viasna on patreon

Заканчваецца першае навучальнае паўгоддзе, а 11-гадовая дзяўчынка Маша Каралькова з горада Горкі, што на Магілёўшчыне, ў школу не ходзіць. У 1999 годзе Маша пайшла ў першы клас з беларускай мовай навучання. На пачатку трэцяга класа новая настаўніца параіла бацькам, калі яны так хочуць, каб іх дачка працягвала вучыцца па-беларуску, пераехаць жыць у вёску, дзе ёсьць беларуская школа.

2002 2002-12-23T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ірына і Віктар Каральковы, каб не адрываць дачку ад вучобы, пагадзіліся на кампраміс: няхай Маша год павучыцца ў “звычайным” рускім класе, толькі ўжо ў іншай школе. А праз год, магчыма, нешта зьменіцца. Іх спадзяваньні не былі беспадстаўнымі: у жніўні 2001 года пастановай Міністэрства адукацыі была зацьверджана “Праграма дадатковых мераў па пашырэньні сферы выкарыстаньня беларускай мовы ў сістэме адукацыі”. У прыватнасьці, Праграма сьцьвярджала: “У кожным раённым цэнтры, раёне гарадоў адкрыць не менш адной школы з беларускай мовай навучаньня”. Тэрмін выкананьня – пачынаючы з 2002/2003 навучальнага года. Бацькі паверылі і пагадзіліся пачакаць.
Мова навучаньня ніяк не адбілася на пасьпяховасьці Машы: яна і трэці клас закончыла на “выдатна”. Сама дзяўчынка гаворыць, што ў новай школе вучыцца было зусім не цяжка, яна хутка прывыкла, і складанасьцей з разуменьнем вучэбнага матэрыялу не ўзьнікала.
На гэта, відаць, і разлічвалі ў раённым аддзеле адукацыі, калі прапаноўвалі бацькам год “пацярпець”. Маўляў, дзяўчынка прывыкне і захоча вучыцца як усе, па-руску. У крайнім выпадку ёй будзе ўсё роўна, на якой мове вучыцца – і пытаньне адпадзе само па сабе.
Сёлета, у адпаведнасьці з новай 12-гадовай сістэмай адукацыі, Маша павінна была пайсці ў 5 клас. Але праблема сталася ў тым, што ні ў адной з пяці школ у Горках няма беларускамоўнага пятага класа. Не дабіўшыся таго, каб Маша вучылася па-беларуску, бацькі 1-га верасьня пакінулі дзяўчынку дома.
Форму і мову навучаньня выбіраюць не самі дзеці, а іх законныя прадстаўнікі – бацькі. Ірына і Віктар Каральковы свой выбар зрабілі больш за тры гады назад. І маюць намер, жаданьне і законныя падставы адстойваць яго да канца. Тым больш, што ў артыкуле 5 Закона “Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь” гаворыцца “... дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару мовы навучання і выхаваньня і стварае адпаведныя ўмовы для рэалізацыі гэтага права”.
Як жа гэтым правам скарыстацца Машы Каральковай. Бацькам прапанавалі вазіць дзяўчынку ў Шышаўскую сельскую школу, якая знаходзіцца ў 4 км ад Горак. Там школа беларускамоўная, у пятым класе ўсяго тры вучні. Каральковы не пагадзіліся, і іх можна зразумець – яны ж жывуць у горадзе, дзе ёсьць пяць школ, і хочуць, каб іх дзіця вучылася на ДЗЯРЖАЎНАЙ мове ў іх ГОРАДЗЕ.
Віктар Каралькоў здавацца не зьбіраецца. “Калі я саступлю ім – я ж дзецям сваім пакажу, што ўсё тое, што я кажу ім пра нашу мову, усё тое, што я раблю – дурное. Павінен жа быць нехта першы. Я ведаю, што многія бацькі ў Горках назіраюць, чыёй перамогай усё скончыцца. Калі я не здамся і выйграю – людзі аддадуць сваіх дзяцей у беларускія класы...”.
Каральковы не патрабуюць нічога проціпраўнага. Яны толькі хочуць, каб усе прадметы выкладаліся ў іх дачкі-пяцікласніцы па-беларуску. І маюць права на гэта жаданьне, бо і Канстытуцыя, і заканадаўства на іх баку.
Упраўленьне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама не заўважыла ніякіх парушэньняў з боку горацкіх чыноўнікаў. А вось Начальнік Галоўнага ўпраўленьня агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь сп.Шчэрба яшчэ ў кастрычніку даслаў ліст зацікаўленым асобам, што “Неабходна тэрмінова вырашыць гэтае пытаньне, даць магчымасьць бацькам рэалізаваць канстытуцыйнае права ў выбары мовы навучаньня дзіцяці. Аб выніках разгляду і вырашэньня пытаньня паведаміць заявіцелю і ў Міністэрства адукацыі”.
Але нічога не зьмянілася да гэтага часу. Маша вучыцца дома самастойна па школьных падручніках. Па заяве бацькоў яна здала залікі за першую чвэрць па ўсіх прадметах на 9 і 10 (акрамя рускай мовы) балаў.
Заканчваецца другая школьная чвэрць. Бацькам больш не пагражаюць адміністратыўным пакараньнем за тое, што Маша не ходзіць у школу. Пытаньне ж, дзе вучыцца Машы Каральковай, не вырашаецца.
У наступным годзе зьбіраецца пайсьці ў школу Мікіта, малодшы брат Машы, якому зараз пяць год. Няўжо і яго там не чакаюць, бо Мікіта хоча вучыцца на сваёй роднай беларускай мове. Гэтае жаданьне падтрымліваюць бацькі, Віктар і Ірына Каральковы.

Леанарда Мухіна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства