Сфармаваныя камісіі ўсіх узроўняў

2008 2008-08-15T00:08:44+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Завяршылася фармаванне выбарчых камісій. Апошнімі былі сфармаваныя участковыя камісіі - дзе і падлічваюць выбарчыя бюлетэні, або, як лічыць апазіцыя, тут знаходзіцца першы этап фальсіфікацыі выбараў.

Аб'яднаныя дэмсілы (АДС) накіроўвалі па адным сваім прадстаўніку ў склад 110 акруговых камісій і каля палутара тысяч у шэсць з паловай тысяч участковых камісій. Кааліцыя абвяшчала, што ўключэнне яе прадстаўнікоў у камісіі, дзе яны былі заяўленыя, ёсць адной з умоваў прызнання выбарчай кампаніі.

 

Тэндэнцыі акрэсліліся

 

Між тым дзве трэціх акруговых камісій засталіся вольнымі ад апазіцыі, а што тычыцца ўчастковых, то, паводле каардынатара кампаніі  "За свабодныя і справядлівыя выбары" Віктара Карняенкі, ёсць толькі ўрывачныя звесткі пра ўключэнне асобных прадстаўнікоў АДС у склад выбарчых камісій. Больш поўныя дадзеныя аб выніках фармавання ўчастковых камісій і ўключэнні ў іх прадстаўнікоў АДС будуць вядомыя толькі праз тыдзень - калі мясцовыя ўлады надрукуюць іх у мясцовай прэсе.

 

Цяпер жа можна казаць толькі пра тэндэнцыі, якія зафіксавала кааліцыя. У гэтым ключы Віктар Карняенка адзначыў:

 

"Проста ёсць адзінкавыя ўключэнні, пры чым зноў па той жа самай схеме - людзей, якія... больш залежныя ад улады. Але размову там можна весці не пра 1/19, а значна меней. У лепшым выпадку, па 1-2 чалавекі ў акрузе, дзе 30-40 участкаў. А часцей за ўсё не ўключаюць нікога".

 

Тэст завалены?

 

Раней Віктар Карняенка называў уключэнне прадстаўнікоў АДС ва ўчастковыя выбарчыя камісіі адным з тэстаў на тое, ці сапраўды адбываецца лібералізацыя, дэмакратызацыя выбарчага працэсу. Ці можна зрабіць высновы наконт вынікаў тэсту? Віктар Карняенка адказаў:

 

"Тэст чарговы ўлада заваліла. Сёння ўжо можна заяўляць пра тое, што выбары ў Беларусі абсалютна не адпавядаюць міжнародным стандартам. Таму што галоўнае, што было - гэта ўчастковыя камісіі. І гэта было паказальна - ці будуць дапушчаныя да падліку галасоў прадстаўнікі апазіцыйных партыяў. Знаходзяцца розныя прычыны, але факт вельмі відавочны."

 

Палітолаг Віктар Чарноў, да якога мы звярнуліся па каментар, падзяляе ацэнкі Віктара Карняенкі аб значэнні таго, што ўчастковыя выбарчыя камісіі засталіся амаль вольнымі ад прадстаўнікоў АДС.

 

Разважлівасць  - у першую чаргу

 

"Тут усё зразумела! Калі пайсці на прынцып, то ўжо можна здымацца, бо першапачаткова было заяўленае, што адной з асноўных прыкмет таго, што ўлада намерваецца правесці выбары сумленна - гэта допуск партый да ўдзелу ў камісіях, асабліва ва ўчастковых камісіях. А паколькі зноў паўтараецца тое ж, што і заўсёды - толькі сотыя долі адсотку апынуліся ў складзе камісій, то, увогуле, у апазіцыі ёсць маральнае права адмаўляцца ад наступнага ўдзелу ў выбарчай кампаніі", - гаворыць Віктар Чарноў.

 

Разам з тым, палітолаг перакананы, што кааліцыя мусіць працягваць удзел у выбарчай кампаніі. На думку Віктара Чарнова, адмова ад удзелу ў выбарах "у палітычным сэнсе нічога не прынясе. Ну і так зразумела, што выбары не сумленныя, не вольныя - ну і што далей?.. Я думаю, што кепска не выкарыстаць вось такую рэдкую для Беларусі легальную магчымасць працаваць з насельніцтвам. Таму я спадзяюся, што разважлівасць запануе і яны не выйдуць з выбарчага працэсу".

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international