку аналагічны зыск падаў дарадца Гомельскай гарадской арганізацыі БАЖ Леанід Судаленка. Прадстаўніца «Гомельскай праўды» Алена Аленчанка пагаджалася без судовага разбіральніцтва апублікаваць абвяржэнне спрэчнай інфармацыі пра яго сям'ю, аднак суд адхіліў зыск.

Сама Алена Аленчанка ў 2007 годзе атрымала званне лаўрэата конкурсу «Залатое пяро» Беларускага саюза журналістаў. Менавіта на старонках «ГП» галоўны ідэолаг Гомельскай вобласці Анатоль Каціла выказваўся наконт  асаблівай ролі СМІ «ў прапагандысцкіх метадах ідэалагічнай работы ва ўмовах новых выклікаў». «І ўлада, разумеючы гэта, аказвае ўсебаковую дапамогу СМІ», — цытавала словы А. Кацілы «Гомельская праўда» (№ 34 за 1 сакавіка 2008 г.)

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства