viasna on patreon

Казулін: «Я сёньня ніхто. І гэта вельмі прыемна»

2008 2008-08-20T10:08:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёньня ў Менску на Ўправе ПБНФ Аляксандар Казулін сустрэўся з журналістамі. Паводле словаў палітыка, ён разьвітваецца зь мінулым і пачынае новае палітычнае жыцьцё.

Ён пакінуў адкрытым пытаньне аб байкоце выбараў, паставіўшы яго ў залежнасьць ад разьвіцьця сытуацыі. «Байкот выбараў адразу — гэта ўтопія, гэта на руку ўладам». Але «калі Лукашэнка не стрымае забавязаньняў, наўрад ці варта гуляць па сцэнары ўлады».

Казулін пасьля выхаду з турмы вытрымаў паўзу. Ацаніў сытуацыю, дачакаўся вынікаў перамоваў у Сочы.

У правядзеньні прэс-канфэрэнцыі палітыку адмовіў IBB-цэнтар — гарвыканкам не дазволіў, таму яе даводзілася праводзіць у невялічкай залі Ўправы БНФ. Задаць сваё пытаньне былому палітвязьню ці проста паглядзець на яго прыйшло сюды аб 11-й гадзіне ў сераду больш за сотню чалавек.

Аляксандар Казулін адразу расказаў, чаму ўвесь гэты час ён не даваў ніякіх камэнтараў прэсе.

«Гэта іншы Казулін. Не Казулін узору 2006 году, а новы. Раней я ня быў палітыкам, а цяпер ім стаў. Мае турэмныя ўнівэрсытэты скончыліся.

Ня трэба было сьпяшацца з вывадамі і зьнявагамі. Я правёў шырокі спэктар сустрэчаў з асноўнымі палітычнымі лідэрамі, апроч Мілінкевіча. Спадзяюся, што бліжэйшым часам сустрэча адбудзецца і зь ім, каб крыху зразумець і асэнсаваць сытуацыю», — зазначыў палітык. А яшчэ маўчаньне было зьвязанае з пахаваньнем цясьця.

З кветкамі ў руках яго вітала маці Андрэя Кіма Тацяна. Казулін і пачаў з падзяк тым людзям, якія яго не забывалі. Здаралася, што ў дзень прыходзіла больш за 200 лістоў. Была выказаная падзяка й цьвёрдай пазыцыі ЗША і Эўрасаюзу, безь якіх вызваленьне было б немагчымым.

«Гэта ня толькі мой боль і пакуты, гэта боль дзесяткаў тысяч сем’яў, якія праходзяць праз падобнае. Трапляюць пад «каток справядлівасьці», — кажа былы палітвязень. Увогуле, ён неаднаразова спыняўся на прыніжэньнях, якія прыносіць турма.

Па вызначэньні Казуліна, ён трапіў «у бяспраўны сьвет, дзе быў пазбаўлены ўсяго». І толькі там пабачыў «сыстэму ў поўным маштабе».

Для Казуліна непрынцыпова спагнаць з уладаў матэрыяльную кампэнсацыю за незаконнае зьняволеньне. Больш важна іншае. «Я сапраўды хачу, каб у камісіі ААН па правах чалавека разгледзелі маё пытаньне».

Пасьля такога ўступнага слова пачаліся пытаньні. Казулін адразу выбачыўся, што ня будзе адказваць на іх па-беларуску, бо яшчэ ня мае дастаткова «асэнсаваньня мовы».

Вызваленьне, як расказаў Казулін, адбылося вельмі раптоўна. А палове на дзясятую 16 жніўня яго выклікалі да намесьніка начальніка калёніі, каб паведаміць пра сьмерць цесьця. Празь некалькі гадзін была дадзеная каманда зьбірацца з рэчамі на выхад. Прычым, ніхто не паведамляў, ці гэта поўнае вызваленьне, ці толькі кароткачасовае на пахаваньне. Выпускалі яго праз турэмную сталоўку. Пры выхадзе з турэмных брамаў намесьнік кіраўніка Дэпартамэнту па выкананьні пакараньняў і паведаміў пра памілаваньне, падпісанае Лукашэнкам.

«Калі б гэта адбывалася ў іншых умовах, то я б адмовіўся выходзіць турмы, пакуль на волі не апынуліся б Кім і Парсюкевіч, бо ня маю на тое маральнага права. Нельга пераступаць празь нейкія маральныя каштоўнасьці. Але тут сабраўся згустак, калі адбылася і сьмерць, і вызваленьне. Прызнаюся, што прыкладна за месяц да гэтага я адчуў, што маё знаходжаньне ў турме падыходзіць да канца. Гэта такое пачуцьцё завершанасьці, калі ўжо не адбываецца нейкі духоўны рост. Я пачынаў рыхтаваць глебу да такога павароту ў маім жыцьці. Гэта быў своеасаблівы прагон праз канцлягер. Мы пастаянна жывём ва ўмовах прававога генацыду і бясчынства. Я цяпер знаходжуся пад каўпаком, за мной адбываецца назіраньне, езьдзяць тры машыны, праслухоўваюць тэлефоны. Цяпер мы мусім дамагацца маёй рэабілітацыі, а таксама безумоўнага вызваленьня Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча», – сказаў А.Казулін.

