viasna on patreon

Тыдзень выбарчай кампаніі: падзеі і абагульненні

2008 2008-08-23T11:51:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Найбольш важнай падзеяй мінулага тыдня стала вызваленне палітычных вязняў Аляксандра Казуліна, Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча. Гэты крок уладаў адразу ж выклікаў дыскусію: наколькі падзея паўплывае на грамадска-палітычную сітуацыю падчас правядзення парламенцкіх выбараў. Праваабаронцы, якія праводзяць маніторынг выбарчай кампаніі, выказалі сваё меркаванне.

Падведзены вынікі фармавання ўчастковых камісій. Склад іх не стварае гарантый незалежнасьці ад органаў выканаўчай улады, інтарэсы дэмакратычнай апазіцыі праігнараваны.

Завершыўся працэс падачы дакументаў прэтэндэнтаў у кандыдаты ў акруговыя камісіі. Сярэдні “конкурс” на дэпутацкае месца склаў 3,3 чалавекі на месца, але на 6 акругах можна ўжо зараз віншаваць пераможцаў, бо выбары там пройдуць безальтэрнатыўна.     

“Хадакі” з акруговых камісій пайшлі да выбаршчыкаў, каб праверыць сапраўднасць іх  подпісаў у падтрымку прэтэндэнтаў у кандыдаты. Чамусці правяраюцца толькі тыя подпісы, якія пададзены ў падтрымку дэмакратычных вылучэнцаў. А па месцах працы такіх “неабачлівых” выбаршчыкаў “ушчуваюць” кіраўнікі дзяржаўных установаў, нагадваючы ім пра існаванне працоўных кантрактаў. 

Міністэрства юстыцыі нібыта забыла ці не ведае пра існаванне адпаведных законаў, патрабуючы ад партыяў у нерэальна кароткія тэрміны прадставіць дакументы аб вылучэнні прэтэндэнтаў у кандыдаты партыйнымі з’ездамі.

Органы фінансавых расследванняў КДК і падаткавыя органы працягваюць актыўную дзейнасць па высвятленіі фінансавага становішча прэтэндэнтаў у кандыдаты і членаў іх сем’яў.   

Дзяржаўныя СМІ працягваюць піяр-гонку “праўладных” прэтэндэнтаў. Пры гэтым выканкамаўскія газеты быццам сляпыя на адно вока – незалежныя вылучэнцы ў іх нават не ўзгадваюцца.

Вызваленне палітычных зняволеных наўрад ці паўплывае на сітуацыю з выбарамі

Шчыра вітаючы вызваленне палітычных зняволеных, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі выказаў меркаванне, што гэты крок уладаў наўрад ці паўплывае на характар выбараў: “Мне здаецца, што мы тут не павінны мець ніякіх ілюзій. Гэтыя рэчы могуць быць звязаны мінімальным чынам і, на жаль, не з’яўляюцца вынікам аднаго працэсу. Пакуль казаць пра дэмакратычнасць гэтых выбараў не прыходзіцца”.

Аднак выхад на волю палітвязняў можа зменшыць атмасферу страху, якая ў апошнія гады пануе падчас выбарчых кампаній у Беларусі. “Людзі павінны ўсведамляць, што за тое, што яны робяць падчас выбараў, за выказванне сваіх думак у іх не ўзнікне праблем”, -- лічыць старшыня “Беларускага Хельсінкскага камітэту” Алег Гулак. Пры гэтым праваабаронца ўпэўнены, што пакуль да грамадзянаў не вернецца адчуванне нармальнай свабоды і ня знікне страх, датуль немагчымы нармальныя выбары.

Вынікі фармавання ўчастковых камісій – несуцяшальныя

Праваабаронцы, якія праводзяць маніторынг выбарчай кампаніі, вельмі крытычна ацанілі працэс і вынікі фармавання ўчастковых камісій, якія і будуць ажыццяўляць падлік галасоў. Агульная колькасць асобаў, якія ўвашлі ў склад участковых выбарчых камісій, склала 69 845 чалавек. Што датычыцца агульнай колькасці ўсіх прадстаўнікоў грамадска-палітычных суб’ектаў, якія ўваходзяць у АДС, толькі мізэрная частка з іх была ўключаная ў камісіі: 48 з 1 515 прэтэндэнтаў, што складае 3,1 %. Такім чынам, ад агульная колькасці асобаў, што ўвайшлі ў склад участковых выбарчых камісій, прадстаўнікі дэмакратычных сіл складаюць 0, 07%. Гэтая лічба яшчэ меньшая, чым колькасць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў ва ўчастковых камісіях на мінулых парламенцкіх выбарах у 2004 г. (0,2 %).

