Тыдзень выбарчай кампаніі: падзеі і абагульненні

2008 2008-08-16T19:02:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Галоўнай падзеяй бягучага тыдня стала завяршэнне фармавання ўчастковых выбарчых камісій. Як паказалі вынікі, працаваць у камісіях будуць толькі асобныя прадстаўнікі дэмакратычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў.  

Наступнай тэндэнцыяй тыдня стаў яшчэ больш актыўны “піяр” праўладных кандыдытатаў у дзяржаўных СМІ, якія не саромеюцца – у парушэнне выбарчага заканадаўства – ужо на гэтым этапе выбараў даваць перадвыбарныя абяцанні. Прэтэндэнты ў кандыдаты, асабліва дзеючыя дэпутаты, быццам “прачнуліся” пасля доўгай, 4-гадовай, спячкі і раптам успомнілі пра сваіх выбаршчыкаў. Дакладней, вырашылі, што прыйшла пара “карміць” людей чарговай порцыяй абяцанняў.  

А вось так званая “самадзейнасць” – вылучэнне без узгаднення з уладамі, што на самой справе з’яўляецца выяўленнем палітычнай волі грамадзяніна, не толькі не выклікае захаплення (а павінна была б – нарэшце, навідавоку палітычная актыўнасць, да якой заклікаюць улады!), але і прыводзіць да звальнення добрасумленных працаўнікоў...

Збор подпісаў за прэтэндэнтаў “ад улады” значна адрозніваўся ад аналагічнага працэсу, у якім задзейнічаныя  дэмакратычныя і незалежныя прэтэндэнты.

ТЭНДЭНЦЫІ Ў ФАРМАВАННІ ЎЧАСТКОВЫХ КАМІСІЯЎ

… неўключэнне партыйных прэтэндэнтаў

На працягу тыдня па ўсёй краіне адбыліся паседжанні раённых выканаўчых камітэтаў, на якіх былі сфармаваныя 6 485 участковых камісіяў, агульная колькасць сяброў якіх склала 69.845 чалавек. Палітычныя партыі вылучылі 1 237 сваіх прэтэндэнтаў. З апазіцыйных партыяў найбольшую колькасць вылучлыла Партыя камуністаў Беларуская – 425 чалавек, Аб’яднаная грамадзянская партыя – 344, Партыя БНФ – 201, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) – 70. Пры гэтым Кааліцыя аб’яднанных дэмакратычных сілаў (АДС) заявіла, што ўключэнне яе прадстаўнікоў у камісіі з’яўляецца адной з умоваў прызнання, а ў некаторых рэгіёнах -- і далейшага ўдзелу выбарчай кампаніі. Між тым, ў склад камісіяў былі ўключаныя адзінкавыя прэтэндэнты: 29 прадстаўнікоў Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ), 7 — Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), 4 — Партыі БНФ, БСДП (Г) - 3 чалавекі. Яшчэ 4 прадстаўнікі ад Грамадскага аб'яднання БНФ “Адраджэнне” ўключаныя ў склад участковых камісіяў (прадстаўнікоў прадзяржаўных грамадскіх арганізацый -- 9 тысяч 28 чалавек).

… “клінічны” ўхіл

З 43 сяброў Партыі камуністаў Беларускай, вылучаных у склад участковых камісіяў па Коласаўскай выбарчай акрузе № 106 Менску, рашэннем адміністрацыі Савецкага раёна уключаны ў склад УК толькі 3 чалавекі. І ўсе – на закрытыя участкі: участак № 495 – Гарадская інфекцыйная клінічная бальніца, участак № 500 – Ваенны шпіталь, участак № 505 – Шпіталь МУС.

У тым жа раёне кіраўнік ініцыятыўнай групы Вінцука Вячоркі (107-ая акруга) зацверджана ў склад участаковай камісіі ўчастку, які знаходзіцца ў супрацьтуберкулёзным дыспансэры і налічвае ўсяго 60 выбаршчыкаў. 

…рэжым сакрэтнасці

У большасці рэгіёнаў Беларусі на паседжанні выканкамаў па стварэнні ўчастковых камісіяў назіральнікаў не дапусцілі.

Назіральніку Ўладзіміру Паклонскаму ў Нясвіжскім райвыканкаме адмовіліся прадставіць інфармацыю пра дату і час правядзення паседжання выканкама па фармаванні ўчастковых выбарчых камісій. Як ён даведаўся пазней, паседжанне Нясвіжскага райвыканкама прайшло 12 жніўня.   

Не быў праінфармаваны пра дату, месца і час правядзення паседжання Слуцкага райвыканкама і назіральнік Віталь Амяльковіч. Больш за тое, знаходзячыся 12 жніўня ў будынку Слуцкага райвыканкама і даведаўшыся, што ў адным з яго памяшканняў праводзіцца паседжанне райвыканкама, ён папрасіў паведаміць яму нумар памяшкання, але ў гэтым яму было адмоўлена.

Назіральніка Казіміра Кавецкага, які прыйшоў у Салігорскі райвыканкам, на паседжанне выканкама не дапусцілі. Пры гэтым адмовіліся праставіць кнігу заўваг і прапаноў, у якой ён хацеў напісаць скаргу на незаконныя дзеянні службовых асобаў райвыканкама.

Падчас паседжання Капыльскага райвыканкама назіральнік Віктар Дашкевіч папрасіў азнаёміцца з пратаколамі або заявамі аб вылучэнні ў склад участковых камісій. У гэтым яму было адмоўлена, а паседжанне завершанае.

Прыкладна праз 15 хвілін пасля пачатку паседжання Клецкага райвыканкама назіральнік Алег Нікулін папрасіў прадставіць яму магчымасць азнаёміцца з пратаколамі і заявамі аб вылучэнні ў склад участковых выбарчых камісій. Рэакцыя членаў выканкама была даволі цікавай - паседжанне было абвешчана закрытым, і назіральніка выдалілі.

…ціск на вылучэнцаў

Спіс прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі па 97-ай Кастрычніцкай акрузе ад Партыі БНФ быў пададзены ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёна 7-га жніўня ў першай палове дня. Ужо ўвечары таго ж дня двум чалавекам з гэтага спісу адтуль патэлефанавалі, удакладнілі, ці сапраўды яны прэтэндуюць на ўключэнне ў камісіі, і запрасілі прыйсці ў адміністрацыю.

Па 99-ай Паўднёва-Заходняй выбарчай акрузе спіс прадстаўнікоў ад Партыі БНФ ва ўчастковыя камісіі быў пададзены ў раённую адміністрацыю 7-га жніўня ў другой палове дня, а зранку 8-га жніўня некаторым з іх ужо патэлефанавалі з прапановамі адмовіцца ад сяброўства ва ўчастковых камісіях і запрашэннем на размову. Ціск аказваўся з боку адміністрацыяў працоўных калектываў і навучальных установаў.

 Перад студэнтам, які вылучыў сваю кандыдатуру ў камісію аднаго з участкаў па 99-ай Паўднёва-Заходняй выбарчай акрузе, кіраўніцтвам ВНУ выбар быў пастаўлены літаральна так: ці камісія – ці навучанне.

Супрацоўнік шарыкападшыпнікавага заводу за вылучэнне сваёй кандыдатуры ў  камісію быў пазбаўлены прэміі (350 тыс.), пры гэтым кіраўніцтва заводу таксама  адкрыта заявіла пра сапраўдную матывацыю гэтага пазбаўлення. Больш за тое, супрацоўнік быў накіраваны збіраць подпісы за праўладнага прэтэндэнта ў кандыдаты, у ініцыятыўную групу якога рабочых (у тым ліку і яго) запісвалі без асаблівага жадання і ўзгаднення.

ЗВАЛЬНЕННЕ ЗА ВЫЛУЧЭННЕ ПРЭТЭНДЭНТАМ У КАНДЫДАТЫ  

Не даравалі органы ўнутраных справаў Віцебшчыны “самадзейнасці” аднаму з лепшых участковых, капітану міліцыі Андрэю Левінаву, які вырашыў вылучацца па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе № 19. 12 жніўня абласное кіраўніцтва азнаёміла капітана Левінава з рашэннем начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама палкоўніка міліцыі Фармагея аб звальненні з органаў унутраных спраў. Больш таго, капітану Левінаву пагражаюць узбуджэннем крымінальнай справы. Прычына пагроз відавочная - ва ўчастковым Левінаве бачаць рэальнага суперніка кандыдату ад улады, цяперашняму дэпутату Сяргею Сямашку. Адзначым, што узбуджэнне крымінальнай справы (нават калі суда не будзе) дае акруговай камісіі магчымасць адмовіць капітану Левінаву ў рэгістрацыі кандыдатам. 

ПРЭТЭНДЭНТЫ Ў КАНДЫДАТЫ ПАД ПІЛЬНЫМ ВОКАМ СПЕЦСЛУЖБАЎ

У Бабруйску прэтэндэнтку ў кандыдаты Алену Мядзведзеву 12 жніўня выклікалі ў КДБ па справе выбухаў у Менску. З ёй размаўлялі  падпалкоўнік Алег Ахрэменка і намеснік начальніка Бабруйскага КДБ Сяргей Землякоў. Жанчыне паказвалі карцінкі, фотаробаты, на якіх намаляваны мужчыны, потым пацікавіліся, ці ўмее яна страляць, бо муж у яе –  ваенны. Спадарыня Мядзвезева ў дзень, калі адбыліся выбухі ў Менску, была ў Маскве. Пад час размовы супрацоўнікі КДБ распавялі Алене Мядзведзевай, што атрымалі “палажэнне па выбухах” і мусяць праверыць усіх мясцовых “апазіцыянераў”.

Раніцай 15 жніўня да Юрыя Карэтнікава, прэтэндэнта ў кандыдаты  па Паўднёва-Заходняй акрузе № 99, на кватэру наведаўся перупаўнаважаны крымінальнага вышуку Маскоўскага раёна Менску і цікавіўся, дзе той знаходзіўся 3-4 ліпеня і якую інфармацыю ведае наконт выбуху ў Менску, зняў адбіткі пальцаў і ўзяў аналіз сліны. На працягу выбарчай кампаніі ў Карэтнікава ўжо 10-ы раз здымаюць адбіткі пальцаў і 2-гі раз бяруць
аналіз сліны. Нагадаем, што Ю. Карэтнікаў быў затрыманы 16 ліпеня падчас расследаванняў крымінальнай справы па факце выбуху ў Менску і
ўтрымліваўся ў следчым ізалятары КДБ. Ён змог даказаць, што не мае дачынення да выбуху: з 29 чэрвеня па 6 ліпеня знаходзіўся за межамі
Беларусі.

ДАТЭРМІНОВАЯ АГІТАЦЫЯ ПРАЦЯГВАЕЦЦА  

...у дзяржаўных СМІ  

Віцебская гарадская газета "Витьбичи" (№ 92 ад 12.08.2008) апублікавала артыкул пра Аляксандра Ласякіна, які прапаноўваецца для вылучэння кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе №20. Ужо сам назоў артыкула: "Усё зробім, якая гутарка!", ёсць ні што іншае, як перадвыбарнае абяцанне Аляксандра Ласякіна. 

Датэрміновая агітацыя ў СМІ вядзецца ў Оршы, Баранавічах, Барысаве, Магілёве, Гародні і іншых гарадах.  

...на прадпрыемствах  

У Гародні на заводзе карданных валаў за прахадной вывешаныя каляровыя плакаты прэтэндэнта на дэпутацкі мандат Сяргея Маскевіча, які збіраецца балатавацца па Гарадзенскай цэнтральнай акрузе № 50 і з’яўляецца на сённяшні дзень дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Плакаты заклікаюць выбаршчыкаў прагаласаваць менавіта за Маскевіча і змяшчаюць яго каляровае фота і біяграфічныя звесткі.   

...на выязных прыёмах грамадзянаў  

Сяргей Сямашка, які вылучаецца па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19,  праводзіць перадвыбарную агітацыю, карыстаючыся мандатам дэпутата Палаты прадстаўнікоў трэцяга склікання. Маючы дэпутацкую прыёмную, ён арганізоўвае так званыя выязныя прыёмы грамадзянаў: 12 жніўня - у памяшканні Віцебскага філіяла №2 ААТ "Белсувязьстрой", 13 жніўня - у памяшканні ЖРЭТ Чыгуначнага раёна г.Віцебску, 18 жніўня - у памяшканні гімназіі №6, 19 жніўня - у памяшканні сярэдняй школы №7, 20 жніўня - у памяшканні сярэдняй школы №8. Такой актыўнасці С.А. Сямашка не праяўляў з 2004 года. 

Датэрміновая агітацыя – ўсяго толькі “збор і распраўсюд інфармацыі”?  

Назіральнік з Баранавічаў Карней Пятровіч падаў запыт аб парушэнні выбарчага заканадаўства газетай “Наш край”, якая ў падтрымку дзеючага дэпутата Палаты прадстаўнікоў А.Ваньковіча (вылучаецца па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 5) ужо надрукавала некалькі артыкулаў (за 26.07.08 і 31.07.08). Старшыня акруговай выбарчай камісіі А.Русенчык адказаў, что згодна з Законам РБ “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”, “журналісты маюць права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, а цэнзура СМІ не дапускаецца”. Старшыня камісіі выказаў упэўненасць, што газета “Наш край” не парушыла Выбарчага кодэкса, а надрукаваныя матэрыялы агітацыйнымі не лічацца. 

...Але “збіраць і распаўсюджваць...” можна толькі пра “праўладных” кандыдатаў!  

А вось калі у недзяржаўнай газеце "Барысаўскія навіны" за 5 жніўня было апублікавана інтэрв'ю з яе рэдактарам Анатолем Букасам, сакратар акруговай выбарчай камісіі па Барысаўскай гарадской выбарчай акрузе №63 Таццяна Стасава па тэлефоне запатрабавала тлумачэнняў у сувязі з гэтай публікацыяй. Таццяна Стасава папярэдзіла, што акруговая камісія накіруе ліст у Назіральны савет па выкананні выбарчага заканадаўства ў сродках масавай інфармацыі пры Цэнтральнай выбарчай камісіі. Па яе меркаванні, інтэрв'ю з патэнцыйным кандыдатам у дэпутаты, апублікаванае ў "Барысаўскіх навінах", з’яўляецца датэрміновай агітацыяй. 

Атрымоўваецца цікавая сітуацыя: права на збор і распаўсюджванне інфармацыі дзейнічае толькі на “патрэбынх” кандыдатаў?  

АДМІНІСТРАТЫЎНЫ РЭСУРС ПАДЧАС ЗБОРУ ПОДПІСАЎ

Прэтэндэнтам ад улады ў зборы подпісаў актыўна дапамагалі кіраўнікі навучальных установаў. Педагогі далучыліся да шырокамасштабнай кампаніі па запаўненні падпісных лістоў у падтрымку намесніка генеральнага дырэктара па працы з персаналам НВА "Інтэграл" А. М. Казлова, што разгарнулася ў 97-ай Кастрычніцкай акрузе Менску. У Каледжы электронікі № 76, дырэктарам якога з'яўляецца В. М. Хасін, подпісы за названага прэтэндэнта збіраліся прымусова ў працоўны час. Тое ж адбывалася і ў СШ № 71, кіраўніцтва якой загадала сваім падначаленым з'яўляцца на працу з пашпартамі. 
 
У СШ № 54, якая знаходзіцца на тэрыторыі Свіслацкай акругі ў Менску, сацыяльны педагог школы па тэлефоне ў даволі агрэсіўнай форме аддавала распараджэнні аб забароне ставіць подпісы за прадстаўнікоў АДС, асабліва за прэтэндэнта А. Дабравольскага. А ў СШ № 152, якая таксама адносіцца да гэтай выбарчай акругі, маладых настаўнікаў прымушалі збіраць подпісы за прэтэндэнтку Мазуркевіч Галіну Аляксееўну.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства