Бог iм суддзя!

2008 2008-08-08T12:15:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У гарадскiм пасёлку Ружаны мясцовыя ўлады i супрацоўнiкi КДБ, напэўна, самi сталi вырашаць, каму адпяваць нябожчыкаў.
У рэдакцыю i да Аляксандра Лукашэнкi звярнулiся праваслаўныя вернiкi з гарадскога пасёлка Ружаны Брэсцкай вобласцi i расказалi гiсторыю, якая днямi адбылася не без удзелу мясцовых улад i КДБ. Гiсторыя насамрэч незвычайная…

"23 лiпеня мы сабралiся правесцi ў апошнi шлях усiмi намi паважаную жыхарку пасёлка, ветэрана працы з 50-гадовым стажам работы, глыбока веруючую праваслаўную Нiну Левiзаровiч, — расказваюць жыхары. — Перад смерцю Нiна Уладзiмiраўна прасiла родных, каб на адпяванне яе душы быў запрошаны з Брэста паважаны намi протаiерэй Iаан Груднiцкi, што i было намi зроблена. Але ў той жа дзень дачцэ нябожчыцы, Наталлi Барысаўне Левiзаровiч, старшынёй пасялковага савета было прад'яўлена прадпiсанне за подпiсам начальнiка УКДБ па Пружанскiм раёне аб недапушчальнасцi правядзення адпявання менавiта протаiерэем Iаанам Груднiцкiм. Блiзкiя нябожчыцы вырашылi не прымаць да ўвагi тое прадпiсанне, бо ўсялякае супрацьзаконнае ўмяшальнiцтва ў прыватнае жыццё з боку спецслужбаў — гэта парушэнне закона "Аб свабодзе сумлення i рэлiгiйных арганiзацый".

Ад дома да могiлак пахавальную працэсiю суправаджаў на аўтамашыне ўчастковы iнспектар. Выконваючы абавязкi, дзяржчыноўнiкi, напэўна, не задумвалiся, што ў такiя жалобныя хвiлiны сваiмi дзеяннямi яны прынiжаюць чалавечы гонар i памерлага чалавека, i яго сваякоў. Мы не верым мясцоваму святару Аляксандру Сеню. Апошнiя гады наша царква знаходзiцца ў запусценнi — плот павалены, на тэрыторыi храма расце метровы бур'ян. Ды хiба ж можна дапускаць такое ў царкве Божай! Шмат мы пiсалi пра гэта i епiскапу Брэсцкаму i Кобрынскаму Iаану Хаме, i мiтрапалiту Мiнскаму i Слуцкаму Фiларэту, i Патрыярху Маскоўскаму i ўсяе Русi Алексiю II… Адказаў пакуль няма. А тое, што адбылося падчас адпявання, гэта проста ненармальна. Зараз што, 1938-ы год, калi чэкiсты ўзрывалi храмы i расстрэльвалi святароў?! Мы ўсё жыццё працавалi на прадпрыемствах, у калгасах i дажылiся да таго, што для правядзення адпявання трэба пытаць дазволу ў КДБ! Няўжо спецслужбам няма больш чым заняцца, як вырашаць пытаннi адпявання нябожчыкаў?"

— Дачка нябожчыцы запрасiла мяне на адпяванне, я i прыехаў, — расказвае сам протаiерэй Iаан Груднiцкi. — Прыязджаю i даведваюся, што ёсць нейкае прадпiсанне, згодна з якiм я не магу адпяваць. Але мяне зноў папрасiлi — воля нябожчыцы была, каб адпяваў менавiта я.

— А на якой падставе вам забаранялася гэта рабiць?

— Ды, здаецца, не было нiякай падставы. Проста ўлады хацелi, напэўна, каб мясцовы святар адпяваў. Але пры чым тут КДБ?

На могiлках, ужо пасля адпявання, мяне спынiлi ўчастковы i старшыня пасялковага савета i сказалi, што на мяне складзены акт, у якiм зафiксаваны факт адпявання. Я iм кажу: "Вы толькi дапiшыце, што я не сам сюды прыехаў, а па запрашэннi дачкi нябожчыцы". Дапiсалi. Пытаю: "Для чаго гэты акт?" Дарэчы, старшыня пасялковага савета пасля па тэлефоне папрасiў у мяне прабачэння. Сказаў, што той акт нiчога не дае, быццам бы яго ўжо нават парвалi. Але навошта ўсё гэта было? Магчыма, з-за таго, што нашу Рускую Праваслаўную царкву за мяжой пакуль нiяк у Беларусі не зарэгiструюць. Але пры чым тут адпяванне? Грамадзяне могуць запрасiць на яго любога чалавека. Да гэтага нiхто i нiякiх прэтэнзiй не можа прад'яўляць. Адным словам, Бог iм суддзя! Не па-хрысцiянску гэта…

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international