Марцаў: Цяперашніх палітвязняў выпусцяць, але будуць новыя

2008 2008-08-19T12:30:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Палітолаг Пётр Марцаў мяркуе, што ў бліжэйшы час услед за Аляксандрам Казуліным на волю выйдуць астатнія палітвязні, але ніхто не гарантуе, што не з’явяцца новыя. Аднак выпусцілі Казуліна, па меркаванні эксперта Еўрарадыё, не насустрач Захаду, а супраць Расіі, з якой беларускае кіраўніцтва канчаткова перадумала будаваць адзіную дзяржаву.
ЕРБ: Як, на Ваш погляд, паўплывае вызваленне Казуліна на стасункі Беларусі з Захадам?

Пётр Марцаў (П.М.): Відавочна, што гэта адна з першых умоваў, якія Захад, а ў прыватнасці ЗША, высунулі беларускаму кіраўніцтву. Безумоўна, гэта адна з 12 умоваў ЕС, пасля выканання якіх магчымае нейкае супрацоўніцтва і дыялог.

ЕРБ: Ці прывядзе гэты крок да нейкай палітычнай адлігі? Ці выйдуць на волю астатнія палітвязні?

П.М.: Мяркую, што выйдуць, але не факт, што не пасадзяць іншых, мне падаецца, гэты працэс перманентны. Дый і потым вызваленне палітвязняў не трэба разглядаць асобным пунктам, таму што ў прынцыпе размова ідзе пра агульную дэмакратызацыю. Гэта ўсё комплексная праграма, якую Беларусь мусіць прайсці для таго, каб стаць дэмакратычнай дзяржавай. Аднак колькі ёй для гэтага спатрэбіцца часу, насамрэч, невядома.

ЕРБ: Ці бачыце вы яшчэ якія-небудзь прыкметы гэтай дэмакратызацыі, напрыклад, у выбарчым працэсе цяпер?

П.М.: Бачу, безумоўна. Гаворка ідзе пра ўключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў акруговыя выбарчыя камісіі, гаворка ідзе пра рэгістрацыю ўсіх перадвыбарных групаў. Я дапускаю, што адносна свабодным будзе доступ да СМІ, у тым ліку і да дзяржаўных. Прыкметы спробаў беларускіх уладаў выканаць умовы, якія прапанаваў Захад, ёсць.

ЕРБ: Як вы лічыце, з чым звязана тое, што зараз адбываюцца крокі ў бок дэмакратызацыі?

П.М.: Напэўна, ёсць нейкі канфлікт унутры элітаў, ёсць лорд Бэл і ёсць, напэўна, нейкі яго план, аднак гэта ўсё вынікі той сітуацыі, у якой апынулася Беларусь. Беларусь ці мусіла ісці на ўмовах Расіі ў саюзную дзяржаву, і, фактычна, калі не перастаць быць суверэннай і незалежнай дзяржавай, то значна знізіць сваю суверэннасць і незалежнасць, ці мусіць застацца незалежнай і суверэннай дзяржавай, а значыцца, ёй патрэбны нейкі іншы шлях развіцця, таму што эканамічныя ўмовы, у якіх жыве нашая краіна, для нас дастаткова складаныя. Калі раней мы маглі неяк выжыць, карыстаючыся танным газам і нафтай, то цяпер не. Патрэбныя крыніцы выжывання дзяржавы і грамадства.
У свеце няма новых рэцэптаў, апроч таго, каб ісці шляхам эканамічных пераўтварэнняў. Адпаведна рынак, рынкавыя эканамічныя адносіны цягнуць за сабой калі не дэмантаж, то карэкціроўку палітычнай сістэмы, таму што для таго, каб выжыць, мы мусім аднолькава прыязна эканамічна ўзаемадзейнічаць як з Расіяй, так і з Захадам. Калі Захад кажа, што абавязковай умовай нейкага эканамічнага супрацоўніцтва могуць быць толькі пэўныя пераўтварэнні, то нам нічога не застаецца рабіць акрамя таго, што ўвайсці ў Расію ці пачаць нейкія эканамічныя і палітычныя змены ў краіне.

ЕРБ: Як вы лічыце, якую ролю ў адносінах Беларусі і Захаду ў прынцыпе адыгрывае Нямеччына? Ці можа Нямеччына стаць свайго кшталту мастом паміж Беларуссю і Захадам?

П.М.: Я ня ведаю, чым займаецца нямецкі амбасадар, і што было на гэтай сустрэчы, аднак я здагадваюся, што Нямеччына вядзе актыўны дыялог з беларускім кіраўніцтвам, найбольш актыўны ў параўнанні з іншымі заходнімі краінамі. І калі бачыць нейкую наўпроставую сувязь паміж вызваленнем Казуліна і сустрэчамі пасла, то дыялог вядзецца цалкам паспяхова.

Дадамо, што вызваленне экс-кандыдата ў прэзідэнты і былога рэктара БДУ Аляксандра Казуліна пазітыўна ацаніла Беніта Феррера–Вальднэр, еўракамісар па замежных адносінах і Еўрапейскай палітыцы добрасуседства.Таксама прывіталі гэты крок беларускіх уладаў афіцыйныя асобы Францыі і ЗША. Еўракамісар выказала спадзяванне, што гэты крок дапаможа стварыць пазітыўную дынаміку ў стасунках Беларусі і Еўрасаюза.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international