Ён не ведаў, што ў тыя самыя хвіліны адмыкаліся засовы і на дзьвярах камэраў Парсюкевіча й Кіма.

Наступным пытаньнем да Казуліна было пра ягоныя далейшыя пляны і дзеяньне.

«Я сёньня ніхто. І гэта вельмі прыемна. Я нуль, ці кола. А гэта адначасова і пустата, і ўсё. Перад мной адкрытыя ўсе дарогі. Я перарадзіўся занава, бо пабываў на тым сьвеце. Турма навучыла мяне цярпеньню, якога раней не было, таму буду спакойна разьбірацца», — сказаў ён.

          Наступныя прэзыдэнцкія выбары? «Буду ўдзельнічаць, але яшчэ ня ведаю ў якой якасьці»,– кажа палітык. «Да іх яшчэ тры гады — па беларускіх мерках аграмадны тэрмін»

Пра сваё здароўе Казулін сказаў, што ён здаровы і ня мае схільнасьці да інфарктаў ці інсультаў: «Я гранічна абачлівы, вельмі ўважлівы і асьцярожны», — сказаў ён, адказваючы на пытаньне пра імавернасьць яго фізычнае ліквідацыі.

Адначасова ён паведаміў, што за ім увесь час езьдзяць тры машыны. Ён лічыць, што гэта супрацоўнікі спэцслужбаў. Палітык атрымаў інфармацыю, нібыта ў КДБ і ў Службе бясьпекі Лукашэнкі працуе група з 10—15 чалавек, якія цікуюць менавіта за ім і ягонай сям’ёй.

На пытаньне пра выбух 4 ліпеня, ён адрэзаў: злачынцаў ніколі ня знойдуць. «Выбух быў зроблены ня проста прафэсійна, а вельмі прафэсійна, дакладна накіраванага дзеяньня. Іх [арганізатараў — Рэд.] ніколі ня знойдуць альбо знойдуць падстаўных асобаў».

Казулін асудзіў дзеяньні Міхэіла Саакашвілі ў грузіна-асяцінскім канфлікце, заявіў, што гэта была «вайны супраць свайго народу». Пры гэтым ён зазначыў, што дзеяньні Расеі былі адэкватныя грузінскім: «Расея вяла ваенныя дзеяньні на тэрыторыі сувэрэннай дзяржавы».

Што да парлямэнцкай кампаніі, то Казулін перакананы, што калі б ва ўлады зьявілася жаданьне правесьці адкрытыя і справядлівыя выбары, яго трэ было б толькі вітаць, бо гэта было б «на карысьць усяму народу». Але, сказаў ён, існуе «сьпіс уладаў», які ўжо быў зацьверджаны Лукашэнкам. На думку Казуліна, улады могуць працягнуць у парлямэнт некалькіх апазыцыянэраў, на якіх маюць кампрамат і пры магчымасьці будуць шантажаваць, ці абсалютна ніякіх палітыкаў, якія нічога там ня будуць здольныя зрабіць. Абуральнай ён назваў сытуацыю, калі ў сябры ўчастковых выбарчых камісій трапіла толькі 0,07 % дэмакратычных актывістаў.

Ён пакінуў адкрытым пытаньне аб байкоце, паставіўшы яго ў залежнасьць ад разьвіцьця сытуацыі. «Байкот выбараў адразу — гэта ўтопія, гэта на руку ўладам». І ў той жа час «калі Лукашэнка не стрымае забавязаньняў, наўрад ці варта гуляць па сцэнары ўлады».

Казулін ухіліўся ад пытаньня пра Расею, што ён думае пра саюзную дзяржаву і ці варта працягваць супрацоўніцтва ў рамках гэтых дамоваў. «Я пакуль нічога не магу вырашаць», — сказаў ён.

«Зьняцьцё з пасады старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) я ўспрыняў як знак лёсу, — заявіў палітык, які прыйшоў на прэс-канфэрэнцыю ў гарнітуры пад стрыманым шэрым гальштукам. —

Я разьвітваюся зь мінулым, я сёньня ніхто, і гэта вельмі прыемна,

— пажартаваў ён. —

Улада чакае, што Казулін пачне вайну ў апазыцыі. Улада гэтага прагне. Мне не патрэбныя пасады. Я буду рабіць усё, каб у апазыцыі спыніўся скандал»,

— паабяцаў Казулін.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства