Ульяна Рыгораўна Захаранка: “Толькі адной надзеяй жыву – пабачыць перад сьмерцю сыночка...”

2003 2003-01-03T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З сем’ямі зьніклых беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў Праваабарончы цэнтр “Вясна” трымае цесныя сувязі і заўсёды імкнецца аказаць магчымую дапамогу. Таму мы адразу падтрымалі прапанову Зінаіды Ганчар, жонкі зьніклага віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктара Ганчара, наведаць маці выкрадзенага экс-міністра унутраных справаў Юрыя Захаранкі. 20 сьнежня двое супрацоўнікаў “Вясны” разам з Зінаідай Ганчар і сябрамі некаторых наўрадавых арганізацыяў накіраваліся да Ульяны Рыгораўны Захаранка.
Жыве Ульяна Рыгораўна ў пасёлку Васілевічы Гомельскай вобласьці, што болей за 300 кіламетраў ад Мінску, але, па словах жанчыны, да яе нярэдка прыязджаюць сябры, калегі Юрыя Мікалаевіча, журналісты. Вельмі добра ведаюць гэтую сям’ю ў Васілевічах, таму калі мы спыняліся, каб удакладніць шлях да дому Захаранкаў, вяскоўцы адказвалі: “Да міністравага дому едзьце туды...”
Звычайная вясковая хата. Утульная і цёплая. На сьценах партрэты родных, сярод іх – брата Ульяны Рыгораўны – Героя Савецкага Саюзу. У пакойчыку, дзе гадаваўся Юры Мікалаевіч, паўсюль здымкі, на ложку – ягоны патртрэт, на сьцяне – вялікая Пагоня.
“Як зайду ў Юраў пакой, так і плачу, -- гаворыць Ульяна Рыгораўна. -- Я столькі перажыла, інфаркт перанесла. А як з Юрам здарылася – думала, дакладна памру. Але вытрымала, жыву. Мне ж не гаварылі спачатку, хавалі ад мяне. Здароўя няма, “хуткая” часта прыяжджае, а тут растройства такое. Страшна цяжка”.
Немагчыма глядзець на сьлёзы маці. “Я думаю, што Юра мой жывы, хто б што ні казаў. Веру, што жывы, -- паўтарае Ульяна Рыгораўна. -- Як яго Лукашэнка зьняў з міністра, Юра прыехаў, зачыніўся ў спальні, перажываў, потым кажа: “Мама, калі што са мной здарыцца, гэта толькі яго работа. Толькі яго”.
Я ўсё думаю, як мне напісаць, каб патрапіў ліст проста да Лукашэнкі. Хаця б яму слова сказаць. Я ж пісала да Пуціна, той перадаў ліст у беларускі МУС – і нічога. Мне адтуль прыслалі адказ – калі мой сын знойдзецца, мы вам паведамім. Застаецца толькі чакаць і спадзявацца. Трэба цярпець.
Мне ўжо 78 гадоў. Так ужо колькі гадоў плачу. 22 гады мужа няма, толькі дзякуючы сыночкам трымалася. Глядзелі мяне. Так іх шкадавала, але давеку згубіла. Яны таксама шкадавалі, прыяджалі, працавалі – і гной раскідвалі, і сеялі, двор замяталі, дровы секлі. Юра быў міністрам – дапамагаў як заўсёды. Вырвецца і прыедзе. Дома ён атрымліваў зарад энергіі, прыедзе, пабудзе дзень-два – і зноў у Мінск. Прыходзілі тут да яго людзі – сябры, адкакласнікі, паздароваецца і пагаворыць з усімі.
Хлопцы ў мяне былі вельмі добрыя. Старжэйшы сын ужо як 5 гадоў таму памёр. Зараз радня дапамагае, прыяжджаюць, прадукты прывозяць, у хаце прыбяруць.
Жыцьцё ў мяне нялёгкае. Я пражыла шмат, шмат працавала – да 71 году. К сямі на працу, устаю ў чатыры, ухаджуся і бягу на працу. Спраўлялася. Такая была быстрая, а цяпер нехадзяшчая стала.
Сама я з Украіны, у 16 гадоў забралі ў Германію, у Кёльн. У 1991 годзе з Юрам езьдзілі у тыя месцы, дзе я была. Вось лёс які – Юра зараз невядома дзе, сям’я ягоная ў Германіі – у Берліне. Засталася я адненька, а я ж непрывычна – заўсёды сям’я вялікая, клопат, а зараз толькі адной надзеяй жыву – пабачыць перад сьмерцю сыночка”.
Ці спраўдзіцца надзея маці Юрыя Захаранкі? Ці змогуць нарэшце нашыя беларускія ўлады даць адказ на пытаньне, што хвалюе ня толькі старэнькую маці былога міністра, але і грамадзкасьць краіны: што сталася з Юрыем Мікалаевічам, з іншымі зьніклымі палітыкамі і грамадзкімі дзеячамі Беларусі?
Ульяна Рыгораўна гаворыць: “Я б хацела зьвярнуцца да тых, ад каго залежыць лёс майго сына: дапамажыце. І ня дай Бог вашым маці спазнаць такое гора”.
Падрыхатавала Тацяна Рэвяка.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international