Прэтэндэнты на акругах вызначаныя: рэгіёны падводзяць вынікі

2008 2008-08-20T09:49:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Быхаў

На Быхаўскай выбарчай акрузе №82 пройдуць безальтэрнатыўныя выбары.

Ініцыятыўная група прэтэндэнта ў кандыдаты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Мікалая Гердзея не здолела сабраць неабходную колькасць подпісаў за яго вылучэнне. Мікалай Гердзей гаворыць, што ягоная група падвяргалася пастаяннаму ціску з боку ўлады, што стала прычынай нездавальняючага выніку працы па яго вылучэнню. Ціснулі не толькі на яго, але і на сябраў ягонай ініцыятыўнай групы. Спадара Гердзея неаднаразова выклікалі ў міліцыю, дапытвалі па справе тэракта ў Менску 4 ліпеня. Міліцыянеры распытвалі суседзяў спадара Гердзея па лесвічнай пляцоўцы аб яго штодзённых паводзінах. Падобныя допыты адбываліся і з сябрамі яго ініцыятыўнай групы.

Такім чынам, на выбарчай акрузе №82 застаўся адзін прэтэндэнт -- дэпутат Палаты прадстаўнікоў мінулага склікання спадар Сакадынец.

Рэчыца і Хойнікі 

У Хойніцкай выбарчай акрузе збор подпісаў прайшоў без праблем, лічыць прэтэндэнта у кандыдаты Леанід Судаленка. Упэўнена адчувае сябе і Валерый Пуціцкі ў Рэчыцкай акрузе.

“Яшчэ ў пятніцу здаў дакументы на рэгістрацыю – кажа Л. Судаленка, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. – 1118 подпісаў...”

Можна меркаваць, што ў яго канкурэнта – Георгія Дашкевіча, саветніка старшыні абласнога выканаўчага камітэта – подпісаў больш. Бо прадстаўнікі “кандыдата ад улады” збіралі іх у людзей на працы і казалі выбаршчыкам, што за іншых кандыдатаў падпісвацца ўжо нельга. Аб гэтым распавядалі Л. Судаленку самі выбаршчыкі. Ён лічыць, што ў Хойніцкай акрузе гэта было адзінае парушэнне з боку ўладаў на этапе збору подпісаў.

“Я думаю, што рэгістраваць будуць усіх кандыдатаў, – разважае Л. Судаленка. – Сёння уладзе гэта выгодна. Таму што Лукашэнка хоча нармалізаваць адносіны з Захадам. Памілаванне Казуліна – таксама з гэтага шэрагу”.

За сябра Партыі БНФ Валерыя Пуціцкага ў Рэчыцкай акрузе падпісаліся каля 1150 выбаршчыкаў. Нагадаем, што подпісаў мусіць быць не меней тысячы. Вылучэнцы збіралі іх “з запасам”, таму што частку акруговыя выбарчыя камісіі могуць “забракаваць”. Але В. Пуціцкі вылучаны кандыдатам у дэпутаты і на з’ездзе сваёй партыі. 

Барысаў

18 жніўня ў акруговую камісію падалі неабходныя дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў па Барысаўскай гарадской выбарчай акрузе №62 сябра АГП Віктар Гарбачоў, рэдактар недзяржаўнай газеты Анатоль Букас і дзеючы дэпутат, кіраўнік Менскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "Белая Русь" Віктар Гумінскі. Усе яны вылучаюцца шляхам збору подпісаў грамадзян. Па словах Ігара Ледніка, кіраўніка ініцыятыўнай групы А.Букаса, сакратар акруговай камісіі Таццяна Стасава адмовілася паведаміць, ці вылучаны нехта па 62 акрузе працоўнымі калектывамі.

Не ўдалося  атрымаць інфармацыю аб вылучэнні працоўнымі калектывамі і па Барысаўскай сельскай выбарчай акрузе №63 у сакратара акруговай камісіі Таццяны Тарасевіч. Тут кандыдатамі ў дэпутаты шляхам збору подпісаў грамадзян маюць намер стаць сябра Партыі БНФ Сяргей Салаш і генеральны дырэктар Рэспубліканскага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "Барысаўхлебпрам" Васіль Гур'янаў.

 

Орша

Па Аршанскай гарадской акрузе № 26 пададзеныя заявы аб жаданні балатавацца ад начальніка Беларускай чыгункі Ўладзіміра Жэрэла. Ён вылучаны ад выбаршчыкаў шляхам збору подпісаў, а таксама працоўнымі калектывамі швейнай фабрыкі "Світанак" і малочнага камбіната. Яшчэ адзін прэтэндэнт - настаўнік, сябра АГП Уладзімір Юржыц. Яго вылучылі выбаршчыкі шляхам збору подпісаў, а таксама з'езд Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

На Аршанскай Дняпроўскай акрузе № 27 таксама 2 прэтэндэнты. Дзеючы дэпутат Уладзімір Адашкевіч вылучаны калектывамі ААТ "Орша" і шляхам збору подпісаў. Больш 1000 подпісаў у падтрымку свайго вылучэння па гэтай акрузе здала сябра Партыі БНФ Ганна Леўчанкава. Прадстаўнік Еўрапейскай кааліцыі Андрэй Анташкевіч, чыя ініцыятыўная група была зарэгістраваная ў гэтай акрузе, падпісныя лісты ў камісію не здаваў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international