“ГРОДЗЕНСКАЯ ЗОНА” – ТЭРЫТОРЫЯ РЫЗЫКІ ДЛЯ НЕЗАЛЕЖНЫХ ЖУРНАЛІСТАЎ. Заява ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з нагоды Сусветнага дня свабоды друку

2005 2005-05-02T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мы, прадстаўнікі незалежнай журналістыкі, далучаемся да ўсіх, хто 3-га траўня адзначае Сусветны дзень свабоды друку.
Мы канстатуем, што праблемы, звязаныя са свабодай слова ў нашай краіне, застаюцца нявырашанымі.
Улады па-ранейшаму ставяцца да СМІ як да прапагандысцкай машыны, патрабуюць ад прэсы абсалютнай паслухмянасці, устанавіўшы татальны кантроль за інфармацыйнай прасторай і дзейнасцю журналістаў.
Мінулы год быў адзначаны прыпыненнем 25 друкаваных СМІ, што стала сумным рэкордам апошніх гадоў.
Зонай павышанай рызыкі для незалежных медыяў стала Гродзенская вобласць, дзе яшчэ ў 2001 г. журналісты газеты «Пагоня» Мікола Маркевіч і Павел Мажэйка былі асуджаныя судом Ленінскага раёна г. Гродна на розныя тэрміны абмежавання волі.
Чарговая кампанія пераследу незалежных журналістаў на Гродзеншчыне прыпала на 2004 год.
У верасні на два гады пазбаўлення волі "за знявагу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" былі асуджаныя лідэры Гродзенскага прадпрымальніцкага руху Валерый Леванеўскі і Аляксандр Васільеў.
У той жа час была заведзена адміністратыўная справа супраць галоўнага рэдактара газеты "Биржа информации" Алены Раўбецкай за крытычны матэрыял з нагоды прызначанага на 17-га кастрычніка рэферэндума. А. Раўбецкую аштрафавалі на 1 млн. 350 тысяч рублёў, а ў лістападзе выхад газеты прыпынілі. Журналісты, якія выказалі салідарнасць з выданнем праз удзел у несанкцыянаваным пікеце, таксама атрымалі адміністратыўныя спагнанні.
У кастрычніку ў г. Ваўкавыску быў прыпынены выхад незалежнай “Местной газеты". Яе заснавальнік і галоўны рэдактар Андрэй Шантаровіч абвесціў бестэрміновую галадоўку пратэсту, якую пазней суд Ваўкавыскага раёна кваліфікаваў як несанкцыянаваны пікет і аштрафаваў А. Шантаровіча на 1 млн. 200 тыс. рублёў.
У тым жа годзе была ўзбуджана крымінальная справа супраць заснавальніка “Новой газеты Сморгони" Рамуальда Улана, якога ў выніку асудзілі на абмежаванне волі. Выхад "Новой газеты Сморгони" быў прыпынены.
У тым жа 2004 годзе на тэрыторыі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці быў затрыманы і канфіскаваны наклад газеты "День".

Увесну 2005 г. Гродзеншчына зноў прыцягнула да сябе ўвагу беларускай і міжнароднай грамадскасці. У пачатку сакавіка карэспандэнт інтэрнэт-сайту “Пагоня” Андрэй Пачобут быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за тое, што асвятляў ход несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў.

Праз некалькі дзён, у перыяд правядзення давыбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прадстаўнікі выбарчых камісій у парушэнне выбарчага заканадаўства забаранялі мясцовым і замежным журналістам прысутнічаць на выбарчых участках. Парушэнні былі настолькі відавочныя, што гэта афіцыйна адзначылі і прадстаўнікі Цэнтральнай выбарчай камісіі па выбарах і правядзенні рэферэндумаў.
Мы сведчым, што такое стаўленне да журналістаў у нашай краіне паступова ператвараецца ў норму ва ўзаемадачыненнях улады і прэсы.
Працягваецца практыка беспадстаўных адмоваў у заснаванні новых СМІ, непрадастаўлення друкарскіх паслугаў, абмежаванні ў распаўсюдзе друкаванай прадукцыі, адмовы ў прадастаўленні інфармацыі і забароны прысутнічаць на розных мерапрыемствах, што праводзяцца мясцовымі ўладамі, выклікі журналістаў у праваахоўныя органы ў сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю.
Але і ў гэтых умовах незалежная прэса захоўвае адданасць прынцыпам журналісцкай прафесіі, застаецца крыніцай, з якой грамадзяне Беларусі могуць атрымліваць аператыўную і ўсебаковую інфармацыю пра падзеі ў краіне і свеце.

Мы заклікаем усіх сумленных людзей, якім дарагія ідэалы свабоды і дэмакратыі, далучыць свой голас у падтрымку незалежнай прэсы Беларусі.

Праўленне ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

2 траўня 2005 г.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international