...Каб не было магчымасці сфальсіфікаваць вынікі выбараў

2008 2008-08-21T00:41:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Вельмі добра, што на старонках "Народнай волі" актыўна абмяркоўваюцца пытанні, звязаныя з тым, як падчас парламенцкіх выбараў не дапусціць парушэнняў заканадаўства, прынцыпаў дэмакратыі, свабоднага волевыяўлення выбаршчыкаў. Я, напрыклад, згодзен з Казімірам Ляшчынскім, які прапанаваў апазіцыі арганізаваць кругласутачнае дзяжурства на пунктах датэрміновага галасавання. Сапраўды, іх трэба "аблажыць" так, каб, як кажа чытач, мыш не праскочыла.

Звычайна урна датэрміновага галасавання на ноч захоўваецца ў кабінеце, ключ ад якога ў старшыні камісіі, а можа быць яшчэ ў дзяжурнага міліцыянера. Дарэчы, нехта задумаў сфальсіфікаваць вынікі датэрміновага галасавання, то ў гэтым кабінеце можа захоўвацца і запасная урна. Вось чаму трэба, каб кабінет зачыняўся на два замкі — старшыні камісіі і прадстаўніка ад назіральнікаў. Разам яны павінны і зачыняць кабінет, і адчыняць. У кожнага, дарэчы, павінна быць свая пломба.

У дзень асноўнага галасавання асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць вынасным урнам — ні на хвіліну не пакідаць іх з адным членам камісіі. Калі такога назірання не будзе, то, не выключана, што ў некаторых акругах у гэтыя скрынкі можа быць укінута столькі бюлетэняў, колькі будзе патрэбна для фальсіфікацыі выбараў па тым ці іншым участку.

Машыну з бюлетэнямі ад участка да акруговай камісіі павінна суправаджаць машына назіральнікаў, а адзін ці два назіральнікі павінны ехаць у машыне з бюлетэнямі, таму што і ў машыне можа быць учынена махінацыя.

Нельга не звярнуць увагу на сістэму чыстага бланка пратакола, падпісанага ўсімі членамі ўчастковай камісіі. Падпішыце, кажа ім старшыня, а раптам што не так, у акружкаме зробяць заўвагу, тады, каб вас не шукаць, я змагу ўсё перааформіць на месцы. Такім чынам у акруговай камісіі можа мець месца "падгонкі" выніковага пратаколу пад патрэбныя лічбы, такія пратаколы могуць быць перададзены яшчэ да заканчэння галасавання. Таму кожны член акруговай камісіі павінен быць пад пільным кантролем назіральнікаў і кожны кабінет таксама.

Вельмі важна, каб падчас датэрміновага галасавання людзі не зганяліся прымусова на выбарчыя ўчасткі, а з'яўляліся для галасавання толькі тыя выбаршчыкі, якія ў асноўны дзень волевыяўлення будуць за межамі акругі. Агітацыйная кампанія павінна актыўна працаваць у гэтым накірунку. Трэба тлумачыць выбаршчыкам, што датэрміновае галасаванне — гэта магчымая лазейка для фальсіфікацыі, што калі вы не прагаласуеце датэрмінова, то вас ніхто не мае права пакараць і гэтак далей. На гэтую тэму павінна быць столькі ўлётак, як кватэр у кожнай акрузе. Карысці ад такіх улётак будзе болей, чым ад праграм кандыдатаў, якія расклейваюцца па горадзе, а дворнікі, атрымаўшы загад, ідуць і ўслед здзіраюць, ці спецыяльная каманда гэта робіць.

Упэўнены, што толькі пры такіх адносінах да выбараў апазіцыя зможа мець сваіх дэпутатаў у парламенце.

Максім ЛЫЧ, выбаршчык. г.Светлагорск.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international