Суд вяртае "Глосу з-над Немна" ("Glos znad Niemna") былога галоўнага рэдактара. "Саюз палякаў" у адказ прыпыняе выхад газеты

2005 2005-05-11T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прыпыніць сама меней на два тыдні выданне тыднёвіка "Глос з-над Немна" такое рашэнне прыняў выдавец газеты, ГА "Саюз палякаў на Беларусі", пасля таго, як суд у Гродне абавязаў арганізацыю аднавіць на пасадзе галоўнага рэдактара Андрэя Дубікоўскага.
Рашэнне аб прыпыненні выхаду газеты было агучана 6 траўня на Галоўным праўленні "Саюза палякаў". Падставай для гэткага кроку стала рашэнне суда Ленінскага раёна Гродна, які прызнаў незаконым звальненне з пасады былога галоўнага рэдактара "Глоса" Андрэя Дубікоўскага.
Андрэй Дубікоўскі быў звольнены з пасады галоўнага рэдактара газеты ў сярэдзіне красавіка рашэннем Рады Саюза палякаў на Беларусі. Новым галоўным рэдактарам быў прызначаны Анджэй Пісальнік, пад кіраўніцтвам якога пасля гэтага паспела выйсці тры нумары "Глоса з-над Немна". Прызнаўшы звальненне Дубікоўскага незаконным, суд абавязаў кіраўніцтва арганізацыі аднавіць яго на працы. Акрамя таго ГА "СПБ" вымушанае сплаціць у памеры каля мільёна рублёў кампенсацыю Андрэю Дубікоўскаму і судовыя выдаткі. Нястача, у выніку гэтых выплат, фінансавых сродкаў і сталася адной з прычынаў прыпынення выхаду газету.
З другога боку, як зазначаецца ў заяве, суд прыняўшы рашэнне ў справе Андрэя Дубікоўскага стварыў "небяспечны прэцэдэнт, які пагражае паралізаваць арганізацыю". Галоўнае Праўленне Саюза Палякаў на Беларусі падкрэслівае, што Андрэй Дубікоўскі быў звольнены з пасады галоўнага рэдактара адпаведна Статуту арганізацыі. Паводле Статута права прызначаць і здымаць галоўнага рэдактара газеты нададзена Радзе арганізацыі.
"Дэ факта гэткае рашэнне суда азначае ўмяшальніцтва ў дзейнасць кіраўнічых органаў нашай арганізацыі і ўводзіць двуўладдзе ў ГА "СПБ", - зазначана ў заяве Галоўнага Праўлення "Саюза палякаў".
- Мы знялі Дубікоўскага з пасады, бо пад яго кіраўніцтвам значна зменшыўся продаж газеты, "Глос" перастаў цікавіцца справамі палякаў.... Ад уладаў, я даведалася, што Дубікоўскі гэта добры рэдактар і рашэнне аб зняцці яго з пасады шкоднае, - так каментуе ў шэрагу польскіх газет рашэнне суда старшыня Саюза палякаў на Беларусі Анжаліка Борыс.
Кіраўніцтва арганізацыі мае намер у дзесяцідзённы тэрмін абскардзіць рашэнне суда. І да моманту, пакуль вышэйшыя судовыя інстанцыі не высвятляць, ці было правамоцным рашэнне суда Ленінскага раёна аднавіць Андрэя Дубікоўскага на пасадзе галоўнага рэдактара "Глоса з-над Немна", газета выходзіць не будзе. А гэта сама меней два тыдні, гаворыцца ў заяве Галоўнага Праўлення "Саюза палякаў".
Анжаліка Борыс кажа, што падпарадкуецца, калі ўсё ж рашэнне суда аднавіць Дубікоўскага на пасадзе галоўнага рэдактара газеты застанецца нязменным. У такім выпадку яна створыць прэсавы аддзел "Саюза палякаў", які ўзначаліць Анджэй Пісальнік.
На сераду, 11 траўня, кіраўніцтва "Саюза палякаў" склікае прэсавую канферэнцыю, дзе, між іншага, прадставіць сваё бачанне сітуацыі, якая склалася вакол "Глоса з-над Немна". Прэс-канферэнцыя пачнецца а 14-й гадзіне ў Гродне ў сядзібе "Саюза палякаў на Беларусі" па адрасе: Дзяржынскага,32.
Павал Мажэйка, служба маніторынга ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international