viasna on patreon

«Любыя выбары — гэта дадатковая магчымасць кантактаваць з людзьмi...»

2008 2008-08-22T16:52:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Усiм былi зададзены тры пытаннi: 1. Што змянiлася ў дзеяннях улад падчас гэтай выбарчай кампанii? 2. Як апазiцыйныя (дэмакратычныя) сiлы праводзяць гэтую кампанiю? 3. Што для апазiцыi можа быць карысным вынiкам гэтай кампанii?

Юрась ГУБАРЭВIЧ, намеснiк старшынi Партыi БНФ:

1. Фармальна так. Некалькi дзесяткаў чалавек ад апазiцыйных партый здолелi патрапiць у склад акруговых камiсiй. Былi зарэгiстраваны амаль усе iнiцыятыўныя групы прэтэндэнтаў у кандыдаты. Гэта фармальны бок, скiраваны на тое, каб зрабiць на знешнiх назiральнiкаў уражанне дэмакратычнасцi працэсу. Але па сутнасцi нiчога не змянiлася. Iдзе вялiкi цiск як на асоб, якiя вылучаюцца, так i на членаў iх камандаў. Запалохванне, выклiкi ў мiлiцыю i КДБ, звальненне з працы — звычайная практыка мiнулых выбарчых кампанiй. Так што ў гэтым сэнсе нiчога не змянiлася.

2. Актыўнасць не надта высокая. Гэта абумоўлена прадказальнымi вынiкамi выбараў — улада ўжо зараз дэманструе, што працэс не будзе дэмакратычным. А таксама апатыяй, якая пануе сярод выбаршчыкаў. Большасць беларусаў ведае, што ў краiне трэба нешта мяняць, але гэтыя змены яны не суадносяць з дзейнасцю дэпутатаў "палаткi".

Праўда, на агульным полi выдзяляюцца кампанii, якiя праводзяць прадстаўнiкi новага пакалення дэмакратычных лiдэраў. Тут можна прыгадаць Яраслава Бернiковiча, Сержука Салаша, Змiцера Шыманскага i Дзянiса Садоўскага. Iх аб'ядноўвае адсутнасць комплексу заўсёдных няўдачнiкаў.

3. Любыя выбары — гэта дадатковая магчымаць кантактаваць з людзьмi. Пры гэтым выкарыстоўваючы дадатковыя механiзмы камунiкацыi, звычайна не даступныя для апазiцыi — старонкi ў дзяржаўнай прэсе, па 5 хвiлiн на радыё i тэлебачаннi, сустрэчы з выбаршчыкамi ў актавых залах прадпрыемстваў i ўстаноў. Гэтага, канешне, недастаткова.

Акрамя таго, на практычных прыкладах парламенцкай кампанii важна паказаць людзям, у якiх варунках праводзяцца выбары ў Беларусi. Па даных сацыёлагаў, 2/3 выбаршчыкаў перакананы, што выбары праводзяцца сумленна, без парушэнняў i фальсiфiкацый. Таму важна данесцi інфармацыю пра адсутнасць роўных умоў i дэмакратычных працэдур да як мага большай колькасцi выбаршчыкаў.

Алесь МIХАЛЕВIЧ, намеснiк старшынi грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэньне":

1. Сёлетняя кампанiя парламенцкiх выбараў адрознiваецца большай лагоднасцю ўлад да рэгiстрацыi iнiцыятыўных груп незалежных прэтэндэнтаў. Да прыкладу, у 2004 годзе якiя-кольвек спробы сябраў дэмакратычнага руху патрапiць у парламент збольшага прыпынялiся на самым пачатку: на этапе рэгiстрацыi iнiцыятыўных груп цi рэгiстрацыi кандыдата.

Тым не менш нельга казаць, што прынцыпова штосьцi змянiлася. Па-ранейшаму прадстаўнiкi ўлады выкарыстоўваюць адмiнi-страцыйны рэсурс на ўсiх этапах выбарчай кампанii: ад фарміравання выбарчых камiсiй да вылучэння i рэгiстрацыi кандыдатаў.

2. Асаблiвасць сёлетняй выбарчай кампанii — праца ў мёртвы сезон адпачынкаў. Людзi раз'язджаюцца, людзi думаюць найперш пра якасны адпачынак. У падобнай сiтуацыi быў адзiны сродак поспеху — вялiкая колькасць iнiцыятыўнай групы, i ўпартасць людзей, якiя збiралi подпiсы за кандыдата.

3. Зразумела, што ў непразрыстых выбарах дэмакратычныя кандыдаты наўрад цi змогуць займець прадстаўнiчы працэнт парламенцкiх мандатаў. Тым не менш грамадства змяняецца: напрыклад, пенсiянеры вельмi незадаволеныя адменай iльгот на праезд i на лекi. Вырастае новае пакаленне людзей, якiя прагнуць самарэалiзацыi. Нельга грэбаваць магчымасцю данесцi альтэрнатыўнае афiцыйнаму бачанне будучынi беларускага грамадства.

Хрыстафор ЖАЛЯПАЎ, вiцебскi рэгiянальны каардынатар кампанii "За справядлiвыя выбары":

1. Улада дзейнiчае не так нахабна. Зарэгiстравалi ўсе iнiцыятыўныя групы. Не заўважана вялiкага цiску на людзей, якiя згадзiлiся увайсцi ў iнiцыятыўныя групы. Аднак заўважана, што зараз спрацоўваюць запалохваннi i рэпрэсii мiнулых выбараў, калi людзей звальнялi з працы за тое, што яны вылучалiся кандыдатамi на мясцовых выбарах. Альбо не працягвалi кантракты з тымi, хто працаваў у камандах Мiлiнкевiча i дэмакратычных кандыдатаў на мясцовых выбарах.

2. У 14 акругах Вiцебскай вобласцi былi вылучаны 22 кандыдаты ад апазiцыi. Гэта прадстаўнiкi розных партый, прадпрымальнiкi, незалежныя прыхiльнiкi дэмакратыi. На жаль, адзiнаму прадстаўнiку "Зялёных" прыйшлося зняцца з-за праблем, з якiмi сутыкнулася яго мацi на працы. Класiчны варыянт. У акруговыя камiсii было вылучана 30 чалавек, зацверджана — 6.

1. Народ убачыць лiдэраў перамен. Лiдэры згуртуюць свае каманды. Лiдэры i каманды створаць базу для будучых прэзiдэнцкiх выбараў.

Уладзiмiр КАЦЮРА, гомельскi рэгiянальны каардынатар кампанii "За справядлiвыя выбары":

1. Улада iграе ў выбары (больш правiльна — у працэдуры). Дзейнiчае больш хiтра супраць дэмакратычнага актыву. У камiсii ўключылi залежных людзей. Ужо сёння мы маем факты цiску на iх. Напрыклад, некалькi чалавек патрапiлi ў медвыцвярэзнiкi, а некаторых "выпадкова" збiлi. Акрамя таго, у якасцi цiску ўжываюць i быццам бы расследаванне тэракта ў Мiнску.

2. У нашым рэгiёне перадвыбарная кампанiя праводзiцца лепш, чым раней, але горш, чым хацелася б.

3. Карысна тое, што замацоўваецца арганiзацыйнае адзiнства i набываецца вопыт камандных метадаў работы. У новых умовах шукаюцца i нейкiя новыя метады работы. Усё гэта спатрэбiцца падчас прэзiдэнцкай кампанii.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства