Дзесяць гадоў рэферэндуму-95: па ўсёй краіне бел-чырвона-белыя сьцягі, моладзь пратэстуе супраць зьнявагі гістарычнае памяці беларусаў

2005 2005-05-16T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У ноч з 13 на 14 траўня актывісты Маладога Фронту вывесілі некалькі дзясяткаў бел-чырвона-белых сьцягоў у знак нязгоды з антыдзяржаўным рэфэрэндумам па зьмене сымболікі, які адбыўся ў 1995 годзе. Нацыянальныя сьцягі былі ўзняты ў Менску, Віцебску, Берасьці, Гомелі, Магілёве, Горадні, Лідзе, Мастах, Зэльве, Жодзіна, Воршы, Баранавічах, Бабруйску, Смалявічах, Асіповічах, Полацку й Хоцімску. У Менску Малады Фронт узьняў сьцягі на ўезьдзе ў горад па маскоўскай шашы, на даху двух будынкаў скрыжаваньня праспэкту Скарыны й вуліцы Варвашэні, а таксама вялізарны нацыянальны штандарт быў вывешаны на мосьце праз Сьвіслач. У Віцебску трохмэтровае палотнішча зьявілася насупраць будынку аблвыканкаму, а ўвесь горад залеплены налепкамі “ГОРАД НАШ!”

15 траўня на сталічным праспэкце Францішка Скарыны, які А.Лукашэнка днямі перайменаваў сваім указам, прайшла чарговая мірная акцыя пратэсту супраць зьнявагі гістарычнае памяці беларусаў. Каля пяцідзесяці маладых людзей -- прадстаўнікоў маладзёвай ініцыятывы "Вока", "Вольнае моладзі" й Моладзі БНФ -- з партрэтамі Францішка Скарыны й ягонай крылатай фразай пра патрыятызм, з кнігамі ў руках прайшлі ад мэтро "Кастрычніцкая" да пляцу Якуба Коласа. Да моладзі далучаліся іншыя людзі. На шляху іх некалькі разоў затрымлівалі міліцыянты. Захапленьне ўдзельнікаў і шматлікіх сымпатызантаў-гледачоў выклікаў эпізод на пл. Перамогі, калі патрульны міліцыянт стаў чытаць па радыё свайму начальству Скарынаву цытату пад партрэтам: "Понеже от прирожения звери ходящие в пустыни знають ямы своя, птицы ведають гнезды своя, пчолы боронять ульев своих, тако ж и люди игде зродилися и ускормлены суть по Бозе к тому месцу великую ласку имають". Спытаўшыся, што рабіць, ён атрымаў па рацыі распараджэньне: "Пажадаць удачы". Аднак, увайшоўшы на тэрыторыю вядомага ў горадзе Савецкага РУУС, удзельнікі імправізаванага шэсьця напаткалі больш агрэсіўнае стаўленьне міліцыі. Каля філярмоніі быў затрыманы Францішак Вячорка, які ў мантыі ды з Скарынавай Бібліяй пад пахай граў ролю першадрукара; пры ўскладаньні кветак да помніку Якубу Коласу затрымалі Аляксея Галаўню, Паўла Мятліцкага, Уладзіміра Бычынава, Васіля Верамейчыка, Змітра Шостака, Руслана Сербіна, Арцёма Русаненку. Усіх зьвезьлі ў Савецкае РУУС на завулку Якуба Коласа, адкуль неўзабаве без пратаколаў, тлумачэньняў і прабачэньняў адпусьцілі. Маладыя людзі мерацца працягваць негвалтоўныя акцыі пратэсту, адзначае прэс-служба Партыі БНФ.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international