Фармаванне ўчастковых выбарчых камісій

2008 2008-08-19T11:10:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заканадаўчае рэгуляванне

У адпаведнасці з арт. 28 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, падрыхтоўку і правядзенне выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў забяспечваюць акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі.

Паводле арт. 34 Выбарчага кодэксу, участковыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ствараюцца раённымі, гарадскімі выканаўчымі камітэтамі, а ў гарадах з раённым дзяленнем – мясцовымі адміністрацыямі ў складзе 5-19 членаў камісій не пазней чым за 45 дзён да выбараў.

Рашэнне аб стварэнні камісій з указаннем іх складу, месца знаходжання, нумароў тэлефонаў у сямідзённы тэрмін змяшчаюцца ў друку ці іншым спосабам даводзяцца да ведама грамадзянаў (выбаршчыкаў).

Па-за межамі Рэспублікі Беларусь пры правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў участковыя камісіі ствараюцца кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтв (консульскіх установаў) Рэспублікі Беларусь, якія дзейнічаюць на тэрыторыі адпаведных замежных дзяржаваў.

Працэдура вылучэння прадстаўнікоў у склад участковых камісій рэгулюецца арт. 35 Выбарчага кодэкса. Згодна з дадзеным артыкулам, палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы арганізацый ці калектывы іх структурных падраздзяленняў з ліку сваіх членаў, а таксама грамадзяне шляхам збору подпісаў могуць вылучаць у адпаведную ўчастковую камісію толькі па аднаму прадстаўніку.

Вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад участковых камісій маюць права:

-- кіруючыя органы абласных, Мінскіх гарадскіх, раённых, гарадскіх (у гарадах абласнога падпарадкавання), раённых у гарадах арганізацыйных структур палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць ніжэйстаячыя аганізацыйныя структуры;

-- кіруючыя органы гарадскіх (у гарадах раённага падпарадкавання) арганізацыйных структур палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць ніжэйстаячыя арганізацыйныя структуры, сходы іх першасных арганізацый. Першасная арганізацыя палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання мае права вылучаць свайго прадстаўніка ва ўчастковую камісію таго ўчастка для галасавання, на тэрыторыі якога знаходзіцца першасная арганізацыя.

-- сходы (канферэнцыі) працоўных калектываў арганізацый, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна, горада, раёна ў горадзе, пасёлка, селсьсавета і налічваюць не меньш за 30 працуючых. Прадстаўнікоў у склад участковых камісій могуць таксама вылучаць працоўныя калектывы ці калектывы іх структурных падраздзяленняў, якія налічваюць не меньш за 10 працуючых. Пры вылучэнні прадстаўнікоў у склад камісій ад калектываў структурных падраздзяленняў вылучэнне прадстаўнікоў у склад гэтых камісій ад усяго працоўнага калектыву арганізацыі не праводзіцца. Сход правамоцны, калі ў яго працы ўдзельнічаюць больш паловы складу калектыву. Канферэнцыі ў працоўных калектывах праводзяцца, калі скліканне сходаў ускладняецца па прачынах вялікай колькасці працуючых, шматзменнасці ці тэратарыяльнай разрозненнасцю структурных падраздзяленняў, і правамоцны пры ўдзеле ў іх працы не меньш дзвух трацей дэлегатаў, абраных у парадку, устаноўленым працоўным калектывам. Рашэнне сходу (канферэнцыі) працоўнага калектыву прымаецца большасцю галасоў яго ўдзельнікаў.

-- грамадзяне, якія валодаюць выбарчым правам, шляхам падачы заявы, калі яна падпісаная не меньш чым 10 грамадзянамі, што пражываюць на тэрыторыі ўчастка для галасавання.

-- органы, якія ўтвараюць камісіі.Паводле Каляндарнага плана, вылучэнне ў склад участковых камісій ажыццяўлялася да 10 жніўня ўключна.

Стварэнне ўчастковых камісій павінна было завершыцца не пазней за 13 жніўня. На працягу сямі дзён у мясцовых СМІ павінны быць надрукаваныя спісы членаў участковых выбарчых камісій.

Вылучэнне

Паводле інфармацыі сакратара Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалая Лазавіка, у склад 6 485 участковых выбарчых камісій было вылучана 73 576 чалавек. Больш паловы прэтэндэнтаў – 37 936 чалавек – вылучаліся грамадзянамі шляхам падачы заяваў; працоўныя калектывы вылучылі 24 144 прэтэндэнтаў, палітычныя партыі — 1 237, грамадскія аб’яднанні –102 59.

Сярод палітычных партый найбольшую колькасць прэтэндэнтаў у склад участковых камісій вылучыла Партыя камуністаў Беларуская – 425 чалавек. Аб’яднаная грамадзянская партыя вылучыла 344 прэтэндэнты, Партыя БНФ -- 201, Камуністычная партыя Беларусі -- 195, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) -- 70. Па аднаму прадстаўніку ў склад участковых выбарчых камісій вылучыла Аграрная партыя і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Такім чынам, прадстаўнікі палітычных партыяў склалі 1, 7 % ад усёй колькасці вылучаных ва ўчастковыя камісіі, 84,1% з іх – прадстаўнікі апазіцыйных партый.

Сярод грамадскіх аб’яднанняў найбольшую колькасць прэтэндэнтаў вылучыў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі -2 518 чалавек, “Белая Русь” вылучыла 1 817 прэтэндэнтаў, Беларускі саюз жанчын –1 051, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў – 612, Беларускі саюз афіцэраў – 60, БНФ “Адраджэньне” –113.

Грамадска-палітычныя суб’екты, якія ўваходзяць у АДС, вылучылі ў склад участковых камісій 1 515 чалавек: прэтэндэнты вылучаліся як непасрэдна паседжаннямі арганізацыйных структур, так і шляхам сбору подпісаў грамадзянаў. Пры гэтым, паводле рашэння АДС, у заявах аб вылучэнні ў склад участковых камісій шляхам сбору подпісаў грамадзян указвалася партыйная прыналежнасць прэтэндэнтаў.

Назіральнікі адзначылі, што працэс вылучэння прэтэндэнтаў ва ўчастковыя камісіі праходзіў без перашкод, усе зацікаўленыя мелі магчымасць падаць адпаведныя дакументы. Разам з тым, зафіксаваныя факты ціску на вылучэнцаў у камісіі з боку адміністрацый прадпремстваў і навучальных установаў з мэтай прымусіць іх адазваць пададзеныя заявы.

Вынікі фармавання

Агульная колькасць асобаў, якія ўвашлі ў склад участковых выбарчых камісій, склала 69 845 чалавек. З іх 36 071 былі вылучаны грамадзянамі шляхам падачы заяваў, 21 869 – ад працоўных калектываў, 9 032 – ад грамадскіх аб'яднанняў, 2 712 – ад органаў, якія ўтвараюць камісіі і толькі 161 прадстаўляюць палітычныя партыі. Ва ўчастковыя камісіі ўключаныя 116 прадстаўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ), 3 - Патрыятычнай партыі, 1 -- Аграрнай партыі, 1 -- Рэспубліканскай партыя працы і справядлівасці. З апазіцыйных палітычных партый ва ўчастковыя камісіі патрапілі 29 прадстаўнікоў Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ), 7 - Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП), 4 - Партыі БНФ.

Што датычыцца агульнай колькасці ўсіх прадстаўнікоў грамадска-палітычных суб’ектаў, якія ўваходзяць у АДС, толькі мізэрная частка з іх была ўключаная ва ўчастковыя камісіі: 48 з 1 515 прэтэндэнтаў, што складае 3,1 %. Такім чынам, ад агульная колькасці асобаў, што ўвайшлі ў склад участковых выбарчых камісій прадстаўнікі дэмакратычных сіл складаюць 0, 07%. Гэтая лічба яшчэ меньшая, чым колькасць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў ва ўчастковых камісіях на мінулых парламенцкіх выбарах у 2004 г. (0,2 %).

Табліца:Вынікі вылучэння і зацвярджэння ў склад участковых камісіяў прадстаўнікоў АДС

 Партыя БНФГА БНФ “Адраджэньне”АГППКБ БСДП (Г)Рух “За свабоду”
Вылучана ў склад УВК*338 388452118219
Вылучана ў склад УВК ад палітычных партый20111334442570---
Увайшло ў склад УВК772950

· -- агульная лічба вылучаных ад палітычнай партыі, шляхам сбору подпісаў грамадзянаў з указаннем партыйнасці вылучанага, грамадскага аб’яднання

Варта адзначыць, што многія прадстаўнікі дэмакратычных сіл зацверджаны ў склад участковых камісій на закрытых выбарчых участках (бальніцы, вайсковыя часткі, санаторыі, дыспансеры і г.д.).

Тэндэнцыі

-- адсутнасць празрыстасці

Фармаванне ўчастковых выбарчых камісій адбывалася яшчэ меньш празрыста, чым фармаванне акруговых выбарчых камісій. Паседжанні райвыканкамаў і раённых адміністрацый у гарадах з раённым дзяленнем вельмі часта (пераважна) праходзілі ў закрытым для грамадскасці рэжыме. На гэтыя паседжанні не дапускаліся прадстаўнікі няўрадавых арганізацый, незалежных СМІ, не запрашаліся прэтэндэнты, вылучаныя ў склад участковых камісій.

Так, назіральнікам ад РПГА “БХК” Р. Юргелю, М. Ворану, А. Янушкевічу, С. Рудкоўскай у адміністрацыях Ленінскага і Кастрычніцкага р-наў г. Гродна было адмоўлена ў прысутнасці на паседжаннях па фармаванні ўчастковых выбарчых камісій. Падобная сітуацыя была адзначаная ўдзельнікамі маніторынгу і ў іншых раёнах Гродзенскай вобласці.

Назіральнікам адмаўлялі нават у прадастаўленні інфармацыі пра час і месца правядзення паседжанняў выканкамаў. Так, на шматлікія тэлефанаванні Дзмітрыя Слуцкага (Гродзенская Паўночная выбарчая акруга № 51) у адміністрацыю Ленінскага раёну г. Гродна з просьбай паведаміць дату і час правядзення адпаведнага паседжання яму адказвалі, што такой інфармацыі пакуль няма. Гэта працягвалася да таго часу, пакуль у адміністрацыі не паведамілі, што паседжанне ўжо адбылося. Кіраўнік справамі адміністрацыі Алег Бялінскі, як і супрацоўніца, якая не пажадала наваць сябе, толькі раілі ўдзельнікам маніторынгу чытаць газету “Гродзенская праўда”, дзе павінны быць апублікаваныя спісы ўсіх участковых камісій. Па Мастоўскай выбарчай акрузе ўдзельнікі маніторыгу Лявон Карповіч, Алег Рамашкевіч і Анатоль Валюк таксама не змаглі даведацца дату і час паседжання адміністрацыі. Удзельнікі маніторынгу ў г. Гродна адзначылі, што паседжанні доўжыліся вельмі кароткі час і праходзілі без належнага абмеркавання вылучаных у склад камісій прадстаўнікоў. Інфармацыя аб колькасці вылучаных у склад участковых выбарчых камісій насіла цалкам закрыты характар.

12 жніўня праходзілі паседжанні Салігорскага, Слуцкага, Клецкага і Нясвіжскага райвыканкамаў па пытанні фармавання ўчастковых камісій. Назіральнікамі ад РПГА "БХК" загадзя былі прадстаўленыя ў выканкамы пісьмовыя заявы з просьбай дапусціць іх на гэтыя паседжанні. Назіральнік Алег Нікулін, якога дапусцілі на паседжанне Клецкага райвыканкама, прыкладна праз 15 хвілін пасля пачатку папрасіў прадставіць яму магчымасць азнаёміцца з пратаколамі і заявамі аб вылучэнні ў склад камісій. Пасля гэтага паседжанне Клецкага райвыканкама было абвешчана закрытым, і назіральніка выдалілі. Назіральніка Казіміра Кавецкага на паседжанне Салігорскага райвыканкам не дапусцілі. Пры гэтым адмовіліся праставіць кнігу заўваг і прапаноў, у якой ён хацеў напісаць скаргу на незаконныя дзеянні службовых асобаў. К.Кавецкі звярнуўся з пісьмовай заявай на імя пракурора Салігорскага раёна, у якой запатрабаваў пракурорскага рэагавання. Назіральніку Ўладзіміру Паклонскаму ў Нясвіжскім райвыканкаме адмовіліся прадставіць інфармацыю пра дату і час правядзення паседжання выканкама па фармаванні ўчастковых выбарчых камісій. Як ён даведаўся пазней, паседжанне Нясвіжскага райвыканкама прайшло 12 жніўня. Таксама не быў праінфармаваны пра дату, месца і час правядзення паседжання Слуцкага райвыканкама назіральнік Віталь Амяльковіч. Больш за тое, знаходзячыся 12 жніўня ў будынку Слуцкага райвыканкама і даведаўшыся, што ў адным з яго памяшканняў праводзіцца паседжанне райвыканкама па фармаванні ўчастковых камісій, ён папрасіў паведаміць яму нумар памяшкання, але ў гэтым яму было адмоўлена. Ужо пасля завяршэння паседжання В.Амяльковіч папрасіў азнаёміць яго з інфармацыяй пра персанальныя склады сфармаваных участковых камісій. На гэта яму сказалі, што яго права як назіральніка ад РПГА "БХК" распаўсюджваюцца толькі на дзеянні Слуцкай акруговай выбарчай камісіі, дзе ён зарэгістраваны назіральнікам, а рашэнні і дзеянні райвыканкама - гэта не яго прэрагатыва. Пры гэтым яму растлумачылі, што пра склады участковых камісій ён зможа даведацца з мясцовых СМІ.

Падобная тэндэнцыя назіралася і пры правядзенні паседжанняў райвыканкамаў у Гомельскай вобласці. Не былі дапушчаны назіральнікі на паседжанні Светлагорскага, Жлобінскага і Рагачоўскага райвыканкамаў, якія адбыліся 12 жніўня. Прадстаўнікамі выканкама было рэкамендавана азнаёміцца назіральнікам з вынікамі фармавання камісій у мясцовым друку. Было таксама адмоўлена ў праве азнаёміцца з дакументамі (пратаколамі аб вылучэнні), датычнымі вылучэння ў склад участковых выбарчых камісій. Прадстаўнікі райвыканкамаў параілі назіральнікам звярнуцца з гэтай просьбай у пісьмовым выглядзе ў адпаведенасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб звароце грамадзян”.

Назіральніку Мікалаю Уласевічу (старшыня Варнянскай арганізацыі АГП) адмовілі ў магчымасці прысутнічаць на пасяджэнні Астравецкага райвыканкама 11 жніўня, на якім зацвярджаўся склад участковых выбарчых камісій, а пасля адмовіліся азнаёміць з пратаколамі і заявамі прэтэндэнтаў на вылучэнне ў склад камісіяў. 12 жніўня намеснік старшыні райвыканкама В.З.Свіло растлумачыў пазіцыю выканкама наступным чынам: "Островецкий районный исполнительный комитет не считает необходимым приглашать на заседания районного исполнительного комитета, при рассмотрении вопроса об образовании участковых избирательных комиссий по выборам Палаты представителей Национального Собрания Республики Беларусь представителей политических партий, общественных объединений, трудовых коллективов, выдвинувших своих представителей в состав указанных комиссий" (у Смаргонскай выбарчай акрузе №59 па Астравецкім раёне вылучалася 7 прадстаўнікоў АГП).

-- фармальны характар паседжанняў выканкамаў

Практычна ўсе паседжанні райвыканкамаў і адміністрацыяў насілі фармальны характар і праходзілі без рэальнага абмеркавання кандыдатур, вылучаных ва ўчастковыя камісіі. На паседжаннях фактычна праходзіла фармальнае зацверджання загадзя сфармаваных складаў участковых выбарчых камісій.

Назіральнік Віктар Дашкевіч, які быў дапушчаны на паседжанне Капыльскага райвыканкама, зафіксаваў, што выканкам сфармаваў участковыя выбарчыя камісіі на працягу 15 хвілін: гэта значыць, старшыня райвыканкама прапанаваў прагаласаваць за ўжо гатовы спіс. Ніякага разгляду заяваў аб вылучэнні ў склад участковых камісій не было, самі заявы не агалошваліся. Назіральнік папрасіў азнаёміцца з пратаколамі або заявамі аб вылучэнні ў склад участковых камісій, але яму ў гэтым было адмоўлена. Пасля гэтага паседжанне выканкама было завершанае.

Паседжанне Лідскага райвыканкама па фармаванні ўчастковых выбарчых камісій, на якім прысутнічаў назіральнік ад РПГА “БХК” Л. Анацка, праходзіла з 14.30 да 16.10. Пры гэтым у выканкам было пададзена 1035 заяваў аб вылучэнні ў склад камісій Лідскай выбарчай акрузе № 54. Такім чынам, на разгляд кожнай заявы выканкам затраціў 5,7 секунд. Пры адзінагалосным галасаванні ва ўчастковыя камісіі акругі быў зацверджаны 951 чалавек.

Назіральнікі, якія былі дапушчаныя на паседжанні адміністрацый Ленінскага і Маскоўскага раёнаў г. Брэста, а таксама Пружанскага, Камянецкага райвыканкамаў, засведчылі, што паседжанні доўжыліся 10-15 хвілін, абмеркавання кандыдатур у склад камісій не адбывалася, спісы былі падрыхтаваны загадзя і зацвярджаліся адзінагалосна.

-- неабгрунтаваныя адмовы прэтэндэнтам у склад камісіяў

Па выбарчым участку № 62 Мухавецкай выбарчай акругі №4 было пададзена 13 заяваў. Сябра Партыі БНФ Пётр Андрыевіч, які быў вылучаны шляхам сбору подпісаў і чыя заява была зарэгістраваная за № 1, ня быў ўключаны ў склад камісіі з фармулёўкай “не хапіла месца”. Па выбарчым участку № 65 той жа акругі было пададзена 15 заяваў. Уладзімір Малей, праваабаронца, чыя заява таксама была зарэгістраваная за № 1, ня быў ўключаны ў склад камісіі з той жа фармулёўкай. Пры гэтым выканкам выклаў аргумент, што ім прынятае рашэнне абмежаваць колькасць сяброў участковых выбарчых камісій па 11 чалавек “з мэтай эканоміі грашовых сродкаў”.

-- значнае супадзенне са складамі камісіяў папярэдніх выбараў

Большасць удзельнікаў маніторынгу адзначаюць, што склад сфармаваных участковых выбарчых камісій фактычна супадае са складам участковых камісій, якія дзейнічалі пры правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў трэцяга склікання ў 2004 г.

Пры параўнанні складаў створаных участковых камісіяў па Барысаўскай сельскай выбарчай акрузе №63 высветлілася, што з 565 зацьверджаных сябраў камісіяў 157 чалавек уваходзілі ў склад участковых камісіяў у 2004 годзе. У Барысаўская гарадской акрузе №62 на 52 % ёсьць супадзенні па старшынях ўчастковых камісіяў: з 46 цяперашніх старшыняў 24 займалі гэтыя пасады падчас выбараў 2004 года.

-- вытворчы прынцып пры фармаванні складаў камісіяў

Захаваная тэндэнцыя, характэрная для ўчастковых выбарчых камісій пры папярэдніх выбарчых кампаніях — фармаванне іх па вытворчым прынцыпу, з прадстаўнікоў аднаго працоўнага калектыву пры фармальна розных шляхах вылучэння ў склад гэтых участковых камісій. Пры гэтым, як правіла, старшынём камісіі абіраецца чалавек, ад якога астатнія сябры камісіі знаходзяцца ў працоўнай залежнасці.

Так, з 15 сябраў участковай камісіі №1 Полацкай гарадской выбарчай акругі 14 з’яўляюцца супрацоўнікамі ТАА “Полацк-Шкловалакно” (пятнаццаты сябра камісіі, вылучаны ад КПБ, -- пенсіянерка, якая калісці была адной з заслужаных ткачых таго ж “Шкловалакна”). Усе сябры камісіі вылучаныя ад структурных падраздзяленняў ТАА “Полацк-Шкловалакно”. Пры гэтым старшыня камісіі – намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце прадпрыемства; намеснік старшыні камісіі -- дырэктар Палацу культуры, дзе арганізаваны ўчастак для галасавання; сакратар камісіі – журналіст малатыражкі “Трудовая смена”, чыё існаванне цалкам залежыць ад адміністрацыі. Па гэтай жа выбарчай акрузе ва ўсіх выпадках, калі ўчасткі створаны ў сярэдніх школах (24 з 38), старшынямі камісіяў з’яўляюцца дырэктары школаў. Настаўнікі складаюць ва ўсіх “прышкольных” камісіях пераважную большасць (9 чалавек з 15-ці у камісіі № 5(СШ № 10); 10 з 12-ці у камісіі № 6 (“Полацкая гімназія № 1”), 8 з 14-ці у камісіі №18 (СШ № 5)).

-- парушэнні арганізацыі выбарчага працэсу

Звяртаюць на сябе ўвагу рэгулярныя паведамленні ўдзельнікаў маніторынгу пра парушэнні арганізацыі выбарчага працэсу сябрамі выканкамаў. Так, Маладзечанскім райвыканкамам не быў арганізаваны прыём заяваў выбаршчыкаў аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісіяў: выбаршчыкі не маглі знайсці адказнага за прыём заяваў, адсутнічаў адпаведны журнал.

Высновы:

1. У шматлікіх выпадках працэс фармаваньня УВК заставаўся непразрыстым, прадстаўнікам грамадскасці было адмоўлена ў прысутнасці на паседжаньнх органаў, якія іх фармуюць.

2. Падчас разгляду прапановаў па ўключэнні ў камісіі выканаўчыя камітэты фактычна зацвярджалі падрыхтаваныя спісы без аналіза і абмеркавання вылучаных кандыдатур.

3. Адсутнасць заканадаўча дакладна вызначаных крытэраў пры ўключэнні ў склад камісіяў у сукупнасці з працэдурамі іх фармавання дазваляе органам, якія іх ствараюць, маніпуляваць складам камісій.

4. Участковыя камісіі сфармаваныя практычна без уліку інтарэсаў апазіцыі, што не стварае дастатковых гарантыяў іх самастойнасці і незалежнасці ад органаў, якія іх сфармавалі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international