Вячорка будзе кантраляваць галасаваньне сухотнікаў

2008 2008-08-13T23:16:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У 6500 участковых камісіях на выбарах у Палату прадстаўнікоў 28 верасьня будуць працаваць усяго некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў апазыцыі. Гэта вынікае са зьвестак, якія паступаюць з рэгіёнаў у штабы апазыцыйных палітычных партыяў.

Партыя БНФ прапаноўвала 338 чалавек для працы ва ўчастковых камісіях. Па стане на чацьвер вядома, што зь іх зацьвердзілі толькі чатырох, паведаміў “Свабодзе” першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“Адзін з гэтых участкаў на маёй акрузе. Але ён закрыты, гэта — супрацьтубэркулёзны дыспансэр. Там усяго 60 выбарцаў.

Як я ўжо казаў, гэта — закрыты ўчастак. І натуральна, што ні ў сэнсе рэпрэзэнтатыўнасьці, ні ў сэнсе магчымасьці рэальна нешта там кантраляваць ён абсалютна не адпавядае звычайным участкам, дзе па дзьве тысячы выбарцаў. Я інакш гэта, як зьдзекам, назваць не магу”.

Актывіст кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Алесь Жучкоў зьвяртае ўвагу на тое, што аб’яднаныя дэмсілы прапаноўвалі ў камісіі людзей, якія маюць досьвед выбарчай працы, высокакваліфікаваных юрыстаў. Але і яны выявіліся камісіям непатрэбнымі. Адмовілі практычна ўсім, канстатуе спадар Жучкоў:

“Я ведаю, што адмовілі такім вядомым юрыстам і праваабаронцам, як Вера Страмкоўская, Гары Паганяйла, Алег Воўчак, былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду Валеры Фадзееў... Я — былы дэпутат менскага гарсавету, сам вылучаўся праз збор подпісаў выбарцаў. І хоць я не прэтэндую на такую ж вядомасьць, як у людзей, якіх я ўжо назваў, мяне, як і іх, таксама не ўключылі ў склад участковай камісіі”.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік кажа: статыстычныя дадзеныя пра вынікі фармаваньня ўчастковых камісіяў паступяць у Цэнтральную камісію толькі заўтра. Гэта зьвязана зь вялікім аб’ёмам падлікаў, бо заканадаўства дазваляе ўключаць у адну камісію ад 5 да 19 чалавек.

Чатыры гады таму падчас выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў трэцяга скліканьня дэмакратычныя палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні таксама актыўна вылучалі сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі. Аднак у склад камісіяў тады ўвайшло ўсяго 0,2% вылучэнцаў. Падобна, што і сёлета будзе прыкладна той жа самы ўзровень.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international