АДС: выбараў не будзе

2008 2008-08-13T23:46:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

14 жніўня Цэнтрвыбаркам сабраў апошнюю інфармацыю аб фарміраванні ўчастковых выбарчых камісій. На 6500 участкаў прэтэндуе ля 74 000 чалавек. Гэта значыць, што ў склад кожнай групы, што будзе адказваць за падлік галасоў на асобна узятым участку мае ўвайсці ад 5 да 19 чалавек. Цэнтрвыбаркам абвесціць поўныя вынікі фармавання ўчастковых камісій толькі праз тыдзень, цягам гэтага часу мясцовыя ўлады маюць апублікаваць у СМІ спісы сябраў участковых камісій. Але прадстаўнікі аб’яднаных дэмакратычных сілаў ужо канстатуюць – справядлівай гульні ізноў не выйшла.

Ужо дакладна можна сказаць, ад вылучэнцаў АДС, якіх налічвалася 1153 чалавекі, у склад камісій трапяць адзінкі. Ад з самага ранку 14 жніўня былі вядомыя вынікі па Брэсту, дзе толькі сем са 111 вылучаных Аб'яднанымі дэмакратычнымі сіламі прадстаўнікоў трапілі ў камісіі. У шмат якіх гарадах прадстаўнікоў АДС у спісах сябраў камісій не будзе наогул. У Барысаве апазіцыя вылучала 45 чалавек і ніхто з іх па выніку не быў уключаны ў камісіі. Зрэшты для мясцовых палітыкаў тое не было нечаканасцю. Кажа лідэр аб’яднання “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў.

- Такія вынікі я ўспрыняў з усмешкай на твары і адкрыта сказаў у акруговай камісіі: выбараў не будзе. Пра гэта казалі мне і людзі, калі я хадзіў і збіраў подпісы.

Палітыкі канстатуюць, лік тых сябраў партыі, што змогуць браць удзел у працы выбарчых камісіі зусім мізерны. Кажа лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч.

- Мы вылучалі 118 чалавек, больш за 100 па партыйных пратаколах. На сёння мы ведаем, што толькі тры чалавекі ад партыі трапілі.

Каардынатар кампаніі “За свабодныя выбары” Віктар Карніенка заўважае, што ніхто з знаных грамадскіх дзеячоў таксама не прайшоў у склад камісій. Сярод вылучэнцаў ад АДС былі такія асобы, як былы міністр працы Аляксандр Сасноў, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, правааабронцы Алег Волчак і Гары Паганяйла ды іншыя. Палітык звяртае ўвагу, што прадстаўнікі апазіцыі не прэтэндавалі на месцы ў кожнай камісіі. На меркаванне Віктара Карніенкі гэта быў своеасаблівы тэст, які беларускія ўлады не здалі.

- Такім чынам гэта быў трэці тэст пасля нашых прапаноў у выглядзе праекту пастаноў ЦВК, пасля нашых прапаноў у акруговыя камісіі. Гэты тэст на дэмакратычнасць выбараў улада яскрава праваліла. І гаварыць сёння пра выбары ў Беларусі не выпадае.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лебедзька прызнаецца: іншага выніку не чакалі, хоць мелі спадзеў, што працэнт тых, хто ўвойдзе ва ўчастковыя камісіі будзе вышэйшым. Палітык лічыць паказальным, што на тых участках, дзе ідуць моцныя кандыдаты ад апазіцыі, выбарчыя камісіі фармаваліся надзвычай пільна.

- Татальна не ўключаюць ва ўчастковыя камісіі па акругах, дзе ідуць моцныя кандыдаты, якія маюць шанец выйграць выбарчую кампанію. Лукашэнка не хоча адступаць ад старой традыцыі і сам прызначыць 110 дэпутаў палаты прадстаўнікоў.

Пасля таго, як стала зразумела, што сумленных выбараў не будзе, палітыкі падзяліліся ў сваім меркаванні адносна таго, што рабіць далей. Некаторыя настроеныя працягваць удзел у выбарчай кампаніі, каб хаця бы праінфармаваць людзей. У прыватнасці, Віктар Карніенка зазначыў, што цяпер галоўная задача кампаніі “За свабодныя выбары” – распавесці праўду пра нібы “сумленныя ды адкрытыя” парламенцкія выбары. У барысаўскага палітыка Віктара Гарбачова іншы варыянт.

- Мая ідэя такая: гэтыя 24 мільярды, выдаткаваныя на выбары, аддаць дзецям у інтэрнат. У нас з кожным годам усё болей дзяцей-сіротаў, усё болей алкаголікаў. Таму лепей аддаць грошы дзеля нашай будучыні, а не на выбарчыя камісіі. 

Рашэнне пра выхад аб’яднаных дэмакратычных сілаў з выбарчай кампаніі можа быць прыняты пры канцы гэтага месяца. Адзін з старшыняў Палітрады АДС Анатоль Ляўковіч паведаміў Рацыі, што на 30 жніўня плануецца правядзенне пашыранага паседжання па выніках фармавання ўчастковых камісій, дзе будзе абмяркоўвацца гэтае пытанне.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international