Акцыі памяці Юрыя Захаранкі разагнаныя па ўсёй краіне, ёсьць затрыманыя

2005 2005-05-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Увечары 7 траўня ў цэнтры Магілёва былі затрыманы 12 актывістаў руху “Зубр”, якія наладзілі пікет, прысьвечаны гадавіне зьнікненьня былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі. Каардынатар “зуброўцаў” у Магілёўскай вобласьці Алег Мяцеліца паведаміў, што пікет праходзіў насупраць будынку абласной управы КДБ, у акцыі ўвогуле брала ўдзел каля 30 чалавек. Актывісты “Зубра” апранулі на пікет чырвоныя кашулі зь белымі крыжамі і выявамі Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, Віктара Ганчара і Зьмітра Завадзкага. Яны таксама трымалі ў руках партрэты зьніклых палітыкаў.
Аднак пікетчыкам перашкодзіла міліцыя. Паводле Алега Мяцеліцы, “зуброўцам” удалося прастаяць літаральна некалькі хвілінаў да ўмяшальніцтва міліцыянтаў. Потым частка ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі была затрымана.
Таксама 6 траўня магілёўскія “зуброўцы” на адным з вялікіх будынкаў у цэнтры горада вывесілі вялізны транспарант з надпісам “Дзе Захаранка?”. “Зубры” запэўнілі, што гэтае пытаньне было добра бачнае з вокнаў Магілёўскага гарвыканкаму.

7 траўня а першай гадзіне дня ў Віцебску 10 чалавек зь бел-чырвон-белымі шалікамі і партрэтамі зьніклага былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі выйшлі на Пляц Волі і сталі ланцугом каля Мастацкага музэю. Сябрам гарадзкіх арганізацый Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі і Партыі БНФ, а таксама вядомаму праваабаронцу Валерыю Шчукіну, які да іх далучыўся, удалося прастаяць на плошчы ўсяго хвілін дваццаць. Неўзабаве пад'ехалі некалькі міліцэйскіх машынаў, і супрацоўнікаў міліцыі стала ці не ўдвая болей, чым пікетоўцаў. Намесьнік начальніка Кастрычніцкага райаддзелу Аляксей Шаховіч запатрабаваў, каб людзі з партрэтамі разышліся, у адваротным выпадку, запэўніў ён, усе яны будуць дастаўленыя ў пастарунак – добраахвотна або гвалтам. Спадарыні Залескай ён асабіста нагадаў пра тое, што толькі ўчора на яе быў складзены пратакол за ўдзел у акцыі “Чарнобыльскі шлях”, і што паўторнае парушэньне правапарадку пацягне за сабою больш строгае судовае пакараньне – да прыкладу, арышт на 15 сутак – не зважаючы на сталы ўзрост і ня дужа моцнае здароўе. Пад прымусам супрацоўнікаў міліцыі “Ланцуг неабыякавых людзей” на Пляцы волі распаўся. Але партыйцы, хаця й пад наглядам міліцыянтаў, правялі і другую, заплянаваную на сёньня імпрэзу – усклалі памятны вянок да Вечнага агню на Плошчы Перамогі. Некалькі міліцэйскіх машын праводзілі іх з Пляцу Волі па вуліцы Леніна, патрульныя міліцыянты сачылі за іхнымі дзеяньнямі аж да самага апошняга моманту, аднак ускладзены вянок зь бел-чырвон-белай стужкай не кранулі.

Каля 20-ці хвілінаў у Берасьці працягвалася акцыя, прымеркаваная да гадавіны зьнікненьня Юрыя Захаранкі. Міліцыянты разагналі ўдзельнікаў акцыі, ёсьць затрыманыя.
Берасьцейскія актывісты апазыцыйных палітычных партыяў і прафсаюзаў сёньня апоўдні ладзілі акцыю каля гандлёвага цэнтру “Юбілейны” ў мікрараёне “Усход”. Удзельнікі акцыі стварылі ланцуг і трымалі партрэты Юрыя Захаранкі, які зьнік шэсьць гадоў таму. Гэтыя дзеяньні адразу выклікалі ўвагу міліцыянтаў. Яны паведамілі, што акцыя несанкцыянаваная і запатрабавалі ад як ўдзельнікаў разысьціся. Яшчэ праз некалькі хвілінаў былі затрыманыя старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сьцяпан Навасельчан і ягоны сын Андрэй, якіх адвезьлі ў пастарунак. Міліцыянты таксама спрабавалі затрымаць і кіраўніка арганізацыі прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Зінаіду Міхнюк, аднак астатнія ўдзельнікі акцыі зрабіць гэта не дазволілі. Аднак супрацоўнікі міліцыі пасьпелі перапісаць дадзеныя ейнага пашпарту. У пастарунку на Сьцяпана ды Андрэя Навасельчанаў былі складзеныя пратаколы нібыта за арганізацыю несанкцыянаванага сходу, што прывяло да парушэньня грамадзкага парадку. Сьцяпан Навасельчан патлумачыў, што не прызнае высновы міліцыянтаў, бо выйсьці з партрэтамі Захаранкі прымусілі грамадзянскі абавязак ды памяць пра гэтага чалавека, лёс якога дагэтуль невядомы.

У Горадні адбыўся несанкцыянаваны пікет, прысьвечаны 6-м угодкам зьнікненьня Юрыя Захаранкі. Акцыю наладзіў грамадзкі рух “Мы памятаем”. Пікет працягваўся гадзіну – з 14.00 да 15.00. Пасьля гэтага шэсьць зь сямі яго ўдзельнікаў былі затрыманы і дастаўлены ў Кастрычніцкі РАУС за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. (паводле Радыё Свабода)

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international