Андрэй Клімаў застанецца за кратамі

2005 2005-04-26T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Радыё Свабода
25 красавіка стала вядома, што Андрэй Клімаў застанецца за кратамі яшчэ прынамсі 10 сутак. Такое рашэньне прыняла Менская пракуратура.

Андрэя Клімава абвінавачваюць у арганізацыі вулічнай дэманстрацыі 25 сакавіка, якая праходзіла пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. У Першамайскім судзе знаходзіцца яшчэ адна крымінальная справа супраць Андрэя Клімава за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Судовы разгляд пачаўся 6 красавіка. Сёньня мусіў быць працяг слуханьняў, але з прычыны адсутнасьці Клімава прызначылі новую дату паседжаньня — 19 траўня.

У суд Першамайскага раёну Менску прыйшлі сваякі і паплечнікі Андрэя Клімава. А 10 гадзіне мусіла адбыцца чарговае паседжаньне. Нагадаем, падставай для крымінальнай справы сталі кнігі і інфармацыйны бюлетэнь Андрэя Клімава, якія распаўсюджваліся на тэрыторыі Беларусі. Адбылося толькі адно судовае паседжаньне — 6 красавіка, на наступны дзень пракурор папрасіла абвясьціць перапынак да 25 красавіка, каб сабраць дадатковую інфармацыю. Тым часам 22 красавіка Андрэя Клімава затрымалі на вуліцы Платонава і адвезьлі ў сьледчы камітэт на допыт. Сьледчы Ігар Прахарэнкаў зачытаў яму пастанову, згодна зь якой Андрэя затрымалі на 72 гадзіны як падазраванага ў арганізацыі вулічнай акцыі.

Жонка Андрэя Тацяна Клімава спадзявалася, што мужа прывязуць у Першамайскі суд пад аховай і яна перадасьць яму харчы і цёплыя рэчы.

(Клімава: ) “Я не пэсымізм адчуваю, а злосьць, хоць і сорамна ў гэтым прызнавацца. Была адна крымінальная справа за паклёп на прэзыдэнта. Але ім падалося, гэтага мала — і яны затрымалі майго мужа, як злачынцу, на вуліцы сярод белага дня ў цэнтры гораду. Улада дзейнічае вельмі іррацыянальна. Яны лічаць, што ўжо вычарпалі ўсе сродкі ўзьдзеяньня на актыўную частку грамадзтва. “Суткамі” ўжо нікога не напалохаеш. Яны за крымінальныя справы будуць кідаць людзей за краты. Але і гэтага ніхто ўжо не баіцца. Народнай рэвалюцыі ніхто ўжо ня спыніць”.

Сьледчы Ігар Прахарэнкаў паведаміў, што Андрэя ў суд не прывязуць, бо яго чакаюць у пракуратуры, каб абраць меру стрыманьня. Усе зразумелі, што размова ідзе пра арышт. Нарэшце ля будынку пракуратуры дачакаліся і міліцэйскага “варанка”, на якім прывезьлі Андрэя. Ён пасьпеў сказаць некалькі словаў Радыё Свабода, пакуль яго вялі ў кабінэт:

(Клімаў: ) “На ізалятары часовага ўтрыманьня пакуль. Вось іду да пракурора. Усё нармалёва. Што ж? Рэвалюцыя працягваецца. Калі спатрэбіцца, то будзем сядзець у турме”.

Намесьнік гарадзкога пракурора арыштаваў Андрэя Клімава на 10 сутак без прад’яўленьня абвінавачаньня. 5 траўня вырашыцца пытаньне — пакінуць Андрэя пад вартай ці адпусьцяць на волю. У выпадку, калі будзе абвінавачаньне, то магчымая такая мера стрыманьня, як падпіска пра нявыезд.

Справа Андрэя Клімава — трэцяя па ліку за арганізацыю вулічнай акцыі. Хутка пачнуць судзіць Паўла Севярынца і Міколу Статкевіча за акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 18 і 19 кастрычніка.

Судовае паседжаньне ў Першамайскім судзе за паклёп на Аляксандра Лукашэнку прызначана на 19 траўня.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international