Праваабаронцы адзначылі наступныя тэндэнцыі, якімі суправаджаўся працэс фармавання камісій дадзенага ўзроўню:

-- адсутнасць празрыстасці -- у шматлікіх выпадках прадстаўнікам грамадскасці было адмоўлена ў прысутнасці на паседжаньнх органаў, якія іх фармуюць;

-- неабгрунтаваныя адмовы прэтэндэнтам у склад камісіяў -- падчас разгляду прапановаў па ўключэнні ў камісіі выканаўчыя камітэты фактычна зацвярджалі падрыхтаваныя спісы без аналіза і абмеркавання вылучаных кандыдатур;

-- значнае супадзенне са складамі камісіяў папярэдніх выбараў;

-- вытворчы прынцып пры фармаванні складаў камісіяў.

Праваабаронцы лічаць, што адсутнасць заканадаўча дакладна вызначаных крытэраў пры ўключэнні ў склад камісіяў у сукупнасці з працэдурамі іх фармавання дазваляе органам, якія іх ствараюць, маніпуляваць складам камісій. Яны таксама выказалі заклапочанасць тым, што ўчастковыя камісіі сфармаваныя практычна без уліку інтарэсаў апазіцыі, што не стварае дастатковых гарантыяў іх самастойнасці і незалежнасці ад органаў, якія іх сфармавалі.

Асноўны прынцып стварэння ўчастковых камісій – іх залежнасць

Не атрымалі поўных звестак пра сябраў участковых камісій жыхары Баранавічаў, Барысава і іншых гарадоў. У Светлагорску склад участковых камісій быў змешчаны ў нумары, які распраўсюджваўся выключна па падпісцы, у продажы яго не было. Відавочна, склад участковых камісій не раскрываецца, бо галоўным прынцыпам іх стварэння з’яўляецца залежнасць. Як і на папярэдніх выбарах, у камісіях найчасцей працуюць члены аднаго працоўнага калектыву, а старшынём камісіі выбіраецца чалавек, ад якога астатнія сябры камісіі знаходзяцца ў працоўнай залежнасці.

Са 107 бабруйскіх участковых камісій  -  44 складаюцца з сябраў, якія працуюць у адным калектыве. Прычым у будынках СШ № 28 і № 20 будуць дзейнічаць па дзве камісіі, і ў склад кожнай з іх уваходзяць толькі супрацоўнікі гэтых школ. У Светлагорскай выбарчай акрузе камісіі таксама сфарміраваныя ў асноўным з работнікаў адной арганізацыі, а ўзначальваюць іх кіраўнікі гэтых арганізацый. У камісіі на Пралетарскім выбарчым участку № 1 – толькі работнікі цеплаэлектрацэнтралі; на Маладзёжным ўчастку № 13 – вытворчага аб’яднання “Хімвалакно”; на Чырвонаармейскім ўчастку № 14 – Цэлюлозна-кардоннага камбіната. Згодна апублікаванаму спісу, работнікі былі вылучаны на сходах структурных падраздзяленняў: напрыклад, на цеплаэлектрацэнтралі – ад бухгалтэрыі, электрычнага цэху, хімічнага цэху і г. д. У Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 5 на выбарчым участку № 6 (ліцэй № 1) старшыня камісіі – дырэктар ліцэя Аляксей Бычкоўскі, члены камісіі – прадстаўнікі гэтага ліцэя (10 чалавек); на выбарчым участку № 24 (СШ № 14), старшыня камісіі – дырэктар школы Мікалай Руды, сябры камісіі – 10 настаўнікаў гэтай школы; на выбарчым участку № 36 старшыня камісіі – галоўны ўрач бальніцы Генадзь Лабковіч, сябры камісіі – 9 супрацоўнікаў гэтай медустановы. Такое ж назіраецца і ў большасці іншых камісій як па гэтай акрузе, так і па Баранавіцкай-Усходняй акрузе № 6 і па Баранавіцкай сельскай № 7.

“Конкурс” на дэпутацкія крэслы знізіўся

Усяго ў акруговыя камісіі пададзеныя дакументы ад 365 прэтэндэнтаў на вылучэнне ў кандыдаты ў дэпутаты (у 2004 годзе вылучаліся 692). Найбольшая колькасць прэтэндэнтаў у Менску – 103 (конкурс – 5,2 прэтэндэнты на акругу), па 51 прэтэндэнту вылучана ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях (конкурс – 3 і 3,9 адпаведна), 47 – у Брэсцкай (2,9), 42 – Менскай (2,5), 38 – Гарадзенскай (2,8), 37 – у Віцебскай (2,6). У шасці выбарчых акругах вылучана толькі па адным прэтэндэнту на дэпутацкі мандат. У кандыдаты вылучаюцца 68 работнікаў органаў дзяржкіравання, з іх 41 – дзеючыя дэпутаты ніжняй палаты парламента. Ад палітычных партый вылучана 59 чалавек. Агульнай колькасць вылучэнцаў ад прадстаўнікоў грамадска-палітычных суб’ектаў, якія ўваходзяць у АДС, склала каля 100 прэтэндэнтаў.

Пры гэтым зафіксаваныя выпадкі стварэння перашкодаў з боку праваахоўных органаў у адносінах да прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, якія мелі намер вылучыць свае кандыдатуры. Так, не змаглі своечасова падаць дакументы на рэгістрацыю старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Юрый Істомін і сябра аргкамітэта па стварэньні БХД Аляксей Александровіч. Прычына простая: яны былі затрыманыя міліцыяй (Наваградку і Лепеля адпаведна) і правялі апошнія гадзіны да сканчэння тэрміну падачы дакументаў у акруговыя камісіі ў пастарунках.  

“Выбіральнасць” праверкі подпісаў

“Хадакі” з акруговых камісій пайшлі да выбаршчыкаў, каб праверыць сапраўднасць іх  подпісаў у падтрымку прэтэндэнтаў у кандыдаты. Чамусці правяраюцца толькі тыя подпісы, якія пададзены ў падтрымку дэмакратычных вылучэнцаў.

Так, сябры акруговай камісіі Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 5 пайшлі па кватэрах тых, хто паставіў подпіс у падтрымку Мікалая Чарнавуса. Яны дапытваюцца ў выбаршчыкаў – ці насамрэч яны ставілі подпісы ў падтрымку прадпрымальніка М.Чарнавуса, просяць распісацца на асобным лісце, каб зверыць подпіс. Больш таго, -- патрабуюць, каб людзі далі пісьмовыя тлумачэнні – у які час і дзе дакладна чалавек ставіў свой подпіс за спадара Чарнавуса. Гэта насцярожвае людзей, некаторыя ў час “візітаў” членаў выбарчых камісій да іх у кватэры гавораць: “Ды я ўвогуле не пайду галасаваць!”

Меньш прыхавана дзейнічаюць сябры акруговай выбарчай камісіі №87 у Магілёве: яны проста прапануюць выбаршчыкам адмовіцца ад подпісаў за незалежнага прэтэндэнта ў кандыдаты Таццяну Шамбалаву. Для гэтага яны прапануюць падпісаць заявы аб тым, што дату ў падпісных аркушах выбаршчыкі ставілі не сваёй рукой. Інфармацыя аб дзеяннях сябраў акруговай выбарчай камісіі стала вядома Таццяне Шамбалавай з тэлефоннага званка аднаго з выбаршчыкаў.

А па месцах працы “неабачлівых” выбаршчыкаў, якія паставілі свае подпісы за вылучэнне дэмакратычных прэтэндэнтаў, “ушчуваюць” кіраўнікі дзяржаўных установаў. Так, у Добрушы на прыватную гутарку да кіраўніцтва вызывалі медсясцёр Добрушскай раённай бальніцы, якія паставілі свае подпісы за вылучэнне Адама Варанца кандыдатам у дэпутаты па Гомельскай-Сельскай акрузе № 37. Галоўны доктар заявіла медсёстрам, што яны не мелі правы падпісвацца за гэтага чалавека, бо працуюць у дзяржаўнай установе і звязаныя з ім працоўнымі адносінамі - кантрактам.

Ці ведае Мінюст законы?

Міністэрства юстыцыі нібыта забыла ці не ведае пра існаванне адпаведных законаў, патрабуючы ад партыяў у нерэальна кароткія тэрміны прадставіць дакументы аб вылучэнні прэтэндэнтаў у кандыдаты партыйнымі з’ездамі. Так, 19 жніўня ў 17:45 ў сядзібу Партыі БНФ прыйшоў прадстўнік Міністэрства юстыцыі спадар Печкуроў з лістом, у якім утрымлівалася патрабаванне да 11 гадзін раніцы 20 жніўня прадаставіць у Мінюст арыгіналы альбо завераныя копіі дакументаў аб вылучэнні партыяй кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. А 20 жніўня Мінюст у “пажарным парадку” запатрабаваў прадставіць такія ж дакументы ад АГП, даўшы партыйцам меней за суткі на выкананне патрабавання.

Разам з тым, “Закон "Аб палітычных партыях" прадугледжвае 10-дзённы тэрмін для прадастаўлення дакументаў у Міністэрства юстыцыі, а артыкул 38 Выбарчага кодэкса прадугледжвае 3-дзённы тэрмін для падачы інфармацыі па запыце з акруговых выбарчых камісій.

Актыўнасць падаткавых органаў і фінансавай міліцыі “зашкальвае”  

Працягваюць атрымоўваць запыты з органаў фінансавых раследванняў КДК і падаткавых органаў прэтэндэнты у кандыдаты і члены іх сем’яў па ўсёй краіне.   

Так, сталічная падатвая інспекцыя звярнулася да старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі, прэтэндэнта ў кандыдаты па Старавіленскай выбарчай акрузе №105 Анатоля Лябедзькі з запытам пра ягоныя прыбыткі. Гэта стала ўжо пятай за апошні месяц праверкай палітыка з боку падаткавых і фінансавых органаў.

Намеснік старшыні Свабоднага прафсаюза Беларускага Юры Новікаў, які вылучаецца па Магілёўскай прамысловай выбарчай акрузе №87, атрымаў узо 7 заказных лістоў з органаў фінансавых раследванняў КДК. У лістах - патрабаванні з’явіцца ў орган фінансавых раследванняў і бланкі, якія неабходна запоўніць яму і ўсім яго родным.

21 жніўня на працу да жонкі прэтэндэнта ў кандыдаты Аляксея Паўлоўскага (Магілёўская-Цэнтральная выбарчая акруга №85) Галіны прыйшлі супрацоўнікі органаў фінансавых раследванняў КДК. Яны прыйлі не адны, а адразу з панятымі, і ўручылі пад роспіс патрабаваннне аб тым, каб яна прадаставіла дэкларацыю аб сваіх даходах да 29 жніўня.

Піяр-кампанія за “патрэбных” прэтэндэнтаў працягваецца  

Дзяржаўныя СМІ працягваюць піяр-гонку “праўладных” прэтэндэнтаў. Пры гэтым выканкамаўскія газеты быццам сляпыя на адно вока – незалежныя прэтэндэнты ў іх нават не ўзгадваюцца. Так, у газете “Вечерний Бобруйск” у артыкуле “Выдвижение кандидатов в Палату представителей закончилось” узгадваюцца прозвішчы толькі Уладзіміра Карпяка, Анатоля Глаза і Алены Шамаль. Тое, што па трох выбарчых акругах Бабруйшчыны вылучаныя ўсяго 13 прэтэндэнтаў, а тым болей – іх прозвішчы, не гаворыцца.

А ў газеце “Полацкі веснік” ад 19 жніўня на першай старонцы змешчана рэкламная аб’ява аб выступленні на радыё “Европа Плюс Полоцк” намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Пятра Южыка. Улічваючы, што П.У. Южык з’яўляецца прэтэндэнтам у кандыдаты па Полацкай гарадской выбарчай акрузе № 28, падобны выступ можна смела разглядаць як перадвыбарную агітацыю, бо раней у гэтай праграме выступалі выключна мясцовыя чыноўнікі. Палачанам упершыню за апошнія два дзесяцігоддзі прапануюць не мясцовага, а “заезжага госця”. А для тых, хто па нейкіх прычынах не здолее паслухаць такую важную перадачу, “Полацкі веснік” абяцае расказаць усе падрабязнасці прамога эфіру у наступным нумары.

Тым часам незалежным прэтэндэнтам, для якіх месца і часу ў дзяржаўных СМІ не знаходзіцца, застаецца пісаць скаргі. У Бабруйску дзве скаргі былі накіраваны ў ЦВК і суд, да якіх былі прыкладзены асобнікі газет “Бабруйскае жыццё” і “Вечерний Бобруйск”, дзе друкаваліся інтэрв’ю з прэтэндэнтамі ад улады. 

Разам з тым, старшыня ЦВК Л. Ярмошына не ўгледзела парушэнняў заканадаўства ў дзеяннях барысаўскай выканкамаўскай газеты “Адзінства”, дзе 6 жніўня быў надрукаваны артыкул "Крануты ўвагай" (у матэрыяле утрымоўваўся заклік "аддаць свае галасы за годнага, нястомнага працаўніка, уважлівага і клапатлівага чалавека" - дзеючага дэпутата Віктара Гумінскага). Назіральная рада па кантролі за дзейнасцю СМІ таксама палічыла, што "артыкул У. Жукоўскага ўтрымоўвае адзнаку дзейнасці дэпутата Гумінскага і не супярэчыць выбарчаму заканадаўству". 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”  

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства