Be Free: Свабода пад дажджом і сонцам

2008 2008-08-12T22:53:16+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/befree-pilec03.jpg
Канцэрт на плошчы Рынак

Канцэрт на плошчы Рынак

Фэстываль у Львове справіўся са сваёй задачай: па‑над усім панаваў дух разьняволенасьці і непасрэднасьці, які ў Беларусі часткова даводзілася адчуваць хіба на сярэднявечных фэстах у Наваградку. Са сцэны гучалі песьні на беларукай украінскай, польскай, расейскай ды францускай мовах. Канцэрты прыцягнулі ўвагу самай рознай публікі — ад старых бабуляў, да вясельных параў і маладых бацькоў зь дзецьмі. Гледачоў не напалохаў нават моцны дождж у першы дзень.

Папярэджаньне пра ўзмоцнены памежны кантроль на шляху ў Львоў ня спраўдзілася. Абедзьве памежныя службы паставіліся да ўдзельнікаў фэсту максымальна карэктна. Магчыма гэта і ўскружыла галаву таму‑сяму з музыкаў, якія кожныя паўгадзіны патрабавалі спыніцца, каб «заправіцца». Галоўная выснова начной дарогі ў аўтобусе, поўным п’яных музыкаў — лепш ня ведаць блізка тых людзей, чые песьні вы слухаеце.

Львоў сустрэў лужынамі і пахмурным небам — дождж, як выявілася пазьней, узяў толькі невялікую паўзу. Пасьля засяленьня ў гатэль рушылі ў горад. Цяжка выказаць словамі ўражаньні ад гэтага места, але найперш у вочы кідаецца яго натуральнасьць, адсутнасьць штучнага бляску. Сапраўдны жывы эўрапейскі горад. І яшчэ адна важкая нагода задумацца: амаль суцэльная ўкраінская мова — з вуснаў мінакоў і прадавачак у крамах, з шыльдаў і бігбордаў, у той час як расейскую можна было пачуць хіба ад беларусаў, што прыехалі на фэст.

Слава Ўкраіне!

Арганізатарамі фэсту «Be Free» ў Львове выступілі «Эўрарадыё», «Беларуская музычная альтэрнатыва», «Студфармат», Саюз украінскай моладзі і гарадзкая рада Львову. Афіцыйны пачатак «Be Free» у Парку культуры імя Багдана Хмяльніцкага зацягнуўся амаль на гадзіну пазьней ад заплянаванага. Музыка і ды‑джэй Аляксандар Памідораў адкрыў фэстываль словамі падзякі Ўкраіне за тое, што яна другі год запар дае беларусам магчымасьць ладзіць буйныя фэсты на вольным паветры. Ягоны покліч «Слава Ўкраіне!» прагучыць яшчэ ня раз. Залуналі бел‑чырвона‑белыя ды жоўта‑блакітныя сьцягі. Пачатак фэсту быў нешматлюдным — B:N: ды Partyzone выступалі ў прысутнасьці некалькіх соцен гледачоў. У натоўпе загучалі згадкі пра таксама адносна нешматлюдны мінулагодні фэстываль ва ўкраінскім Луцку.

Жіве Бэлярус!

Сытуацыя пачала выпраўляцца са зьяўленьнем на сцэне ўкраінскага гурту «Інкунабула». Ажывіліся нават міліцыянты, пра якіх хтосьці зь беларусаў заўважыў, што яны нічым не адрозьніваюцца ад беларускіх калегаў — усё тыя ж зьняважлівыя ўсьмешкі ды рэплікі. Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што за два дні канцэртаў не давялося ні разу пабачыць, каб кагосьці хапалі ды адводзілі ў спэцтранспарт. Нават п’яных падлеткаў, якіх было вельмі шмат на львоўскім фэсьце.


Прыемна зьдзівілі французы з гурту «Vladivostok». У некалькіх песьнях яны ўплялі ў радкі лёзунг «Жыве Беларусь!». Прычым, з кожным разам выклік у іхным выкананьні ўсё больш набліжаўся да ідэальнага па гучаньні варыянту. Як і сталыя «дзякуй» пасьля кожнай песьні. З падачы Памідорава публіка на сыход французаў пачала скандаваць «мэрсі!!!». І пачула ў адказ «няма за што» і «час сядаць за стол».

Мокрая вольнасьць

Пад сыход французаў другі раз за дзень пачаў імжэць дождж. І з кожнай хвілінай ён мацнеў. Таму Лявон Вольскі з гуртом «Zet» вымушаны быў ісьці на невялікія хітрыкі — паміж песьнямі амаль не было паўзаў. Зь першых песень падалося, што голас слаба слухаецца Вольскага, але звышэмацыйна выкананае «Вострае джала» вярнула ўсё на свае месцы. Нават пад моцным дажджом побач са сцэнай адчайна танчылі некалькі дзясяткаў напаўаголеных маладых людзей.

Сканчалі першы фэстывальны дзень украінскія «Гайдамакі». Моцны, як зь вядра дождж дадаваў канцэрту нейкага асаблівага пачуцьця, а відовішча сотняў парасонаў і аголеных цэлаў у сьвятле пражэктараў, што адначасова падскоквалі ў рытм музыкі, прымушала самога забыць на мокрыя ногі.

«Я не люблю, калі вайна…»

Другі дзень фэстывалю пачаўся з выступаў фолькавых гуртоў на плошчы Рынак. Відавочна прыгаломшаныя ўчорашнім дажджом, гледачы слабавата рэагавалі на заклікі Насьці Някрасавай з гурта «NHS» падпяваць разам зь ёй. «P.L.A.N.», «Джамбібум» і «Яр» здолелі ўсё ж разварушыць людзей і падрыхтавалі добрую глебу для «Старога Ольсы». Тут ужо й танцы пачаліся. Над невялічкай плошчай луналі бел‑чырвона‑белыя, жоўта‑блакітныя і нават чэскі сьцягі. З гаўбцоў старасьвецкіх дамоў цікаўныя месьцічы слухалі музыку і фатаграфавалі канцэрт.


Калі на сцэну выйшлі WZ‑Orkiestra, Зьміцер Вайцюшкевіч ўзгадаў падзеі ў Грузіі. «Я не люблю вайну і не хачу ведаць, што гэта такое» — сказаў музыка. У праграму выступу ён уключыў некалькі песьняў з выразнымі каўкаскімі матывамі. Разам з Вайцюшкевічам сьпявалі каля паўтысячы чалавек, што тоўпіліся каля сцэны. У Львоў было варта паехаць ужо дзеля таго, каб пабачыць удзячныя вочы месьцічаў, калі са сцэны выконваліся ўкраінскія песьні.

Закрывалі фолькавую частку «Litvin Troll» і мясцовыя рыцары.

Другі дзень року

Тым часам у Парку культуры імя Хмяльніцкага распачаўся другі дзень рок‑фэстывалю. Першымі на сцэну выйшлі ўкраінцы з «Xy4» і беларускія гурты «IQ ‑48» ды «Mauzer». Як і ў суботу, каля сцэны было шмат сьцягоў. Палякі з гурта «METANOIA» працягнулі традыцыю сваіх францускіх калегаў, зьвяртаючыся да гледачоў на прыстойнай беларускай мове. На зьмену палякам выйшла «Крама» і засьпявала «Камэнданта». Ігар Варашкевіч адкрыў сакрэт шэрасьці беларускай рэчаіснасьці — «Над намі пануе камэндант». Пачуўшы «Гэй там, налівай», большасьць прысутных відавочна спакусілася. Балазе побач працавалі намёты, якія прапаноўвалі квас і піва, зваранае на львоўскай вуліцы імя Джорджа Вашынгтона.

Варашкевіча зьмяніў Вячаслаў Корань з «Улісам». Ля сцэны заўважна ажывілася моладзь у саколках фан‑клюбу «Улісу». Апошнім беларускім гуртом на сцэне быў «Neuro Dubel». Знаўцы пачалі спрачацца, ці п’яны гэтым разам Паскуда і як толькі пачулі ад яго беларускую мову, вынесьлі вырак «п’яны!». Аляксандар Кулінковіч насуперак абяцаньню «а цяпер песьня пра мяжу без мацюкоў» усё ж агучыў колькі салёных выразаў.

Закончыўся фэст ў Львове выступам украінскіх зорак «Тартак». Фронтмэн Сашко Палажынскі перадаў «прывітаньне» беларусам з «Ч‑п‑Б», мякка намякнуўшы, што песьня беларускага гурту «Не жадаю» — кавэр на тартакаўскую «Я не хочу».

Джон Ленан і вясельле пад бел‑чырвона‑белым сьцягам

На гукі музыкі да сцэны сьцягнулася самая розная публіка. Найбольш было моладзі, як беларускай, так і ўкраінскай. Трапляліся і палякі, а на фолькавую пляцоўку завітала нават група кітайскіх студэнтаў. Былі ў натоўпе і старыя хіпаны. Адзін зь іх, з заплеценай ў коскі барадой і доўгімі зь сівізной валасамі, моцна нагадваў Джона Ленана інкогніта, і праз сваю калярытнасьць ня меў адбою ад ахвотных зь ім сфатаграфавацца. Старыя бабулі на роўных з маладымі танчылі пад Вайцюшкевіча. Дзядзька за пяцьдзесят у цюбяцейцы і на мыліцах скакаў у першых шэрагах фанаў пад гукі «Інкунабулы». Тут і там ў натоўпе на плячах у бацькоў сядзелі дзеці. У выходныя ў цэнтры Львову адначасова ладзілася каля дзясятку вясельляў. Адна пара завітала на плошчу і нават станчыла з бел‑чырвона‑белым і жоўта‑блакітным сьцягамі. Фолькавы канцэрт адцягнуў ладную частку ўдзельнікаў прэзэнтацыі новага офісу ўкраінскага МТС, што ладзілася паблізу. Па‑над усім панаваў дух разьняволенасьці і непасрэднасьці, які ў Беларусі даводзілася адчуваць у абмежаваных колькасьцях на сярэднявечных фэстах у Наваградку. Для сябе асабіста я адкрыў яшчэ адно месца, куды можна і варта наведацца, каб глытнуць гэтага самага вольнага паветра.

Сямён Печанко, Львоў‑Менск

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international